Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паненкі з чорнымі парасонамі


Адна справа прачытаць у стужцы навін, іншая — убачыць на свае вочы зблізку. Я — аб «чорным пратэсьце» ў Варшаве.

У панядзелак раніцай удзельнікі зьбіраліся ў розных месцах. Праяжджаю трамваем — бачу тлум у чорнай вопратцы, побач паліцыянтаў. Іду паўз Палац культуры ў цэнтры, у сквэры некалькі соцень чалавек. І ня толькі жанчыны. У мэгафон прамаўляе якраз мужчына і гаворыць не аб самой забароне абортаў, а — пра нязгоду з палітыкай цяперашняй улады, пры якой турэмнае пакараньне жанчын за аборты можа стаць рэальнасьцю.

Пасьля свайго позьняга сьняданьня выходжу на Сьвентакжыскую вуліцу, дождж. Па другім баку, спачатку па ходніку, затым па вуліцы рухаецца калёна ў чорным, тысячы людзей. І не сканчаецца. Мне якраз па дарозе, меўся абысьці свае кнігарні, куды заўсёды зазіраю. І зьявіўся журналісцкі азарт. Я бачыў розныя шэсьці ў Варшаве і дастаткова людныя. Бачыў мінулым летам і вельмі сьціплую працэсію з крыжам і Маткай Боскай. І гэта ў зьнешне вельмі рэлігійнай краіне.

«Чорны пратэст» нечакана ўразіў. Палякі збочвалі на вуліцу Кракоўскае прадмесьце, са сьвісткамі, гудкамі рухаліся міма прэзыдэнцкага палаца. Я дайшоў да кнігарні Баляслава Пруса і міжволі працягваў ісьці. Хоць вымак і хоць гаварыў сабе, што я тут проста праездам, кніжны турыст, што мне да іхнага пратэсту.

Прачытаў потым, што паліцыя ацаніла лічбу ўдзельнікаў у сямнаццаць тысяч. СМІ называлі на тры тысячы больш. Гарадзкія ўлады падалі іншую — каля трыццаці тысяч. Паліцыя спасылалася на колькасьць людзей, што сабралася на плошчы перад каралеўскім замкам. На здымках зьверху ён — суцэльна «забрукаваная» чорнымі панцырамі парасонаў паверхня. Паліцыя, праўда, удакладняла, што была вялікая бягучасьць. І ў гэтым напэўна й быў схаваны сапраўдны памер падзеі. Калі міма цябе больш за гадзіну бясконцай плыньню рухаюцца па праезнай частцы людзі, відавочным робіцца, што іх ужо ня тысячы, а дзясяткі тысяч.

Для многіх было галоўным прайсьці ў маршы разам зь іншымі нязгоднымі, выказаць салідарнасьць. Не было абавязковым стаяць на плошчы. Тым больш дождж быў бясконцым. Але асноўнае: у панядзелак многіх чакала праца і вучоба. Тыя, хто прайшоў у шэсьці з малымі дзецьмі, таксама не маглі доўга заставацца там.

Ішлі міма бронзавага Капэрніка, што глядзеў уздоўж вуліцы, і Хрыста, што сагнуўся пад крыжам. Міма каталіцкага ерарха, пісьменьніка Баляслава Пруса, коннай статуі, нашага Міцкевіча, высокага і вялікага.

У мастацкай галерэі справа ад міністэрства культуры, якое насупраць прэзыдэнцкага палаца, у вітрынах напэўна падрыхтаваныя на тэму маршу карціны. Жаночае цела, намёкі, мэтафары. Квадратнае палатно: грудзі, паміж якімі мэдальён, у якім прасьвечвае абрыс немаўляці.

Тым часам уся вуліца рухалася ў адным накірунку. На плякатах ваяўніча паўтаралася па-ангельску і па-польску: «My body — my choice». Альбо «No woman no kraj», дзе ў вядомай фразе з даўняга шлягеру Boney M слова «cry» дасьціпна заменена польскім. Наступны плякат удакладняў: «Wolna kobieta — wolny kraj». Далей несьлі задзірыстае: «Nie ucz matka rodzic’!» («Не вучы маці нараджаць!»).

У намёціку хтось паўтараў у мэгафон фразу «Хочам кахаць, не ўміраць!» Яшчэ нядаўна ў такім намёціку насупраць прэзыдэнцкага палаца праводзілі свае бестэрміновыя акцыі праціўнікі папярэдняй улады — прэм’ера ад партыі «Грамадзянская плятформа» Туска і прэзыдэнта Камароўскага, які быў яе «гадаванцам».

Часам стваралася ўражаньне: марш выглядае на сьвята непаслушэнства ў чорных фарбах. Турысты зьдзіўлена спыняліся, распытвалі гідаў: што адбываецца?.. Сюдой-тудой пахаджаў мужчына, што выглядаў на выпівоху, які паўтараў — яны разам з камуністамі, іх камуністы падвучылі! Ясна: ён быў за турму за аборты. У жорсткім сутыкненьні на чатах наконт падзеі нехта ўпарта паўтараў: яны паддаліся шайтану! І гэта ў нашы дні такія аргумэнты могуць прагучаць у дыскусіі…

Выглядала, што магчымая забарона абортаў была толькі падставай, у свабоднай краіне жанчына хоча быць свабоднай у выбары, вось што асноўнае. І зусім не азначала, што студэнткі альбо нават ліцэісткі, якія прыйшлі паўдзельнічаць у маршы, толькі й думаюць аб абортах. Паўдзельнічаць у пратэсьце — вось што было важным. Разам са сваімі, адчуць згуртаванасьць, згоднасьць у поглядах на жыцьцё.

А што думалася мне? Што ўдзельнікі маршу паказалі: ім больш адпавядаюць лібэральныя каштоўнасьці, свабоднае жыцьцё, не забароны. Што ж, раз так, значыць урадаваньне папярэдняй партыі было ім бліжэйшым, чым цяперашняй. І значыць, што ўскосна яны самі вінаватыя. Іх не напружвала жыцьцё пры «Грамадзянскай плятформе», можна было заяўляць: мяне палітыка не цікавіць! І на выбары год таму яны не пайшлі. І партыя, жыцьцё пры якой моладзь збольшага задавальняла, прайграла. І пытаньне: ці ўдасца такімі пратэстамі дасягаць цяпер сваіх мэтаў?

Цэнтар Варшавы быў цэлы дзень пад уплывам пратэсту пані і паненак і спачуваючых ім мужчын. Пасьля шостай гадзіны ў горадзе ўсё яшчэ былі коркі. Аўтобусы езьдзілі зьмененымі маршрутамі, таксоўцы нецярпліва сыгналілі, ня могучы выбрацца на вольны прасьцяг. Адна частка Варшавы пратэставала, другая пажынала плады. Часта разумеючы пратэстоўцаў ці нават іх падтрымліваючы ў душы. Думаю, у меншасьці былі тыя, хто прыплятаў абавязковых камуністаў напалам з шайтанам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG