Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Злачынства з бэнзапілой: рэакцыя людзей і розгалас у сацсетках


Belarus - Shopping mall Europa, Minsk, 09Oct2016

Belarus - Shopping mall Europa, Minsk, 09Oct2016

Што кажа гэтае злачынства пра сёньняшні стан беларускага грамадзтва?

Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў


Цыганкоў: Перш за ўсё, я б адзначыў рэч, якую, магчыма, многія не заўважаць — як спрацавала беларуская незалежная прэса. Спрацавала яна, на маю думку, вельмі някепска, даказаўшы, што ў крытычны момант можа праявіць свае найлепшыя якасьці. Літаральна празь некалькі хвілінаў пасьля здарэньня прадстаўнікі самых розных выданьняў былі ўжо на месцы падзеяў, і цягам гадзіны на большасьці незалежных рэсурсаў ужо былі «гарачыя» рэпартажы. У наступныя два дні зьявіліся меркаваньні сьведкаў, здаецца, усіх, хто мог нешта сказаць пра гэтую драму.

Але гэта толькі рэмарка — пра прэсу. Як жа рэагавала грамадзтва? Перш за ўсё, я б хацеў адзначыць той факт, што падчас драмы ў гандлёвым цэнтры менавіта звычайныя грамадзяне затрымалі злачынцу. Гэта кажа пра тое, што ў беларусаў пакуль няма звычкі ня ўмешвацца, чакаць прыезду паліцыі — звычкі, якая, магчыма, ужо выпрацавалася ў жыхароў іншых дзяржаваў. Мне здаецца, тут адваротны бок праблемы, што многія беларусы ня вельмі давяраюць беларускім праваахоўным органам. Да таго ж у Беларусі такія трагічныя выпадкі здараюцца вельмі рэдка, гэта ўнікальная падзея — і ў большасьці грамадзянаў няма такой адпрацаванай мадэлі паводзінаў, што рабіць у такіх сытуацыях. Якраз у заходніх грамадзтвах рэкамэндуюць у такіх сытуацыях ня ўмешвацца, і чакаць прыезду паліцыі. Беларусы ня сталі чакаць, і гэта, відавочна, было правільнымі паводзінамі. Бо калі б беларусы чакалі і не аказвалі супраціву забойцу, то невядома, колькі б яшчэ бяды ён бы мог прынесьці.

У беларусаў пакуль няма звычкі ня ўмешвацца, чакаць прыезду паліцыі — звычкі, якая, магчыма, ужо выпрацавалася ў жыхароў іншых дзяржаваў.

Другая рэмарка — пра зьяўленьне розных кансьпіралягічных вэрсіяў вакол здарэньня. Працяглае жыцьцё ў аўтарытарнай сыстэме непазьбежна ўплывае на «аналітычныя інстынкты» многіх грамадзянаў. Тлумачэньне ўсёй разнастайнасьці жыцьця зводзіцца да простай формулы — «гэта зрабілі ўлады», «уладам гэта выгадна». Паводле гэтай унівэрсальнай формулы, адразу лёгка знаходзіцца неаспрэчная сувязь паміж любым трагічным забойствам і намерам Лукашэнкі зьмяніць Канстытуцыю. Так і цяпер многія камэнтатары ў сацыяльных сетках адразу сталі бачыць руку ўладаў у гэтай трагедыі.

Дарэчы, я не адмаўляю, што ўлады сапраўды могуць выкарыстаць гэтую трагедыю ў нейкіх сваіх палітычных мэтах. Але гэта задача любой улады — рэагаваць на нейкія падзеі і ўносіць палітычныя зьмены, пэўным чынам адказваць на зьменлівыя патрабаваньні грамадзтва.

Яшчэ адна цікавая рэакцыя ў сацыяльных сетках і на форумах пад артыкуламі ў інтэрнэце — гэта традыцыйнае для беларусаў жаданьне ўзмацніць кантроль. Пры гэтым такое жаданьне ўласьцівае ня толькі прыхільнікам Лукашэнкі. Маўляў, што робіць міліцыя, іх столькі шмат, хай ходзяць, патрулююць кожны гандлёвы цэнтар. Пры гэтым калі міліцыя сапраўды прысутнічае падчас нейкіх культурных акцыяў, напрыклад, падчас канцэртаў каля Ратушы ў цэнтры Менску, то ў многіх гэта выклікае абурэньне. А потым тыя ж самыя людзі патрабуюць павялічэньня прысутнасьці міліцыі ва ўсіх грамадзкіх месцах.

У гэтай гісторыі даволі парадаксальным чынам спалучаецца недавер да дзяржавы і жаданьне павялічыць яе прысутнасьць і яе паўнамоцтвы.

Карбалевіч: Выпадак сапраўды незвычайны для Беларусі. Я б ня стаў рабіць нейкіх вялікіх высноваў пра стан грамадзтва. Хутчэй за ўсё, у чалавека былі праблемы з псыхічным здароўем. У 17 гадоў псыхіка ў людзей ня вельмі ўстойлівая.

Дзяржаўныя СМІ часта апавядаюць пра такія выпадкі ў ЗША: маўляў, там свабодны продаж зброі, вось і здараюцца такія падзеі. А тут у Беларусі — паліцэйская дзяржава, шмат праваахоўных службаў, вялікая колькасьць міліцыянтаў, усё кантралюецца.

Вось беларускія дзяржаўныя СМІ часта і падрабязна апавядаюць пра такія выпадкі ў ЗША, прычым, пад умоўнай рубрыкай «Іх норавы». Маўляў, там свабодны продаж зброі, вось і здараюцца такія падзеі.

А тут у Беларусі — паліцэйская дзяржава, шмат праваахоўных службаў, вялікая колькасьць міліцыянтаў, усё кантралюецца. Але такія выпадкі з хворымі людзьмі ўвогуле прадухіліць немагчыма. Вось пішуць у сацыяльных сетках, што трэба ўстанавіць кантроль за і правяраць усіх людзей, якія наведваюць гандлёвыя цэнтры. Але ж гэты хлопец мог учыніць свой напад у любым месцы: у падʼезьдзе, у двары, на вуліцы. Ды і каму прыйдзе ў галаву затрымліваць чалавека з бэнзапілой?

Ня стаў бы я праводзіць нейкую наўпроставую сувязь са сьмяротным пакараньнем, як пра гэта пішуць у сацсетках. Ня думаю, што гэта неяк уплывае на паводзіны людзей у падобных выпадках.

Пытаньне да аховы цэнтру, сапраўды, ёсьць. Нават калі здарылася паніка, сабраўся натоўп, 15 чалавек хацелі неяк нэўтралізаваць гэтага хлопца, а аховы не было.

Дракахруст: Таксама пачну з паводзінаў людзей. Вы, Віталь, сказалі, што калі б людзі паводзілі сябе інакш, ахвяраў магло б быць значна больш. Але варта сказаць, што калі б падзеі пайшлі б інакш, ці гэты чалавек быў бы іншым чалавекам, пры супраціве ўсё магло б пайсьці яшчэ горш, чым было б у адсутнасьць супраціву. Усе экспэрты па бясьпецы, паліцыянты, заўсёды кажуць: не чапайце. Таму што гэта можа аказацца чалавек прафэсійны, і ён проста пройдзе праз натоўп тых людзей, якія будуць чыніць яму супраціў, як нож праз масла. Зь вялікімі ахвярамі.

Гэтая сытуацыя паказала, якая нянавісьць да гэтай улады ў значнай частцы беларусаў. І любы штуршок, любая нагода зьяўляецца падставай для таго, каб выплюхнуць яе на ўладу.

Але цікавы мэханізм гэтых паводзінаў. Вы сказалі, што гэта спароджана недаверам да міліцыі. А мне ў гэтым бачацца вясковыя архетыпы. Памятаеце, некалькі гадоў таму ў нейкай вёсцы мужыкі проста забілі падпальшчыка, які некалькі разоў падпальваў дамы, без усялякай міліцыі. Гэта такая этыка вёскі. І тады Лукашэнка іх памілаваў, гэта шмат у каго выклікала абурэньне, але я думаю, ён тады адчуваў народныя ўяўленьні, якія праявіліся і ў гэтай сытуацыі. А з гэтым злачынцам з бэнзапілой, хоць гэта і Менск, але людзі сябе паводзілі як вясковыя.

Ну, і важкі аргумэнт у нашай доўгай спрэчцы з фэміністкамі. Хто пайшоў у атаку? Зразумела, мужчыны. Жанчыны зьбягалі, дзьве жанчыны фактычна ўратавалі сваё жыцьцё за кошт сваёй спрытнасьці, але скруцілі яго ўсё ж мужчыны. Хоць адны рабілі так, іншыя разьбягаліся, хтосьці тэлефанаваў у міліцыю.

Гэтая сытуацыя, як люстэрка, паказала вастрыню палітычных жарсьцяў у Беларусі. Землятрус бы быў — таксама б сказалі, што Лукашэнка арганізаваў. У гэтых вэрсіях канцы з канцамі не сыходзяцца, тое ж сьмяротнае пакараньне — ён непаўнагадовы, яму сьмяротнага пакараньня ня будзе ў любым выпадку. Але, як той казаў, валі кулём, потым разьбяром. Гэтая сытуацыя паказала, якая нянавісьць да гэтай улады ў значнай частцы беларусаў. І любы штуршок, любая нагода зьяўляецца падставай для таго, каб выплюхнуць яе на ўладу.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG