Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы — здраднікі расейскай улады…


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Дзед майго сябра пару месяцаў у юнацтве правёў у Берасьцейскай крэпасьці. Сталін з Гітлерам тады сябравалі, але мясцовых палешукоў Сталін чамусьці ў крэпасьць мабілізаваў.

Калі прыйшлі немцы, яны прапанавалі мясцовым выходзіць, паабяцалі не чапаць. Так і сталася. Дзед, тады юнак Зьміцер, пайшоў дахаты ў адну зь вёсак Белавескай пушчы.

Расейскі блогер Арцемі Лебедзеў назваў Берасьце «горадам баязьліўцаў», бо, маўляў, гараджане не змагаліся зь немцамі.

Дзед Зьміцер да 1944 году кожную сэкунду быў на мяжы сьмерці. Справа ў тым, што яго хата была найлепшай у вёсцы, і ў ёй жылі нямецкія камандзіры. А ў склепе-«бульбасховішчы» на гародзе тры гады жылі два чырвонаармейцы. Дзед Зьміцер выратаваў ім жыцьцё.

Ці быў карысьлівы інтарэс у беларускага палешука? Маўляў, я іх выратую, а таму мяне не засудзяць за «супрацу зь немцамі». У 1942 годзе нішто не паказвала на тое, што СССР пераможа. Проста дзед Зьміцер быў чалавекам.

Ці быў ён баязьліўцам? Напрыклад, баяўся забіць немцаў у сваёй хаце. Рытарычнае пытаньне, бо ён рызыкаваў жыцьцём. Ён быў сьмелым чалавекам. А калі б забіў, немцы спалілі б усю вёску разам з прыхаванымі чырвонаармейцамі.

«Берасьцейцы не бараніліся ад немцаў». Адкуль Лебедзеву ведаць, што берасьцейцы бараніліся ад немцаў крыху раней — у 1939-м?

І што прыход немцаў у 1941-м успрынялі як чарговую рэакупацыю пасьля саветаў, палякаў і «першых немцаў»? І што саветы дзейнічалі менавіта як акупанты — адбіралі маёмасьць. І што паміраць за «савецкую радзіму» ніхто не зьбіраўся, бо такой радзімы ў іх не было.

«Трус, трус — белорус» — гэта пра вайну. «Белорусы трусы и предатели» пачуў я калісьці ад дачкі савецкага падпалкоўніка, камандзіраванага ў БССР зь Сібіры. Дзяўчына чула такую вэрсію ад дарослых у сваім сібірскім жыцьці. «Баязьліўцы і здраднікі», бо самі не імкнуліся да абароны, а партызанскі рух урэшце арганізаваў Крэмль.

У тую вайну беларусы чарговы раз трапілі ў агонь між двума акупантамі. Магчыма, ва Ўсходняй Беларусі тады ўжо нарадзілася генэрацыя, якая ўспрымала Маскву як сваю. Але ў Заходняй такіх было мала. Таму «баязьліўцы» — сьмешна, «здраднікі» — абсурдна. Здраднікі каму ці чаму? Леніну-Сталіну? Маскве?

Цяпер вось расейскі блогер заплаціў расейскім грамадзянам мільён расейскіх рублёў (каля 32 000 беларускіх рублёў) за сьцьверджаньне, што беларусы не баранілі расейскую ўладу. Некаторыя расейскія грамадзяне палічылі сьцьверджаньне абразай.

Сяргей Прылуцкі: «Проста як у прытчы, чакаеш, і па рацэ плывуць трупы».

У нашым выпадку — ідэалягічныя трупы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG