Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сойм Партыі БНФ не прызнаў новы склад парлямэнту выразьнікам волі беларускага народу

  • БелаПАН

Такая рэзалюцыя была прынятая на першым пасьля выбараў пасяджэньні Сойму, які прайшоў у Менску 8 кастрычніка.

У дакумэнце адзначаецца, што апошнія парлямэнцкія выбары былі праведзеныя «паводле звычайнай для Беларусі схемы татальных незаконных маніпуляцый». Палата прадстаўнікоў, на думку Партыі БНФ, зьяўляецца «прызначанай, а не абранай народам на свабодных і справядлівых выбарах» і «ня можа адлюстроўваць палітычную волю беларусаў».

На думку Сойму партыі, тое, што ў склад парлямэнту ўвайшлі «дзьве прадстаўніцы не залежных ад рэжыму грамадзкіх структур», не мяняе ацэнкі выбараў і адносіны БНФ да складу парлямэнту ў цэлым. У той жа час Партыя БНФ разьлічвае, што «прапановы па дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства, аформленыя кампаніяй назіраньня „Права выбару“ ў выглядзе законапраекту, стануць асновай для дзейнасьці прадстаўнікоў грамадзкасьці ў парлямэнце».

«Усе зьмены або „касмэтычныя паляпшэньні“ [выбарчага заканадаўства], пра якія кажуць асобныя замежныя назіральнікі, ня маюць прынцыповага значэньня і ляжаць выключна ў сфэры рыторыкі, а не рэальнага рэфармаваньня выбарчых працэдур», — адзначана ў рэзалюцыі.

Рэзалюцыя зьвяртае ўвагу назіральнікаў АБСЭ на павелічэньне ціску і рэпрэсій на экс-кандыдатаў і ўдзельнікаў кампаніі назіраньня ў першыя ж тыдні пасьля выбараў, а таксама на тое, што ў Беларусі цяпер як мінімум трое палітвязьняў, прызнаных праваабаронцамі, знаходзяцца за кратамі.

«Мы канстатуем, што падчас гэтых парлямэнцкіх выбараў афіцыйны Менск не зрабіў нічога, што магло б быць падставай для прызнаньня іх дэмакратычнымі. З улікам выкладзенага, месца беларускага парлямэнту ў парлямэнцкай асамблеі Ўсходняга партнэрства „Эўранэст“ павінна заставацца вакантным», — адзначылі ў Партыі БНФ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG