Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Час адважных дзяўчатак


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Сёньня, 11 кастрычніка, адзначаецца Сусьветны дзень дзяўчатак. Не, гэта ня дзень ружовых кветак, шакалядных тартоў, цеплыні і прыгажосьці. Гэта дзень рэальных дзяўчатак — моцных і вартых таго, каб на іх зьвярталі ўвагу і каб іх праблемы вырашалі дарослыя. Дзяцінства павінна быць часам радасьці і навучаньня, а не бесьперапыннай барацьбы за жыцьцё.

Гэты тэкст прысьвячаецца ўсім нам — цяперашнім і былым дзяўчаткам, якія выжылі і перамаглі. Якія не зламаліся і працягваюць змагацца за тое, што лічаць патрэбным. Нас часта не заўважаюць, а нашыя перамогі недаацэньваюць, але мы ведаем, што здольныя зламаць любыя межы і рухацца далей — бегчы, ляцець, ісьці, плыць альбо паўзьці. Галоўнае — жывыя.

Год за годам мы працягваем даказваць, што здольныя змагацца да апошняга і выжываць насуперак усяму.

Нас называюць слабым полам, нас спрабуюць стрымаць і абмежаваць, у шэрагу краін нас стараюцца нават не нараджаць (сэлектыўныя аборты — распаўсюджаная практыка ў пэўных патрыярхальных краінах), але год за годам мы працягваем даказваць, што здольныя змагацца да апошняга і выжываць насуперак усяму. «Жаночае абразаньне», раньнія шлюбы, адсутнасьць доступу да адукацыі, чыстай вады, карыснай ежы і базавай мэдыцыны — усё гэта рэальнасьць мільёнаў дзяўчатак па ўсім сьвеце.

Але мы перамагаем. Мы перамагаем боль, крыўду і несправядлівасьць і вырастаем у дарослых жанчын. Але колькі б нам ні было гадоў, гэтая маленькая дзяўчынка заўжды застаецца з намі. Застаецца памяцьцю і вопытам, застаецца прадуктыўнай злосьцю, якая можа зруйнаваць любыя сьцены.

Цяпер мне 23 гады, у мяне магістарская ступень у філязофіі і я, здаецца, нарэшце ведаю, кім стану, калі вырасту. Але галоўнае — я ніколі не зьбягу ад сваёй унутранай дзяўчынкі, якая можа ўсё.

Гэта яна ўва ўзросьце пяці гадоў прайшла 150 кілямэтраў за пяць дзён, ня маючы пры гэтым аніякіх адмысловых турыстычных прыстасаваньняў... Гэта яна, дзесяцігадовая, не заяўляла ў міліцыю аб «заляцаннях» айчыма, бо хвалявалася за маці. Гэта яна, трынаццацігадовая, нанова вучыла бабулю хадзіць.

Гэта яна ўва ўзросьце пяці гадоў прайшла 150 кілямэтраў за пяць дзён, ня маючы пры гэтым аніякіх адмысловых турыстычных прыстасаваньняў. На нагах былі звычайныя дзіцячыя сандалікі, а на плячах — скураны заплечнік, які сьціраў скуру да крыві. Але яна працягвала ісьці і чамусьці нават ня скардзілася дарослым, што ногі таксама сьцерліся ў кроў. Гэта яна, дзесяцігадовая, не заяўляла ў міліцыю аб «заляцаннях» айчыма, бо хвалявалася за маці. Гэта яна, трынаццацігадовая, нанова вучыла бабулю хадзіць. Год за годам на яе шляху зьяўляліся новыя выклікі, і яна прымала іх, не задумваючыся аб тым, ці хопіць сілаў. Іх проста не магло не хапіць, бо хто, калі не яна?

Тысячы дзяўчатак па ўсім сьвеце робяць тое самае штодня. Для іх гэта не аб’ект памяці, а побыт і паўсядзённасьць, — яны змагаюцца нават тады, калі здаюцца дарослыя. Хтосьці змагаецца супраць дзяржаўнай сыстэмы, дабіваючыся дазволу паступаць на «мужчынскія» спэцыяльнасьці, хтосьці вядзе штодзённую барацьбу за выжываньне, змагаючыся з абыякавымі бацькамі, хтосьці б’ецца з хваробай за права весьці паўнавартасны лад жыцьця.

Яны ня ўмеюць прайграваць і здавацца, бо ніколі не спрабавалі. Нам, дарослым, варта гэтаму павучыцца — поўнай адданасьці справе і абсалютнай бясстрашнасьці перад сьветам.

Яны ніколі ня будуць прынцэсамі і фэямі — толькі каралевамі і амазонкамі.

Я ня ведаю, у які момант мы губляем гэтую бясстрашнасьць і пачынаем з недаверам ставіцца да ўласных здольнасьцяў. Магчыма, гэта прыходзіць разам зь любоўю да лічбаў, пра якую пісаў у «Маленькім прынцы» Антуан дэ Сэнт-Экзюпэры. Мы перастаем бачыць удава, які праглынуў слана, і бачым замест гэтага капялюш. А замест уласнай сілы і ўсемагутнасьці бачым безабароннасьць і бездапаможнасьць — так старана прывітыя грамадзтвам увогуле і патрыярхальнай сям’ёй у прыватнасьці.

Але я веру, што цяперашнія маленькія і неверагодна моцныя дзяўчаткі вырастуць у такіх жа моцных жанчын. Яны ніколі не павераць у тое, што яны «слабыя істоты», «упрыгожваньні мужчынскіх калектываў» ці «тупыя бляндынкі». Яны ніколі ня будуць прынцэсамі і фэямі — толькі каралевамі і амазонкамі. Кола страху мусіць быць зруйнаванае — яны павінны перамагчы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG