Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Расеі пацьвердзіла перамяшчэньне ракетных комплексаў у Калінінградзкую вобласьць


Міністэрства абароны Расеі пацьвердзіла перамяшчэньне апэратыўна-тактычных ракетных комплексаў «Іскандэр-М» у Калінінградзкую вобласьць, на памежную зь Літвой і Польшчай тэрыторыю. Як заявіў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Расеі Ігар Канашэнкаў, разгортваньне ёсьць часткаю звычайных вучэньняў па ўсёй Расеі пры ўдзеле тактычных ракет «Іскандэр-М» далёкасьцю каля 500 кілямэтраў.

У пятніцу агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцы ў амэрыканскай выведцы паведаміла, што Расея перамясьціла ракетныя комплексы «Іскандэр-М» у Калінінградзкую вобласьць. Такія зьвесткі распаўсюджвала раней і брытанская газэта The Guardian са спасылкай на эстонскія крыніцы.

Два гады таму Расея ўжо перамяшчала ў Калінінградзкую вобласьць апэратыўна-тактычныя ракетныя комплексы «Іскандэр», як заявілі ў Міністэрстве абароны краіны, для ўдзелу ў вайсковых вучэньнях.

Расея неаднаразова пагражала разьмясьціць сыстэмы ПРА ў Калінінградзе, непасрэдна «на парозе» ЭЗ і краін вайсковага альянсу НАТО.

Напружанасьць у адносінах паміж Расеяй, Злучанымі Штатамі і іншымі заходнімі дзяржавамі ўзмацнілася на працягу апошніх двух тыдняў з моманту правалу перамоваў аб спыненьні агню ў Сырыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG