Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Польшча бяжыць нават наперадзе Брусэлю ў адносінах зь Беларусьсю"


Чым знамянальны візыт кіраўніка МЭЗС Беларусі ў Варшаву? Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Карбалевіч: 10 кастрычніка адбыўся рабочы візыт міністра замежных спраў Уладзімера Макея ў Польшчу. Візыт прымеркаваны да 25-годзьдзя падпісаньня Дэклярацыі аб добрасуседзтве, узаемным прызнаньні і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча. Былі праведзеныя перамовы з міністрам замежных спраў Польшчы Вітальдам Вашчыкоўскім. Таксама Уладзімера Макея прыняў польскі прэзыдэнт Анджэй Дуда.

Сёлета адбылася прыкметная актывізацыя беларуска-польскага дыялёгу. Прычым, падаецца, што менавіта Варшава займае больш актыўную пазыцыю і ініцыюе розныя сустрэчы. У сакавіку Менск наведаў упершыню за шмат гадоў міністар замежных спраў Вітольд Вашчыкоўскі. Таксама адбылася сэрыя візытаў у Беларусь міністраў сельскай гаспадаркі, аховы прыроды, транспарту, марской гаспадаркі Польшчы. У жніўні Беларусь наведала парлямэнцкая дэлегацыя Польшчы на чале зь віцэ-сьпікерам Сэйму Рышардам Тэрлецкім. Польскія дэпутаты сустрэліся са сьпікерамі двух палатаў Нацыянальнага сходу Беларусі, што азначала прызнаньне беларускага парлямэнту.

Польшча стала трэцім гандлёвым партнэрам Беларусі пасьля Расеі і Украіны. Зараз у Польшчы прысутнічаюць парадку 17 прадстаўніцтваў розных беларускіх прадпрыемстваў, у Беларусі — 350 прадпрыемстваў з польскім капіталам.

Польскія дэпутаты сустрэліся са сьпікерамі двух палатаў Нацыянальнага сходу Беларусі, што азначала прызнаньне беларускага парлямэнту

Цікавыя заявы, якія зрабіў Макей перад журналістамі па выніках перамоваў з польскім калегай. Ён сказаў: «Я ўпэўнены, што ў цяперашні час Беларусь і Польшча перажываюць гістарычны момант пераходу ў новую фазу двухбаковых адносінаў, у якім больш ня будзе месца недаверу, канфрантацыі, інтрыгам, састарэлым стэрэатыпам і нейкім ідэалягічным забабонам».

У прыватнасьці, пра НАТА ён сказаў наступнае: «Мы, вядома ж, не вітаем дадатковае разьмяшчэньне кантынгенту войскаў НАТА ў Польшчы і балтыйскіх дзяржавах. Але мы разумеем, што ня можам прадухіліць гэтую тэндэнцыю і стараемся зразумець лёгіку нашых польскіх і прыбалтыйскіх партнэраў».

Яшчэ Макей адзначыў: «Зразумела, у некаторых напрамках у нас захоўваюцца розныя пункты гледжаньня. Ведаеце, што датычыцца нашых двухбаковых адносінаў, то тут у нас няма ніякіх праблемаў».

Падаецца, тут яўнае перабольшваньне. Бо насамрэч праблемы ёсьць. Гэта і замарожанае пытаньне пра Саюз палякаў Беларусі, і пра уступленьне ў сілу пагадненьня аб малым памежным руху.

Яшчэ адна знамянальная заява Макея. Гаворачы пра адносіны Беларусі з Расеяй ён сказаў: «Мы хочам адысьці ад гэтай моцнай залежнасьці, быць менш залежнымі ад адной дзяржавы, што асабліва недарэчна ў пэрыяды фінансава-эканамічных крызысаў».

На канец кастрычніка заплянаванае паседжаньне польска-беларускай міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве і двухбаковы ХХ Эканамічны форум. Так што працэс супрацоўніцтва нарастае.

Дракахруст: Словы спадара Макея, што ў нас у двухбаковых адносінах няма праблемаў, мне здаецца, трэба інтэрпрэтаваць такім чынам, што ў нас з вамі ёсьць яшчэ трэці — Расея — ці трэці-лішні, ці трэці, які радуецца — і вось зь ім праблемаў больш, чым у нас з вамі паміж сабой. І нашыя з вамі адносіны ствараюць для нас нямала праблемаў з гэтым самым трэцім.

Я б так гэта прачытаў, бо сапраўды Беларусь, афіцыйны Менск вельмі асьцярожна спрабуе наладжваць гэтыя адносіны з Польшчай, у асноўным гаворачы пра эканамічныя праблемы і супрацоўніцтва. Бо ведае, што з Масквы вельмі пільна за гэтым сочаць, што там існуюць страхі, і не заўсёды беспадстаўныя, а раптам Беларусь зьбяжыць, пойдзе пад крыло Польшчы, якая яе пастаянны эўрапейскі адвакат. І таму такая асьцярожнасьць заяваў спадара Макея была вельмі вытлумачальная.

Далей за эканамічнае супрацоўніцтва стасункі ў бліжэйшы час наўрад ці трансфармуюцца

Мне цікава, пра што там ішлі размовы за зачыненымі дзьвярыма. Прэзыдэнт Дуда пэўны час таму выступіў зь вельмі амбіцыйнай ідэяй Інтэрмарыюму — Міжморʼя — ня надта зразумелага, але вельмі прыгожага саюзу краін рэгіёну — Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны. І ён некалькі разоў на гэты конт выступаў. Я не выключаю, што беларускі бок ня мае намеру ў гэтым рэальна ўдзельнічаць, але пагуляцца ў гэта яму вельмі цікава. І думаю, што пра гэта размовы ішлі, але, зразумела, за зачыненымі дзьвярыма, каб не палохаць Расею.

Наконт міжпарлямэнцкага супрацоўніцтва, відаць, што тут ідуць ледзь не гонкі навыперадкі. Рышард Тэрлецкі яшчэ да выбараў сустракаўся са спадаром Андрэйчанкам, са старшынём палаты прадстаўнікоў, зь якім дагэтуль шмат гадоў ніколі не сустракаліся заходнія парлямэнтарыі. Ну а цяпер, пасьля выбараў, прагучалі заявы прадстаўнікоў Бундэстагу, што Бундэстаг будзе супрацоўнічаць з Нацыянальным Сходам Беларусі. Так што Польшча аказалася першапраходцам, за імі ідзе Нямеччына. Я думаю, што Польшча зараз гэтыя стасункі будзе разьвіваць.

Але я мяркую, што далей за эканамічнае супрацоўніцтва стасункі ў бліжэйшы час наўрад ці трансфармуюцца. Бо ізноў жа ёсьць Расея, якая вельмі ўважліва глядзіць, каб стасункі Беларусі з краінамі Захаду, асабліва з Польшчай, не набылі нейкі інстытуцыйны характар, не перайшлі ў сфэру бясьпекі.

Цыганкоў: Я б трохі паспрачаўся з тым, што толькі ў Расеі тут справа. Нават калі ўявіць, што нейкім цудоўным чынам так атрымалася, што Расея б ня мела ніякіх пярэчаньняў да паляпшэньня адносінаў паміж афіцыйным Менскам і Варшавай, усё роўна яны не абавязкова былі б такімі добрымі, якімі нам хочацца іх бачыць.

Зараз міністар замежных спраў Беларусі кажа, што няма праблемаў. На самай справе ён гаворыць, што праблемы ёсьць, але мы гатовыя публічна рабіць выгляд, што іх няма. Рэч у тым, што афіцыйныя Менск і Варшава маюць рэальныя праблемы ў сваіх дачыненьнях, якія не зьвязаныя з геапалітычнымі справамі. Гэты і сытуацыі з палякамі ў Беларусі, і памежнае супрацоўніцтва.

Ёсьць адчуваньне, што Польшча бяжыць нават наперадзе Брусэлю

І ёсьць пэўная гістарычная асьцярожнасьць у адносінах паміж гэтымі дзьвюма дзяржавамі, не заўсёды ў нашых стасунках усё было цудоўна, нават у пэрыяд 1991-1995 гадоў, калі Польшча была адным з найбліжэйшых сяброў Беларусі. Але і тады ўзьнікалі пэўныя пытаньні.

Апошнім часам сапраўды Польшча імкнецца быць «перадавіком» у паляпшэньні адносінаў Беларусі з Захадам, нават ёсьць заявы пра тое, што Польшча ёсьць нейкім мастом паміж Беларусьсю і Брусэлем. Хоць многія іранізуюць, што Польшча сама па сабе частка Эўропы, таго самага ўмоўнага Брусэлю, але менавіта яна бачыць сябе авангардам у гэтых пытаньнях.

І гэтая зьмена ў замежнай палітыцы Польшчы адбылася літаральна апошнія год-паўтара, раней адносіны Беларусі з Польшчай былі горшымі, чым зь іншымі краінамі Захаду, а зараз наадварот. Ёсьць адчуваньне, што Польшча бяжыць нават наперадзе Брусэлю і імкнецца быць больш сяброўскай і спрыяльнай да Менску, чым любая іншая дзяржава ў Эўропе.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG