Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч: Гэтаму пакаленьню незалежнасьць упала на галаву АНОНС


Удзельнік цыклю «Пасьля СССР. 25 гадоў незалежнасьці» — палітык, былы кандыдат на прэзыдэнта, былы палітвязень Мікола Статкевіч, які тройчы спазнаў зьняволеньне за свае палітычная перакананьні і актыўныя дзеяньні, адзіны з беларускіх вайскоўцаў, які 20 жніўня 1991-га публічна выступіў супраць маскоўскага путчу, стваральнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў і адзін зь ініцыятараў першай беларускай вайсковай прысягі.

Прапануем фрагмэнт інтэрвію.

Соўсь: За савецкім часам вам давялося служыць у Мурманскай вобласьці. Цяпер, у многім дзякуючы і вам таксама, беларускія вайскоўцы ня служаць за межамі радзімы. А як вы думаеце, ці мог бы Савецкі Саюз існаваць і цяпер? І кім бы быў Мікола Статкевіч у савецкай Беларусі?

Статкевіч: Усё магло застацца. Але я ня быў бы звычайным савецкім афіцэрам, таму што была галоснасьць, зьяўлялася альтэрнатыўная інфармацыя. Я і так пачуваў сябе беларусам, ведаў свае карані. Я нават на поўнач браў з сабой кнігі на беларускай мове... А так я быў пасьпяховым афіцэрам, вельмі кар’ерным. На момант путчу я быў палкоўнікам, быў дактарантам...

Соўсь: Але вы тады ўжо выйшлі з камуністычнай партыі на знак пратэсту супраць падзеяў у Вільні...

Статкевіч: Так. Але шляху назад не было. Калі б Савецкі Саюз захаваўся, калі б кампартыя захавалася, то восеньню 1991 году мяне б выгналі з войска...

Соўсь: І лёс палітвязьня вам таксама пагражаў?

Статкевіч: Пагражаў. Я ведаў такі варыянт і нават псыхалягічна рыхтаваўся да яго. Калі адбыўся ГКЧП, задачай-мінімум было зрабіць публічную акцыю для будучых пакаленьняў, каб гэта засталося ў гісторыі, каб гэта быў прыклад, унёсак у будучаю незалежнасьць, а задача-максымум — паспрабаваць перашкодзіць... Спачатку 19 жніўня ў доме-музэі Багдановіча сабралася кіраўніцтва ўсёй апазыцыі, лідэрам быў Беларускі народны фронт. Я заявіў, што трэба аб’яўляць ужо заўтра (а мы плянавалі гэта на восень) пра стварэньне беларускай вайсковай арганізацыі. Казаў, невядома, што будзе праз некалькі дзён, але гэты крок трэба зрабіць, бо гэта важны сымбалічны крок. У гэтай арганізацыі былі ў асноўным вайскоўцы запасу, якія былі ў розных партыях... 20 жніўня раніцай мы сустрэліся ў адной з аўдыторыяў БДУ. Ад БНФ былі Віктар Івашкевіч і Генадзь Банкевіч, былі вайскоўцы ад Сялянскай партыі, ад Сацыял-дэмакратычнай партыі — вайскоўцы запасу... Мы заявілі пра стварэньне Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў і пра мэты — незалежнасьць і стварэньне беларускага войска. Таксама мы прынялі зварот да вайскоўцаў Беларускай вайсковай акругі з заклікам не выконваць загады ГКЧП і не страляць у людзей...

Я здолеў выступіць на беларускім радыё ў праграме, якую вёў Віталь Сямашка. Гэта была моладзевая музычная праграма. Ён прыйшоў у фракцыю БНФ у парлямэнце (я тады там знаходзіўся), і прапанаваў мне гэта. Я пагадзіўся, і мы паехалі на радыё на вуліцу Чырвоную і запісалі мой зварот. Тройчы яго запісвалі на магнітафонныя бабіны. У апэратара трэсьліся рукі, стужка рвалася. На трэці раз у мяне ўвогуле атрымалася дасканала...

Соўсь: Калі праз 19 гадоў вы запісвалі на тэлебачаньні свой зварот як кандыдат на прэзыдэнта, вы заклікалі: «Вярні выбары. Вярні тое, што скраў». Ці тады трэсьліся рукі ў тэхнікаў?

Статкевіч: Не. Яны, наадварот, прыязныя сыгналы і жэсты рабілі.


Соўсь: Удзельнікі цыклю пра незалежнасьць па-рознаму адказваюць на пытаньне пра тое, ці была незалежнасьць заваяваная, або яна звалілася на галаву. Міхаіл Чыгір, напрыклад, лічыць, што звалілася зь неба. Зянон Пазьняк перакананы, што гэта вынік змаганьня пакаленьняў беларусаў. Ваш адказ...

Статкевіч: Адказ неадназначны. Беларусы заслужылі незалежнасьць змаганьнем пакаленьняў, але ў той канкрэтны момант гэтаму пакаленьню незалежнасьць упала на галаву. Проста распаўся Савецкі Саюз, ня стала цэнтральнай улады. Я высока ацэньваю ролю дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, але, каб гэтай ролі не было, мы ня сталі б незалежнымі 25 жніўня, а магчыма, сталі бы незалежнымі 28 жніўня, бо іншых варыянтаў проста не было. Ня стала ўлады. Жывіце як хочаце. І я нагадаю, што ў першыя гады незалежнасьці, паводле сацыялягічных апытаньняў, траціна беларусаў была за незалежнасьць, траціна была супраць, а траціне, як заўсёды, усё было па барабану...

Цалкам інтэрвію на сайце неўзабаве.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG