Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сум у шостай палаце, жах на кіеўскім эскалятары


Ганна Канапацкая

Ганна Канапацкая

Добры вечар! Незалежная сьледчая група інтэрнаўтаў паведамляе, што Расея адклікала свае зьнішчальнікі СУ-27 з базы ў Баранавічах. Расейскіх самалётаў цяпер не відаць на спадарожнікавых здымках. У Сырыю паляцелі?

ДЭПУТАТКА АГП АДРАЗУ ЗАСУМАВАЛА. «Сум» — сказала нам дэпутатка Ганна Канапацкая з Аб’яднанай грамадзянскай партыі пра пачатак першага пасяджэньня Палаты прадстаўнікоў, калі 109 дэпутатаў прагаласавалі за безальтэрнатыўную кандыдатуру Ўладзімера Андрэйчанкі на пасаду сьпікера.

СТАТКЕВІЧ: НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ УПАЛА НА НАС НЕЗАЛЕЖНА АД НАС. У размове з Ганнай Соўсь Мікалай Статкевіч сказаў, што ў 1991 годзе у Беларусі не было іншага выйсьця, як стаць незалежнай. «У той канкрэтны момант гэтаму пакаленьню незалежнасьць упала на галаву. Проста распаўся Савецкі Саюз, ня стала цэнтральнай улады. Я высока ацэньваю ролю дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, але, каб гэтай ролі не было, мы ня сталі б незалежнымі 25 жніўня, а магчыма, сталі бы незалежнымі 28 жніўня, бо іншых варыянтаў проста не было» – лічыць палітык.

ІНФАРМАЦЫЙНАЯ РАБОТА НА ВЫСОКІМ УЗРОЎНІ. У Лідзе райвыканкам займаецца арганізацыяй прымусовай падпіскі на дзяржаўныя выданьні, сярод якіх «Советская Белоруссия», «Рэспубліка», «Звязда», «Гродзенская праўда», «Лідская газета» і іншыя. Арганізацыя падпісной кампаніі спрыяе правядзеньню інфармацыйнай работы з насельніцтвам на больш высокім узроўні – лічаць лідзкія ідэолягі.

У ГОРАДНІ СТАРТАВАЛА «МОВА НАНОВА». Амаль 50% з тых, хто прышоў на пачатак восеньскага сэзону курсаў беларускай мовы, зьявіліся ўпершыню. «На вуліцы нідзе нашай мовы не чуваць, многія нават не разумеюць, а тут так цёпла і ўтульна ад таго, што гучыць беларуская — усё такое роднае, сваё... Мне падабаецца знаходзіцца ў гэтай атмасфэры» – пракамэнтавала атмасфэру на курсах адна студэнтка.

КІЕЎСКІЯ ЭСКАЛЯТАРЫ – ГЭТА ЖАХ! Гомельская блогерка Алена Германовіч пра праездку эскалятарам у кіеўскім мэтро: «Я як стала на той эскалятар, дык і здранцьвела — ня ведала, як на ім ехаць, ніхто нічога не гаворыць! Ні цётка, ні дзядзька. Ці зьлева трымацца, ці пасярэдзіне». А ў Менску ўсё вам скажуць – як, дзе і калі трэба. А галоўнае – чаго нельга.

Падпісацца праз электронную пошту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG