Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць Паліенку. Пракурор просіць 2 гады з адтэрміноўкай. Анлайн

11 кастрычніка пачаўся працэс над анархістам Зьмітром Паліенкам, якога абвінавачваюць у «пагрозе гвалтам альбо гвалтоўных дзеяньнях супраць міліцыянта» за дзеяньні ў час жорсткага затрыманьня ўдзельнікаў акцыі раварыстаў «Крытычная маса».

11 кастрычніка ў Цэнтральным раённым судзе Менску пачаўся працэс над анархістам, былым нацыянал-бальшавіком Зьмітром Паліенкам, якога абвінавачваюць у «пагрозе гвалтам альбо гвалтоўных дзеяньнях супраць міліцыянта» за дзеяньні ў час жорсткага затрыманьня ўдзельнікаў акцыі раварыстаў «Крытычная маса».

Праваабарончы цэнтар «Вясна» назваў затрыманьне раварыстаў «непрапарцыйна гвалтоўным спыненьнем акцыі». Праз 4 месяцы па затрыманьні Паліенку таксама абвінавацілі ў распаўсюдзе парнаграфіі.

15:08 11.10.2016

Адвакатка Паліенкі Лішанкова зьвярнула ўвагу суду на разыходжаньні ў паказаньнях пацярпелага Калтунова. На сьледзтве ён казаў, што нібыта Паліенка пры затрыманьні ня толькі парваў яму куртку, але і аказаў фізычнае ўзьдзеяньне. Між тым у судзе пра гвалт з боку Паліенкі пацярпелы не казаў. У дакумэнтах справы гэтага таксама няма. Між тым, паводле адваката, не праведзеная праверка законнасьці ўжываньня сілы да раварыстаў з боку міліцыі. Па эпізодзе аб гвалце адносна міліцыянта адвакат просіць Паліенку апраўдаць.

15:04 11.10.2016

Пракурор просіць 2 гады з адтэрміноўкай

Пачаліся судовыя спрэчкі. Пракурор лічыць, што віна Паліенкі даказаная цалкам. Супрацоўнікі ДАІ, паводле пракурора, дзейнічалі паводле закону. Парнаграфічнае відэа ў Паліенкі было разьмешчанае каля 3 гадоў таму, і ён яго ня выдаліў. Пракурор папрасіў для Паліенкі 2 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай у 2 гады. І прызначыць яму прымусовае лячэньне ад алькагалізму.

13:57 11.10.2016

У судзе абвешчаны перапынак на 1 гадзіну, да 14.45

13:57 11.10.2016

Міліцыянт: Біў, але не нагамі

Судзьдзя Есьман пасьля агалошваньня гэтых зьвестак спытаў у пацярпелага Калтунова, ці так было, як казаў Паліенка. Калтуноў пацьвердзіў, што наносіў «паслабляльныя» ўдары, але нібыта не нагамі.

— Вы лічыце, што Паліенка наўмысна парваў вам куртку? — спытаў Есьман.

— Так, наўмысна, а дзеля чаго ж, — адказаў пацярпелы Калтуноў.

13:56 11.10.2016

Судзьдзя не пускае на перапынак

Адвакат просіць перапынку, але Есьман прапанаваў спачатку абвясьціць вочную стаўку абвінавачанага з супрацоўнікам ДАІ Дашыкевічам, а потым вырашаць пытаньне пра перапынак.

Пракурор зачытвае паказаньні, але нельга разабраць шмат словаў. Паліенка працягвае настойваць на паказаньнях, што Калтуноў біў аднаго з раварыстаў, і той папрасіў яго спыніць зьбіцьцё.

Вочная стаўка Калтунова з Дашыкевічам з удзелам Паліенкі

Калтуноў з Дашыкевічам зьведалі адзін аднаго ў выніку інцыдэнту. Паліенка зноў паўтарыў, што бачыў 5 удараў Калтунова, якія той нанёс Канавалаву, тады ён падышоў да Калтунова і папрасіў яго спыніць зьбіцьцё.

«Я ўзяўся за куртку, той тузануўся, і куртка парвалася, а мяне Калтуноў пачаў зьбіваць рукамі і нагамі па галаве і тулаве».

13:43 11.10.2016

На допыце 25 жніўня Паліенка зноў не прызнаў сябе вінаватым і пацьвердзіў ранейшыя паказаньні, ад даваньня іншых паказаньняў адмовіўся. Заявіў, што нічога не разьмяшчаў у інтэрнэце.

13:42 11.10.2016

Паліенка хацеў спыніць зьбіцьцё Канавалава міліцыянтам

На папярэднім сьледзтве Паліенка пагадзіўся, што парушыў правілы руху і заявіў, што згодны панесьці спагнаньне. Пра інцыдэнт згадаў, што падышоў, калі затрымлівалі Канавалава, і папрасіў міліцыянта спыніць зьбіцьцё. Прызнаў, што пацягнуў міліцыянта за рукаў курткі і пачуў, як куртка парвалася. Міліцыянт тады павярнуўся да яго і пачаў зьбіваць ужо яго. Не прызнаў, што перашкаджаў міліцыянту затрымліваць парушальніка, а толькі спрабаваў спыніць зьбіцьцё.

«Міліцыянтам не перашкаджаў, нікога не зьбіваў і болю нікому не рабіў». Паліенка заяўляў на сьледзтве і потым, што падтрымлівае ранейшыя паказаньні. Падчас ператрусу ў яго забралі розныя матэрыялы, якія сьведчылі пра ўдзел у акцыях, у тым ліку каля амбасады Расеі.

13:40 11.10.2016

Паліенка паўторна адмовіўся даваць тлумачэньні, і пракурор папрасіў зачытаць яго тлумачэньні на сьледзтве.

13:28 11.10.2016

Сьведку зьбілі пры затрыманьні

Судзьдзя зачытаў вынікі экспэртызы цялесных пашкоджаньняў раварыста Канавалава, якога затрымалі разам з Паліенкам. У таго было 4 крывападцёкі, ён казаў, што яго зьбілі пры затрыманьні. У справе экспэрты заявілі, што гэта магло быць «ад падзеньня на зямлю».

13:14 11.10.2016

Парнаграфічнага роліка не было, — адвакат

Адвакат Паліенкі Тацяна Лішанкова настаяла на зачытваньні паказаньняў пацярпелага Калтунова — «бо ёсьць разыходжаньні». Пасьля зачытваньня паказаньняў адвакат хадайнічала аб далучэньні да справы матэрыялаў з інтэрнэту са спасылкай пра тое, што старонка Паліенкі «Укантакце» была выдаленая. «Атрымліваецца, што на момант разьмяшчэньня парнаграфічнага роліка старонкі ў Паліенкі „Укантакце“ не было», — пракамэнтавала абаронца.

13:07 11.10.2016

Інцыдэнт у судзе

Судзьдзя Есьман гэтак бубніў, што прысутныя зноў абурыліся і папрасілі яго казаць гучней. Судзьдзя падняў адну з жанчын, заклікаў яе не шумець. Яна заявіла, што ён мусіць паважаць прысутных і казаць гучна ня толькі, калі на іх крычыць, але і калі зачытвае справу.

«Лёс чалавека, між іншым, вырашаецца. У мяне таксама сыны», — патлумачыла жанчына.

«Сядайце», — загадаў судзьдзя, але пачаў вымаўляць гучней.

Перагарнуў больш за 20 старонак і заявіў, што ўсе матэрыялы зачытаныя.

12:59 11.10.2016

Судзьдзя перайшоў да эпізоду з парнаграфіяй

Судзьдзя зачытвае матэрыялы, які тычацца кампутара Паліенкі, але вельмі ціхім голасам. Бярэ 3 том. «Устаноўлена, што 18 красавіка празь невядомае прыстасаваньне разьмясьціў „Укантакце“ ролік меркавана парнаграфічнага зьместу... працягласьцю 18 сэкундаў».

12:54 11.10.2016

Судзьдзя Есьман перагортвае аркушы справы, не называючы, што ён аглядае. Гэтак прагледзеў аркушаў 10. Потым зачытаў мэдычную даведку на Паліенку. Абвясьціў, што наркатычнай залежнасьці няма, а вось ад алькагольнай залежнасьці пакутуе. Зьміцер Паліенка на гэтых словах усьміхаецца.

12:45 11.10.2016

«Тры паслабляльныя ўдары» міліцэйскім кулаком

Судзьдзя зачытвае апісаньне зь відэа эпізоду затрыманьня Паліенкі. Там нічога няма пра тое, што той цягнуў супрацоўніка ДАІ за рукаў курткі. Ёсьць пра тое, як міліцыянт пры затрыманьні Паліенкі наносіць яму «тры паслабляльныя ўдары». Раней пацярпелы Калтуноў казаў, што нанёс Паліенку «два ўдары».

12:40 11.10.2016

Судзьдзя зачытвае апісаньне падзеяў паводле запісу з камэры відэаназіраньня.

«Паліенка хапае за куртку, пачынае цягнуць». У зале прысутныя адзначаюць, што нічога не сказана, нібыта Паліенка хапаўся за ровар, як казаў апошні сьведка-апамавец. «Ясна, сьведка падстаўны», — кажуць у зале.

12:39 11.10.2016

Міліцэйская куртка была паношанай

Судзьдзя Есьман зачытаў экспэртызу курткі Калтунова. Было чуваць: «Ёсьць сьляды разрыву тканіны, куртка сярэдняй ступені зношанасьці». Астатняе неразборліва. З залі прагучаў заклік да судзьдзі, каб чытаў па магчымасьці гучней. Судзьдзя Есьман ніяк не адрэагаваў, гучней вымаўляць ня стаў.

12:31 11.10.2016

Сьведка Канавалаў не прыйшоў у суд

Затрыманы разам з Паліенкам падчас акцыі «Крытычная маса» Станіслаў Канавалаў у суд не зьявіўся. Гэты сьведка даслаў мэдычную даведку, што хворы, і заяву, што згодны, каб ягоныя паказаньні былі зачытаныя ў судзе.

Пракурор Юркевіч зачытаў паказаньні Канавалава:

«Дзьмітры ехаў за мной, мы зьехалі з роварнай дарожкі на праезную частку, потым пачулі абʼяву ДАІ, каб вярнуліся на тратуар. Мяне спрабаваў спыніць інспэктар ДАІ, схапіў за ровар на хаду, мы паваліліся. Я спрабаваў падняцца, але інспэктар трымаў мяне, адзеў кайданкі. Інспэктар паказваў парваную куртку і казаў іншым міліцыянтам: «Глядзіце, што ён зрабіў». Хаця я нічога гэтага не рабіў.

На гэтым паказаньні Канавалава скончыліся. Суд перайшоў да вывучэньня пісьмовых матэрыялаў справы.

12:30 11.10.2016

Працэс аднавіўся

Аднавіўся працэс над Паліенкам. Прыйшоў сьведка Ўладзімер ( прозьвішча прагучала неразборліва), амапавец. Пра падзеі сьведка распавёў, што абвінавачаны ўчапіўся ў ровар, цягнуў, з другога боку цягнуў супрацоўнік ДАІ. Потым абвінавачанага «адарвалі» ад ровара, і ён пхнуў супрацоўніка ДАІ. Пра куртку сьведка сказаў, што ня бачыў, як парвалі куртку, бачыў толькі, як Паліенка цягнуў за руку міліцыянта.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG