Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч са Скарынам, дэпутаты без палаты, забойца пад вартай


Сьвятлана Алексіевіч з кнігай "Ісус Сірахаў" Бібліі Скарыны

Сьвятлана Алексіевіч з кнігай "Ісус Сірахаў" Бібліі Скарыны

АЛЕКСІЕВІЧ СА СКАРЫНАМ, ДЭПУТАТЫ БЕЗ ПАЛАТЫ, ЗАБОЙЦА ПАД ВАРТАЙ

На 91-м годзе жыцьця памёр выбітны рэжысэр польскага кінэматографу Анджэй Вайда. Прозьвішча Анджэя Вайды крытыкі і гісторыкі кіно называюць у адным шэрагу зь імёнамі Фэдэрыка Фэліні, Мікелянджэля Антаніёні, Інгмара Бэргмана, Стэнлі Кубрыка, Андрэя Таркоўскага. Сёлета Вайда закончыў свой апошні мастацкі фільм «Powidoki» (Пасьлявобразы), пра народжанага ў Менску польскага мастака Уладзіслава Стшэміньскага (1893-1952).

АЛЕКСІЕВІЧ НАД КНІГАЙ ПЕРШАДРУКАРА. Беларуская нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч стала першай наведніцай, якой у Нацыянальным музэі ў Празе дазволілі пагартаць біблейскую кнігу «Ісус Сірахаў», перакладзеную і выдадзеную Скарынам у чэскай сталіцы 500 гадоў таму. Гэта адзіны ў Чэхіі экзэмпляр кнігі нашага першадрукара.

ДАМОВІЛІСЯ НАКОНТ ГАЗУ? Кошт расейскага газу для Беларусі будзе істотна зьніжаны, аднак Беларусь пры гэтым мусіць выплаціць запазычанасьці па газе перад Расеяй. Пра гэта паведаміў віцэ-прэм’ер Ўладзімер Сямашка. Сямашка аднак не сказаў, колькі Беларусь завінавацілася Расеі за ўжо пастаўлены газ. Раней Масква заяўляла, што запазычанасьць Беларусі па газе складае 270-300 мільёнаў даляраў. Менск, у сваю чаргу, гэтага доўгу не прызнаваў.

ДОБРА Ў ПАЛАЦЕ, НЯБЛАГА І БЕЗЬ ЯЕ. Наша калега Іна Студзінская высьвятляла, за што будуць жыць ранейшыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія сёлета туды не патрапілі. Няма чаго хвалявацца – яны будуць жыць значна лепей, чым пераважная большасьць беларусаў. Хоць і ня так добра, як былыя дэпутаты расейскай Думы.

ПАЎТАРА ГОДУ ЗА САБАКУ. У Менску вынесены прысуд Аляксандру Радкевічу, які адрэзаў галаву сабаку, прынесенаму дахаты ягоным сынам. Радкевіч прызнаны вінаватым і асужданы на 1,5 году зьняволеньня ва ўмовах агульнага рэжыму і прымусовае лячэньне ад алькагалізму. Гэта была адна зь першых справаў пасьля ўвядзеньня ў Крымінальны кодэкс адказнасьці за зьдзек з жывёлаў.

СУДЗЯЦЬ ЗА «ЖАРТ» ПРА БОМБУ. Суд у Менску пачаў разглядаць справу расейскай праваабаронцы Марыі Рымар. Рымар затрымалі ў менскім аэрапорце, абвінаваціўшы ў наўмысна лжывым паведамленьні пра бомбу ў багажы. Інцыдэнт адбыўся 7 ліпеня. Толькі праз 11 дзён Марыю Рымар вызвалілі зь СІЗА, але ў Расею ехаць не дазволілі, наклаўшы на жанчыну абмежаваньні ў перасоўваньні. Ёй пагражае да 5 гадоў зьняволеньня.

КАШМАР У «ЭЎРОПЕ». У менскім гандлёвым цэнтры «Эўропа» на выходных 17-гадовы юнак напаў з бэнзапілой і сякерай на людзей. У выніку 43-гадовая жанчына загінула на месцы, 46-гадовая атрымала траўмы і знаходзіцца ў рэанімацыі. Нападнік, які знаходзіцца пад вартай, вучыўся на першым курсе юрыдычнага факультэту па спэцыяльнасьці міжнароднае права. Беларускае тэлебачаньне са спасылкай на праваахоўныя органы паведаміла, што малады чалавек два гады таму праходзіў лячэньне ў псыхіятрычным дыспансэры.

Падпісацца праз электронную пошту.

XS
SM
MD
LG