Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь атрымала расейскія кампэнсацыі пры пастаўках газу. «Ня кажуць, што гэта зьніжка на прыродны газ», — экспэрт


У беларускім урадзе заявілі, што з расейскім бокам дамовіліся пра міжбюджэтныя кампэнсацыі пры пастаўках газу.

Гэта пацьверджана падчас тэлефоннай размовы кіраўнікоў урадаў Беларусі і Расеі Андрэя Кабякова і Дзьмітрыя Мядзьведзева.

«Падчас размовы бакі пацьвердзілі дасягнутыя дамоўленасьці, што на ўзроўні камэрцыйных арганізацыяў на 2016 год захоўваецца мэханізм фармаваньня кошту на прыродны газ для Беларусі аналягічна мінуламу году. У сувязі з гэтым беларускі бок пацьвердзіў гатоўнасьць пералічыць зарэзэрваваныя з пачатку году сродкі на рахункі пастаўшчыкоў газу.

Адначасова расейскі бок пацьвердзіў гатоўнасьць прымяняць мэханізм міжбюджэтнай кампэнсацыі, сродкі ад якой будуць выкарыстаныя беларускім бокам найперш для паніжэньня цаны на газ для нацыянальных спажыўцоў.

Абʼём сродкаў, якія пералічваюцца ў рамках міжбюджэтнай кампэнсацыі, дасьць магчымасьць забясьпечыць выхад на траекторыю пасьлядоўнага збліжэньня цаны на прыродны газ для беларускіх і расейскіх спажыўцоў з тым, каб да 1 ліпеня 2019 году забясьпечыць роўныя ўмовы па цане на газ для вытворцаў энэргіі, а да 1 студзеня 2025 году — для ўсіх астатніх спажыўцоў газу.

Гэтае рашэньне беларускі бок разглядае як кампраміснае і адпаведнае інтарэсам абодвух бакоў», — цытуе БелТА прэс-службу беларускага ўраду.

Эканамічны аглядальнік Тацяна Манёнак у інтэрвію карэспандэнту Свабоды адзначыла, што з гэтых дамоўленасьцяў вынікае, што беларускі бок атрымаў пэўныя субсыдыі ад расейскага.

Магчыма, што Расея выдзеліць пэўную суму для Беларусі, каб тая магла за кошт гэтай сумы зьменшыць цэны на газ для беларускіх спажыўцоў

«Пагадненьні, якіх нейкім чынам дасягнулі, гэта вынік сурʼёзнага кампрамісу з боку як Расеі, так і Беларусі. Цяжка было ўявіць, што Расея пагодзіцца зьмяніць формулу цэнаўтварэньня на прыродны газ для Беларусі, зыходзячы з роўнадаходных цэнаў. І гэтага ня зроблена.

Замест гэтага кажуць пра нейкую магчымасьць траекторыі набліжэньня Беларусі да расейскіх цэнаў на газ. Ну, гэта пакуль што абяцаньні.

А тое, што ёсьць, дык тут ня кажуць, што гэта зьніжка на прыродны газ, а кажуць, што гэта міжбюджэтнае пераразьмеркаваньне. Магчыма, што Расея выдзеліць пэўную суму для Беларусі, каб тая магла за кошт гэтай сумы зьменшыць цэны на газ для беларускіх спажыўцоў. А пра тое, што гэта зьніжка на цэны на газ, ня хоча казаць ні беларускі, ні расейскі бок.

Але факт ёсьць факт. Пэўна, нейкая фінансавая субсыдыя будзе дадзена для Беларусі, каб улагодзіць вось гэты канфлікт, каб не давесьці яго да абсурднага крызісу ў стасунках хаўрусьнікаў. Таму такі няпросты кампраміс.

І не адразу Беларусь зможа атрымаць гэтыя выгады, бо трэба яшчэ разьлічыцца за тую завінавачанасьць, якую мае Беларусь перад расейскім „Газпромам“. Але, як і меркавалася, пэўны кампраміс у гэтай сфэры дасягнуты».

Паводле Тацяны Манёнак, у выпадку адсутнасьці гэтага пагадненьня было б цяжка ўявіць, як запрацаваў бы рынак электраэнэргетыкі з 1 ліпеня 2019 году.

«Бо Беларусь прынцыпова заяўляла: калі ня будзе прыкладна аднолькавых цэнаў на газ для Беларусі і Расеі, то гэты рынак наагул немагчыма стварыць. Таму тут, відаць, ёсьць нейкія крокі ў гэтым кірунку, каб улагодзіць беларускі бок, каб ён ня быў субʼектам канфлікту ў гэтым пытаньні ў Эўразійскім эканамічным саюзе».

Паводле Манёнак, кожны бок імкнуўся ў гэтай сытуацыі захаваць твар.

«Расейскі бок не хацеў пераглядаць газавыя дамовы, дасягнутыя падчас стварэньня ЭўрАзЭС. Яшчэ раз пацьверджана, што з 1 ліпеня 2019 году ў ЭўрАзЭС павінен запрацаваць адзіны электраэнэргетычны рынак.

Для Беларусі было важна дасягнуць магчымасьці атрымліваць прыродны газ для вырабу электраэнэргіі зыходзячы з цаны, набліжанай да расейскай цаны на газ. Відавочна таксама, што яшчэ раз пацьверджана, што адзіны рынак газу будзе створаны, як і меркавалася згодна з пагадненьнямі ЭўрАзЭС, з 2025 году.

Мяркуецца, што менавіта з 2025 году ўсе бакі пяройдуць на роўнадаходныя цэны на прыродны газ».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG