Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Samsung спыніла продажы небясьпечнага тэлефона Galaxy Note 7 і папрасіла іх адключыць


Кампанія Samsung афіцыйна заявіла аб спыненьні продажу смартфона Galaxy Note 7 на час расьсьледаваньня выпадкаў загараньня «бясьпечнай» партыі, якую пастаўлялі на замену смартфонам, што самазагараліся і выбухалі. Раней паведамлялася, што Samsung спыніла вытворчасьць мадэлі.

Бясьпека спажыўцоў застаецца нашым галоўным прыярытэтам, таму Samsung будзе прасіць усіх пастаўшчыкоў і розьнічных партнэраў па ўсім сьвеце, каб яны спынілі продажы і замены Galaxy Note 7 у час расьсьледаваньня.

«Бясьпека спажыўцоў застаецца нашым галоўным прыярытэтам, таму Samsung будзе прасіць усіх пастаўшчыкоў і розьнічных партнэраў па ўсім сьвеце, каб яны спынілі продажы і замены Galaxy Note 7 у час расьсьледаваньня, — піша Samsung. — Карыстальнікі арыгінальнага Galaxy Note 7 або замененай прылады мусяць адключыць сілкаваньне і перастаць выкарыстоўваць прылады, скарыстацца адным са спосабаў кампэнсацыі».

За два дні да таго шэраг ІТ-рэсурсаў выступіў з заклікам не купляць Galaxy Note 7, бо сама меней 5 тэлефонаў зь «бясьпечнай» партыі загараліся альбо выбухалі, а Samsung абмяжоўвалася адгаворкамі. Да таго ў першай партыі, якую пачалі прадаваць 26 жніўня, а вырашылі адклікаць 2 верасьня, было вядома каля 70 выпадкаў самазагараньня альбо выбуху Galaxy Note 7.

Беларускія мабільныя апэратары МТС і Velcom на момант публікацыі па-ранейшаму прапануюць папярэднюю замову Galaxy Note 7 за 2099 рублёў. Смартфон працягваюць рэклямаваць старонкі Samsung Belarus. У байнэце па-ранейшаму прадаюць «шэрыя» тэлефоны небясьпечнай мадэлі.

Ніякія Galaxy Note 7 не рэкамэндуецца купляць, ужо набытыя варта вяртаць і ні ў якім разе не выкарыстоўваць.

Galaxy Note 7 на момант выхаду называўся адным з самых лепшых, калі не найлепшым вялікім смартфонам на Android, моцным канкурэнтам новых iPhone. Для Samsung ён меўся стаць флягманскім прадуктам. Па розных ацэнках, адкліканьне будзе каштаваць кампаніі 1-2 млрд даляраў. Пасьля навінаў пра спыненьне продажу акцыі Samsung рэзка ўпалі, на момант публікацыі — на 7%.

XS
SM
MD
LG