Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве зьбіраюць дапамогу для чачэнскіх уцекачоў у Беларусі


Дзеці чачэнскіх уцекачоў на беларуска-польскай мяжы

Дзеці чачэнскіх уцекачоў на беларуска-польскай мяжы

У Кіеве пад эгідаю Ісламскага культурнага цэнтру зьбіраюць дапамогу для чачэнскіх уцекачоў на мяжы Беларусі і Польшчы.

Актывісты чачэнскай дыяспары ва Ўкраіне заклікалі кіяўлянаў дапамагчы цёплымі рэчамі чачэнскім уцекачам, якія са жніўня знаходзяцца ў Беларусі, чакаючы рашэньня ўладаў Польшчы пра ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу.

«Некалькіх тысяч чалавек, цэлымі сем’ямі, у тым ліку з маленькімі дзецьмі, вось ужо некалькі месяцаў знаходзяцца на мяжы Беларусі і Польшчы. Шмат у каго зусім не засталося сродкаў, таму яны жывуць проста на вакзале, а таксама ня могуць купіць сабе і дзецям цёплую вопратку і знаходзяцца ў тых рэчах, у якіх выехалі з дому яшчэ ўлетку. Для многіх зь іх лепш мерзнуць і галадаць, чым вярнуцца ва ўмовы бесчалавечнага рэжыму», — кажа адна з актывістак Аміна Акуева.

Збор рэчаў ажыцьцяўляецца пад эгідаю Ісламскага культурнага цэнтру ў Кіеве і будзе трываць ад сёньня да 16 кастрычніка.

Аміна Акуева таксама заклікала ўкраінскія грамадзкія арганізацыі далучыцца да звароту на адрас ураду Польшчы з просьбай разьвязаць праблему чачэнскіх уцекачоў.

Аміна Акуева — грамадзянка Ўкраіны чачэнскага паходжаньня, якая працавала хірургам у адным з адэскіх шпіталяў, ад пачатку канфлікту на Данбасе пайшла ў добраахвотніцкі батальён. Яе муж — Адам Асмаеў — камандаваў батальёнам імя Джахара Дудаева пасля гібелі Ісы Мунаева.

У лютым 2012 году Адам Асмаеў быў затрыманы паводле падазрэньня ў зьдзяйсьненьні выбуху ў кватэры ў Адэсе. Сьледзтва таксама падазравала, што ён разам з саўдзельнікам, грамадзянінам Расеі, які пазьней быў экстрадаваны і асуджаны расейскім судом да 10 гадоў зьняволеньня, рыхтаваў замах на прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна. 19 лістапада 2014 году Асмаеў быў вызвалены з-пад варты пасьля больш як двух з паловай гадоў зьняволеньня, і ўжо праз тыдзень адправіўся добраахвотнікам у зону антытэрарыстычнай апэрацыі.

XS
SM
MD
LG