Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея забрала зьнішчальнікі СУ-27 з тэрыторыі Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Расейскі зьнішчальнік СУ-27

Ілюстрацыйнае фота. Расейскі зьнішчальнік СУ-27

Незалежная сьледчая група Bellingcat паведамляе, што Расея адклікала свае зьнішчальнікі СУ-27 з 61-й авіяцыйнай базы ў Баранавічах.

Bellingcat спасылаецца на спадарожнікавыя здымкі, зробленыя з траўня па верасень.

Вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін заявіў Свабодзе, што зьнікненьне расейскіх СУ-27 зь беларускіх аэрадромаў ня стала нечаканасьцю: «Я думаў, што іх даўно ўжо там няма».

Алесін згадвае гісторыю зьяўленьня расейскіх самалётаў у Беларусі:

Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

«У 2013 годзе быццам бы дамовіліся пра стварэньне базы, пра тое, што тут будзе авіяцыйны полк. Этапамі разьвіцьця гэтага праекту было спачатку дзяжурства зьвяна СУ-27 у Баранавічах, потым прылёт эскадрыльлі, і потым ужо павінна было адбыцца разьмяшчэньне палка ў складзе 22 машын. Але беларускі бок запрацівіўся, і праект палка паступова быў згорнуты. А дзяжурства яшчэ некаторы час на ратацыйнай аснове працягвалася. Два месяцы зьвяно расейскіх зьнішчальнікаў дзяжурыла, потым замянялася іншым зьвяном, каб не парушаць пагадненьня, якое забараняе разьмяшчэньне на пастаяннай аснове кантынгенту Расеі на тэрыторыі Беларусі. Тым самым яны абыходзілі гэтую забарону. А потым, у сьнежні, калі Лукашэнку спыталі пра гэтую забарону, ён заявіў, што ў Беларусі няма ніякіх расійскіх зьнішчальнікаў. З тых самых часоў гэтая тэма наогул зьнікла з СМІ, што можна было расцаніць як тое, што гэтага ратацыйнага дзяжурства больш няма».

У гэтым сэнсе, працягвае Алесін, інфармацыя Bellingcat не сюрпрыз:

«Гэта не зьяўляецца нечаканасьцю вялікай, таму што, мяркуючы па ўсім, Лукашэнка гэты праект прыпыніў, улічваючы і магчымае абвастрэньне дачыненьняў з Расеяй, і непапулярнасьць гэтай меры сярод нашых партнэраў на Захадзе. Гэтую праграму ціхенька, як я думаю, згарнулі. Цяпер гэтае рашэньне знайшло пацьвярджэньне ў спадарожнікавых здымках».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG