Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якія вынікі другога раўнду дэбатаў на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША?

Якія вынікі другога раўнду дэбатаў на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША?

Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Дракахруст: Калі асабісты двубой, вайна кампраматаў стваралі ладную частку і першага раўнду тэледэбатаў Клінтан-Трамп, то другі раўнд пераважна зь іх і складаўся.


Напярэдадні была абнародаваная стужка 11-гадовай даўніны, на якой Трамп у даволі грубай форме выказваўся пра жанчын і апісваў свой стыль сэксуальных заляцаньняў. Стужка спарадзіла чарговы вялікі скандал, уплывовыя асобы ў рэспубліканскай партыі заявілі, што Трамп ня можа прадстаўляць партыю на выбарах, пачаліся размовы пра тое, ці нельга нават цяпер, за месяц да выбараў, адхіліць яго ад кампаніі. Адказ, зразумела, адмоўны, але тое, што дайшло да такіх размоваў, сьведчыць пра стаўленьне да Трампа значнай часткі яго партыі.

Зразумела, Клінтан не ўпусьціла магчымасьці гэтым скарыстацца. На выбачэньне Трампа і словы, што гэта была звычайная размова ў мужчынскай распранальні, дадала, што гэтак жа зьняважліва яе канкурэнт ставіцца і да чарнаскурых, і да лацінаамэрыканцаў, і да шэрагу іншых групаў насельніцтва. І зрабіла выснову: такі чалавек ня можа быць прэзыдэнтам ЗША.

Трамп не застаўся ў даўгу, ён прыгадаў Клінтан і гісторыю з прыватнымі імэйламі, якія яна рассылала з асабістай пошты, калі была дзяржсакратаром, і шматлікія выпадкі сужэнскай нявернасьці яе мужа Біла.

Наконт першага сюжэту Трамп сказаў, што калі стане прэзыдэнтам, то даручыць адпаведным органам грунтоўна разабрацца і пасадзіць Клінтан за краты. Абсалютна ў стылістыцы нашых краёў.

Трамп запрасіў у студыю жанчын, якія былі фігуранткамі сэксуальных скандалаў Біла Клінтана. Пры гэтым Трамп спрытна павярнуў грахі Біла на Гілары, сказаўшы, што яна перасьледавала каханак мужа.

Што тычыцца сэксуальных прыгодаў мужа канкурэнткі, то Трамп запрасіў у студыю жанчын, якія былі фігуранткамі сэксуальных скандалаў Біла Клінтана. Пры гэтым Трамп спрытна павярнуў грахі Біла на Гілары, сказаўшы, што яна перасьледавала каханак мужа.

Апанэнты прадэманстравалі істотна розныя падыходы і да эканамічных, і да зьнешнепалітычных сюжэтаў. Трамп крытыкаваў праграму мэдычнага страхаваньня, уведзеную пры прэзыдэнце Абаме, так званую «Абамакэар», Клінтан абараняла яе. Трамп паўтараў свае тэзы аб абмежаваньні іміграцыі мусульманаў, чаму запярэчыла Клінтан, скардзіўся на дэмпінг на амэрыканскім рынку з боку кітайскіх вытворцаў сталі, на што Клінтан заўважыла, што будаўнічыя кампаніі Трампа тую кітайскую сталь і купляюць.

Важнай тэмай дэбатаў ізноў стала Расея, яе палітыка ў Сырыі. Клінтан паўтарыла, што Расея ў Сырыі не змагаецца зь «Ісламскай дзяржавай», а адно хоча ўтрымаць рэжым Асада. «Я супрацьстаяла Расеі, супрацьстаяла Пуціну, калі была дзяржсакратаром, буду рабіць гэта і калі стану прэзыдэнтам», — сказала яна. Трамп прадэманстраваў іншы падыход, сказаўшы, што вораг Амэрыкі ў рэгіёне — гэта «Ісламская дзяржава», а зусім ня Асад.

Цікавай была канцоўка дэбатаў. Клінтан і Трампа папрасілі сказаць, што яны бачаць станоўчага ў сваім канкурэнце. Трамп сказаў: яна не здаецца, яна змагар, за што я яе паважаю. Ну, а Клінтан адзначыла, што паважае дзяцей Трампа. Як у старым савецкім анэкдоце: дзеці ў вас прыгожыя, а ўсё што рукамі і галавой робіце — вельмі кепскае.

CNN ужо абнародавала дадзеныя апытаньняў, паводле якіх перамогу ў гэтым раўндзе дэбатаў атрымала Клінтан. Дарэчы, паводле рэйтынгаў, яна, здаецца, ізноў адарвалася ад Трампа і пераважае яго на некалькі працэнтных пунктаў.

Lругі раўнд стаў, як пішуць амэрыканскія выданьні, даволі брудным. Але, як мне падалося, пераможцы ў ім не было.

Што да мяне, то мне падалося, што на гэтых дэбатах апанэнты аказаліся годнымі адзін аднаго. У адрозьненьне ад першага раўнду, калі Трамп, здаецца, крыху разгубіўся ад напору Клінтан, другі раўнд стаў, як пішуць амэрыканскія выданьні, даволі брудным. Але, як мне падалося, пераможцы ў ім не было.

Карбалевіч: Тут варта зьвярнуць увагу на самы жанр дэбатаў. Гэта ня столькі выкладаньне сваіх праграмаў, ня столькі дэманстрацыя сваёй палітычнай кампэтэнтнасьці, колькі дэманстрацыя палемічнага дару, здольнасьці ўкалоць суперніка, знайсьці яго слабае месца, а таксама выкруціцца ад непрыемных пытаньняў апанэнта. А таксама паказаць свой талант артыста, прамоўцы. Вось гэта і ацэньваецца падчас дэбатаў.

Калі казаць пра зьмест дэбатаў, то ізноў на першы плян выйшла тэма «Трамп і жанчыны». Думаю, яго скандальныя выказваньні пра жанчын, паказаныя па ТБ, моцна падарвалі імідж Трампа ў жаночым асяродзьдзі. Зразумела, што Клінтан гэта актыўна выкарыстоўвае. Думаю, менавіта на гэтай тэме Трамп можа пагарэць. Магчыма, дзякуючы гэтаму, Клінтан выйграла, паводле апытаньня CNN. Невыпадкова цяпер у рэспубліканскай партыі новы выбух роспачы і пошукі магчымых варыянтаў выйсьця.

Cкандальныя выказваньні пра жанчын, паказаныя па ТБ, моцна падарвалі імідж Трампа ў жаночым асяродзьдзі. Клінтан гэта актыўна выкарыстоўвае.

Зьвяртае на сябе ўвагу рознае стаўленьне да Расеі двух кандыдатаў. Клінтан дэманструе жорсткасьць адносна Масквы, прычым яе пазыцыя больш жорсткая, чым у цяперашняй адміністрацыі Абамы. Трамп, наадварот, займае мяккую пазыцыю, кажа пра неабходнасьць дамаўляцца з Расеяй, у тым ліку і па сырыйскім пытаньні.

Цяжка даваць нейкія прагнозы, бо ўсе папярэднія прагнозы пра тое, што Клінтан пераможа, ня спраўджваюцца, таму што зусім нядаўна рэйтынгі зраўняліся. Таму магчымыя самыя нечаканыя павароты.

Цыганкоў: Дэбаты перайшлі ў двубой асобаў, уколы, нападкі, і значная частка была прысьвечаная бою паміж двума кандыдатамі як людзьмі, а не выразьнікамі ідэалёгіяў і палітычных падыходаў.

То бок, важнейшымі аказаліся не палітычныя прынцыпы, а тое, як асоба можа спадабацца тым ці іншым групам выбаршчыкаў. Было некалькі забаўных момантаў.

Якраз пасьля таго, як абмяркоўвалі адносіны Трампа з жанчынамі, вядучая задае пытаньне і ўдакладняе: хто з вас будзе першы адказваць. Трамп кажа — я джэнтэльмэн, хай Гілары адказвае. І адразу рогат у залі, наколькі парадаксальна гэта сэнтэнцыя пра джэнтэльмэнства гучала пасьля тых словаў, якія там абмяркоўваліся.

Увогуле ўжо другія дэбаты, калі мае ўласныя прагнозы наконт паводзінаў Гілары Клінтан не апраўдваюцца. Зыходзячы зь яе папярэдняй кар’еры, зь яе палітычнага стылю, рабілася ўражаньне, што яна ня самы зацяты баец, ня самы лепшы дыскутант, ня самы яскравы ўдзельнік публічных дэбатаў. Здавалася, што яна бюракратычны палітык, можа нават у нейкай ступені шэры, у адрозьненьне ад яскравага, контравэрсійнага Трампа.

Моцна падрыхтаваная Хілары Клінтан палемічная. І гэта тое, што лічылася яе патэнцыйным слабым месцам у параўнаньні з такім гаваркім і непаліткарэктным Трампам.

Але вось ужо другі тур дэбатаў, Хілары Клінтан паказвае, што гэта зусім ня так, што яна, безумоўна, умее весьці дыскусію, не баіцца адказваць, можа вельмі непасрэдна рэагаваць на павароты дыскусіі, на нападкі свайго апанэнта.

Нават у літаральным сэнсе яна заходзіла на тэрыторыю Трампа, яна хадзіла па залі, дзе ішла дыскусія, ня проста сядзела ў сваім крэсьле, а праходзіла на палову Трампа і гэтым ставіла яго ў няёмкае становішча, ён вымушаны быў адсоўвацца. Я думаю, гэта прадуманы ход. Выглядала гэта пераканаўча, бо яна паказвала, што яна тут дамінуе.

Для мяне ўжо другі раўнд дэбатаў зьяўляецца нечаканасьцю, наколькі моцна падрыхтаваная Хілары Клінтан палемічная. І гэта тое, што лічылася яе патэнцыйным слабым месцам у параўнаньні з такім гаваркім і непаліткарэктным Трампам. Але Гілары Клінтан паказала, што можа быць вельмі годным супернікам.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG