Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памяці Надзеі Аўсіевіч


Надзея Аўсіевіч
Надзея Аўсіевіч

Навіна зьявілася і паступова зьнікла ў павуціньні іншых спасылак – жыцьцё працягваецца, абнаўляецца і абнуляе тых, хто сышоў. Так выглядае на маніторы. Ня так у рэальнасьці.

Для Пінска зьнікненьне Надзі Аўсіевіч зьмяняе ўсю карціну, бо яна – адна з тых, хто ўвесь час псаваў усталяваны Лукашэнкам «парадачак», калі дзяржава вырашае ўсё самастойна і не дапускае іншых меркаваньняў, адмаўляючы ў існаваньні нейкай там грамадзянскай супольнасьці.

Мы пазнаёміліся шаснаццаць гадоў таму. «Свой першы мітынг супраць дыктатуры», пра які пісаў у вершы Ўладзімер Някляеў, я помню вельмі падрабязна. Гэта была досыць шматлюдная, як для нашага гораду, акцыя «Байкот-2000» супраць парлямэнту-падробкі. У паветры яшчэ віравалі нейкія надзеі на тое, што зьмены магчымыя, што на ўлады прынамсі можна паўплываць. Пад бел-чырвона-белымі сьцягамі стаялі прадстаўнікі ці ня ўсіх грамадзкіх арганізацыяў і партый горада, моладзь, люд паспаліты. Не было думкі, як можна стаяць на адным лапіку зямлі побач, усе супярэчнасьці падаваліся вырашальнымі і тым больш знаходзіліся ў рэчышчы ідэалягічным, то бок у сфэры дыялёгу і дамовы.

Менавіта тады я ўпершыню і пачуў пра «Калегіюм», які ўзначальвала Надзея Аўсіевіч.

Гісторыя патрабуе называць тут яшчэ некалькі прозьвішчаў. Перш за ўсё нічога б не адбылося, калі б у Пінск, разам з найвядомейшым рэпарцёрам Рышардам Капусьцінскім не прыехала напрыканцы 1990-х фотамастачка Марыя Сёдэрбэрг, швэдзкая актывістка і апантаная падарожніца, якая магла працаваць і ў «гарачых кропках» і не мінаць цікавай нагоды для падарожжа – хоць бы і ў невядомую Беларусь. У сваіх блуканьнях па пінскіх балотах натыкнулася грамада і на суполку жанчын, якія мелі шмат імпэту да працы. Гэта і быў будучы «Калегіюм» і старшынёй яго была трыццацігадовая Аўсіевіч, выпускніца Інстытуту замежных моваў. Калі так казаць, што швэды нешта цяпер для беларускай культуры значаць, то абавязкова варта ўспамінаць тую безь перабольшаньня лёсавызначальную сустрэчу. Сёдэрбэрг заснавала швэдзкамоўны сайт пра Беларусь, правяла ў Стакгольме шэраг мітынгаў і пікетаў, каб сабраць дапамогу нікому не вядомай арганізацыі ў Пінску. Вынікам стаў буйнамаштабны праект супрацоўніцтва паміж Пінскам і Швэцыяй у галіне прафіляктыкі нарказалежнасьці і шматлікія адукацыйныя і культурна-асьветныя праграмы. Скрыгочучы зубамі, некалькі разоў адкінуўшы акуратна аформленую дакумэнтацыю, улады зарэгістравалі аб’яднаньне. Больш таго, зь цягам часу сталі прымаць яго пад увагу – бо Пінск паступова запаўняўся макавай саломкай і выйшаў на першае месца ў вобласьці па ВІЧ-інфэкцыі.

Пад крыламі «Калегіюму» выгадаваліся і Дні беларускай і швэдзкай паэзіі, буйнамаштабныя літаратурныя фэстывалі, якія чакаліся пінчукамі штогод, рэклямаваліся па FM-станцыях, у сярэдніх школах і г.д. У Пінску ў самых вялікіх залях пабывалі і выступілі Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Алесь Разанаў, Сьвятлана Алексіевіч, Уладзімер Някляеў, Вальжына Морт, Бенька, Валянцін Акудовіч, Алег Мінкін, кіраўніцтва літаратурных арганізацыяў – імёны сапраўды можна пералічаць цягам цэлай старонкі. Другую старонку занялі б імёны швэдзкіх літаратараў – найвядомейшых у сваёй краіне. Дэпутаты таго самага парлямэнту-падробкі, супраць якога мы выступалі ў 2000-м, самі прыходзілі і перадавалі граматы ад свайго імя ўдзельнікам моладзевага конкурсу, які праводзіўся ў рамках Дзён. І гэта было патрэбна менавіта дэпутатам, а не «Калегіюму» і не Аўсіевіч.

Потым быў палёт мядзьведзікаў над Сухаравым, высылка Стэфана Эрыксана, дэмарш амбасадараў, штамп «Нон-грата» ў пашпарт Марыі Сёдэрбэрг. Усё пасыпалася. Але «Калегіюм» утрымаўся на вадзе і перайшоў на адукацыйныя праекты ў пінскіх школах.

Магчыма, таму ўтрымаўся, што арганізацыя мела ўжо вагу ва ўладных структурах. Зашмат было мяхоў солі зьедзена разам. Магчыма, і таму, што сама Надзея ніколі не палітызавала дзейнасьць «Калегіюму», акуратна адмаўляла палітыкам, ведаючы, што на нелегальным становішчы зможа зрабіць значна менш – наколькі наагул мажлівая нелегальная дзейнасьць у Пінску. Яна хацела працаваць з рэальнымі людзьмі, дзяржаўнымі сыстэмамі і, няхай шляхам кампрамісаў і папсаваных нэрваў, «калегіюмцам» заўжды ўдавалася дамовіцца. Безумоўна, кожны сябра «Калегіюму» ўсё роўна насіў на сабе кляйно нядобранадзейнага, трашчалі і рэзанавалі слухаўкі тэлефонаў, людзі выклікаліся на размовы, рабіліся намёкі. Але так было ад пачатку. Да гэтага прывыклі.

Надзея ўсё роўна кожны дзень акуратна прыходзіла на працу, запарвала моцную каву, правярала пошту, разгортвала стужку «Тутбая» і Радыё Свабода, адказвала на лісты, вяла дакумэнтацыю. Такою яна мне й памятаецца – пунктуальнай, акуратнай, заўсёды ветлівай і жыцьцярадаснай, упэўненай у сваёй рацыі, у патрэбе сваёй працы. Цягам гэтых шаснаццаці гадоў у Пінску зачысьцілі і забаранілі ўсё, што толькі можна было – «Калегіюм» Надзеі стаяў сьцяной, проста таму, што праверкі і дачэпкі разьбіваліся аб ейную падрыхтаванасьць да кожнага пытаньня, якое толькі можна задаць.

Спаўзае і спаўзае навіна пра ейную раптоўную сьмерць на берасьцейскім скрыжаваньні – у глыбіні архіваў. А чаго гэта варта – дзень пры дні, дзесяцігодзьдзямі дзяўбсьці мерзлазём стыглага часу, далёка ад усіх праспэктаў і цэнтраў – хто пра тое гаворыць, хто ведае, хто цэніць?

Горка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG