Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Супраціўляцца таму, што прапануе ўрад і МВФ, Лукашэнку вельмі складана»


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Якія галоўныя тэмы закрануў кіраўнік Беларусі ў сваім выступе ў Палаце прадстаўнікоў? Ці сапраўды для яго мала двух апазыцыянэрак у парлямэнце? Чаму Аляксандар Лукашэнка чарговы раз заявіў, што Беларусі не патрэбныя рэформы? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць палітычны аглядальнік Аляксандар Класкоўскі і эканаміст Сяргей Чалы. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Кіраўнік Беларусі 6 кастрычніка выступіў перад старым і новым складам Палаты прадстаўнікоў. Што вам падалося істотным і прынцыповым, ці былі нейкія новыя матывы і акцэнты?

Класкоўскі: Нечакана шмат часу ў розных варыяцыях Лукашэнка прысьвяціў тэме апазыцыі, яе поглядам, плянам. Апошнім часам ён, здавалася, выбраў іншую тактыку — проста ігнараваў апазыцыю. Сапраўды, на сёньня яна дастаткова маргіналізаваная і як палітычны гулец выглядае ня надта моцна.

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Аднак Лукашэнка парушыў стэрыльнасьць Палаты, туды трапілі дзьве прадстаўніцы дэмакратычных сілаў. І Лукашэнка ня так, як раней, калі кідаўся на апазыцыю з шчырай лютасьцю, а тут даволі ляніва і рытуальна дубасіў апазыцыю як баксёрскую грушу. Маўляў, у апазыцыі вераломныя пляны наконт рэформаў — правесьці бандыцкую прыватызацыю і гэтак далей. Фактычна ён тым самым імкнуўся апраўдаць сваё нежаданьне ісьці на рэформы.

Гэтыя развагі Лукашэнкі абсалютна алягічныя. Простае пытаньне «А хто сёньня кіруе краінай?» разьбівае ўсе гэтыя нібыта аргумэнты. Хто замінае не па-бандыцку, а цывілізавана, паводле матрыцы МВФ, правесьці рэформы? Але ж некалькі дзён таму Лукашэнка і падыходы МВФ разьбіў на адмысловай нарадзе. Таму я тут бачу найперш ранейшае нежаданьне ладзіць рэформы — сёе-тое саступаць МВФ, але разам з тым пускаць гэтую дымавую заслону, паказваць клопат пра народ.

Цыганкоў: А як вам гэты пасаж Лукашэнкі — «Сёньня ёсьць ужо ў парлямэнце прадстаўнікі апазыцыі, але мала. Я хацеў бы, каб было болей. Але вельмі ўжо далёкая апазыцыя ад інтарэсаў народу»? Вядома, хочацца адрэагаваць — «ну, прызначыў бы больш, было б больш».

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Класкоўскі: Лукашэнка даволі шчыра казаў, што мы хацелі правесьці выбары так, каб спадабацца ўсім. І ў пятніцу на трыбуне ён таксама хацеў спадабацца ўсім. Вось адсюль так шмат алягізмаў. Але іх ня варта аналізаваць з гледзішча фармальнай лёгікі. Калі ён кажа, што ў апазыцыі «бандыцкія пляны», — дык нашто яе болей у парлямэнце?

Я думаю, тут лёгіка адна — захаваньне ўлады. Але паколькі ўмовы мяняюцца, старая эканамічная мадэль не працуе, патрэбныя новыя рэсурсы, грошы ў замежных крэдытораў. Таму трэба лавіраваць, кожнаму гульцу казаць тое, што падабаецца, і пры гэтым захоўваць свой інтарэс — захаваньня вось гэтай ранейшай любоўна адбудаванай сыстэмы ў недатыкальнасьці, ці зь нейкімі касмэтычнымі зьменамі.

Ідэя заключалася ў стварэньні нейкага шырокага руху, левай альтэрнатывы з пункту гледжаньня абароны інтарэсаў народу ад нападак тэарэтыкаў, якія заселі ва ўрадзе (як сказаў Лукашэнка), лібэралаў, якія «ня ведаюць жыцьця»

Чалы: Мы надта шмат зьвяртаем увагу на двух апазыцыянэрак у парлямэнце. А між тым значна больш сур’ёзныя зьмены адбыліся ў структуры Палаты, бо істотна павялічылася прадстаўніцтва левых партыяў — камуністаў (сапраўдных) і Партыі працы і справядлівасьці. У мяне была такая гіпотэза, што ідэя заключалася ў стварэньні нейкага шырокага руху, левай альтэрнатывы з пункту гледжаньня абароны інтарэсаў народу ад нападак тэарэтыкаў, якія заселі ва ўрадзе (як сказаў Лукашэнка), лібэралаў, якія «ня ведаюць жыцьця».

Я наўмысна паглядзеў выступ Лукашэнкі ў дзень свайго прэзыдэнцкага галасаваньня і ў дзень інаўгурацыі. Практычна даслоўна цяпер тыя тэзісы былі пацьверджаныя. Наконт таго, што «я гатовы на любыя рэформы, самыя радыкальныя — але гэтага ня хоча народ». Тады, на прэзыдэнцкіх выбарах, у народу не было нават фармальнай магчымасьці спытаць пра гэта — бо ніякай праграмы ў Лукашэнкі не было. І вось парлямэнцкія выбары выканалі важную ідэалягічную задачу. Маўляў, глядзіце, за сапраўдных апазыцыянэраў, якія хочуць усё падзяліць і распрадаць, галасавала вельмі мала...

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы

Цыганкоў: Сяргей, але ж вы усур’ёз ня лічыце, што Лукашэнка і сапраўды верыць, што апазыцыя імкнецца да такіх рэформаў? Ён гэта кажа для таго, каб зьняславіць апазыцыю ў вачох грамадзянаў.

Чалы: Вядома, размова ідзе пра такую ідэалягічную двуххадоўку. Быў выказаны тэзіс, што «гэта ж ня я супраціўляюся рэформам, а гэта сам народ ня хоча». Таму на парлямэнцкіх выбарах здарыўся менавіта такі вынік, калі рэзка павялічылася прадстаўніцтва левых партыяў. І «Гавары праўду», хаця і не прайшла ў Палату, але таксама нядаўна выказалася, што рэформы, якія прапануюцца МВФ, давайце аднясем у самы канец сьпісу рэформаў.

Вось такая канструкцыя, дзе немагчыма даведацца, што на самай справе думае народ, паколькі выбараў няма і сацыялёгіі няма. Гэта і дазваляе ствараць такія сымулякры, зьвязаныя з тым, што «рэфарматараў жа няма, але ёсьць людзі, якія абараняюць народ, што не гатовыя ісьці на радыкальныя рэформы за ягоны кошт». Прыгожы спосаб адвесьці ад сябе накіраваньне ўдару.

Цыганкоў: Ці працуе на грамадзкую думку гэтая канструкцыя «я гатовы на рэформы, але вы не гатовыя»?

Класкоўскі: Натуральна, страшылкі ў пэўным сэнсе спрацоўваюць. Невыпадкова, у яго была вельмі дакладная праца на мэтавую аўдыторыю. Намэнклятуру ён палохаў, што апазыцыя вам рыхтуе люстрацыю. А просты люд палохаў камуналкай. Хаця любы экспэрт патлумачыць, адкуль дзяржава бярэ гэтыя грошы на камуналку — праз перакрыжаванае субсыдаваньне забіраюць у людзей, праз падвышаныя цэны на прадукцыю прадпрыемстваў. Але на абывацеля гэта ў пэўнай ступені дзейнічае.

Калі Лукашэнка кажа «я гатовы, а вы не гатовыя» — то тым самым канстатуе адсутнасьць палітычнай волі да рэформаў.

Калі Лукашэнка кажа «я гатовы, а вы не гатовыя» — то тым самым канстатуе адсутнасьць палітычнай волі да рэформаў. Бо калі ён сапраўдны лідэр, то мусіць зразумець, што любыя лекі пры сёньняшнім запушчаным стане беларускай эканомікі — яны горкія. Але каб выздаравець — іх трэба праглынуць. І сапраўдны лідэр — гэта той, які ідзе на непапулярныя крокі дзеля пэрспэктывы краіны. А калі ў галаве галоўная думка, як захаваць уладу, як не разбурыць гэтую сыстэму, якая забясьпечвае пераабраньне, — тады і гучаць адгаворкі, што «народ не гатовы».

Чалы: Я лічу, што гэты ідэалягічны залп, які апошнім часам адбываецца, якраз сьведчыць пра тое, што пазыцыя вельмі слабая. Што супраціўляцца таму, што прапануе ўрад і МВФ, Лукашэнку вельмі складана. Я думаю, што мы будзем назіраць збліжэньне ў бок неабходных захадаў — і разам з тым усё гучнейшымі будуць заявы пра тое, як на гэтым шляху абараняюцца «інтарэсы народа».

І я думаю, што гэтыя словы — гэта спосаб узмацніць перамоўную пазыцыю адміністрацыі прэзыдэнта з урадам і МВФ. І памятаеце, аналягічныя рэчы адбываліся з падвышэньнем пэнсійнага ўзросту. У пачатку году была нарада, дзе гучала, што «народ не гатовы». Але праз тры тыдні народ аказаўся гатовы, нават сам папрасіў. Лукашэнка выказаў удзячнасьць, што «народ увайшоў у становішча». Так што не выключаю, што гэты сцэнар і тут магчымы.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG