Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эстоніі прыняла прысягу першая жанчына-прэзыдэнт


У Таліне афіцыйна заступіла на пасаду прэзыдэнта Эстоніі Кэрсьці Кальюлайд — першая жанчына на гэтай пасадзе.

Інаўгурацыя адбылася 10 кастрычніка ў парлямэнце (Рыйгікогу). Кэрсьці Кальюлайд сказала з трыбуны парлямэнту словы прэзыдэнцкай прысягі.

Кальюлайд і яе муж прыбылі ў афіцыйную рэзыдэнцыю прэзыдэнта Эстоніі Кадрырскі палац, дзе адыходзячы прэзыдэнт Томас Хендрык Ільвэс правёў цырымонію перадачы паўнамоцтваў.

Кэрсьці Кальюлайд была абраная новым прэзыдэнтам Эстоніі 3 кастрычніка, калі за яе кандыдатуру прагаласаваў 81 дэпутат 101-мандатнага парлямэнта пры неабходных 68 галасах, супраць прагаласавалі 17 дэпутатаў.

Кальюлайд 46 гадоў.

Былы член Эўрапейскага суду аўдытараў заменіць Томаса Хендрыка Ільвэса і працягне яго лінію на павелічэньне прысутнасьці НАТО ў Балтыйскім рэгіёне і захаваньне санкцыяў супраць Расеі ў сувязі з канфліктам ва Ўкраіне.

«Нашай галоўнай задачай заўсёды будзе бясьпека», — заявіла Кальюлайд у парлямэнце ў сувязі з засьцярогамі з нагоды рэгіянальных дамаганьняў Расеі. «Шмат якія працэсы, якія выклікаюць у нас занепакоенасьць, мякка кажучы, маюць месца ў непасрэднай блізкасьці ад нас», — сказала новы прэзыдэнт Эстоніі.

Засьцярогі з нагоды намераў Масквы ўзрасьлі ў Эстоніі і яе балтыйскіх суседзяў Літвы і Латвіі — членаў НАТО з 2004 году — пасьля далучэньня да Расеі Крыму ў сакавіку 2014 году.

XS
SM
MD
LG