Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэйкавая «Сафія» ў Віцебску — паклон «Газпрому»


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Пачалі будаваць макет Полацкай Сафіі ў Віцебску.

Нават не макет, а фантазію на тэму, бо ніхто ня ведае, як дакладна выглядала Сафія ХІ ст. пабудовы, якую ў 1710 годзе зруйнавалі расейскія войскі на загад Пятра І. А да 1750 віцебляне адбудавалі як уніяцкі храм у стылі віленскага барока. І які сёньня музэй і канцэртная заля.

Прадстаўнікі Расейскай праваслаўнай царквы ў Віцебску тлумачаць сваю ініцыятыву жаданьнем аднавіць сьвятыню.

Месца пад навабуд абраў асабіста дэкляраваны спонсар праекту галава «Газпрому» Аляксей Мільлер. Гэта парк на Дзьвіне ў рысе гістарычнага Віцебску. Думаю, «Газпром» — ключавое слова, каб зразумець, як так проста Лукашэнка ўхваліў праект, а мясцовыя ўлады пагадзіліся на сур'ёзную пераробку аблічча цэнтру Віцебску. Ім кошт расейскага газу больш важны.

Зьніжка на газ рэч імаверная, няпэўная. А каму найперш выгадны навабуд? Магчыма, мясцоваму кліру Маскоўскага патрыярхату РПЦ, бо ўвойдуць у гісторыю з рэалізацыяй такой грандыёзнай справы. Магчыма, ідэолягам «русского мира», як мясцовым, так і расейскім. У царскай, савецкай і цяперашняй расейскай трактоўцы копіі Канстантынопальскай Сафіі ў Ноўгарадзе, Полацку і Кіеве сымбалізуюць тры галіны «адзінага рускага народу». Без самастойных беларускай і ўкраінскай нацыяў.

Ёсьць вэрсія, што Сафіі сымбалізавалі не адзінства, а наадварот — незалежнасьць Полацкай, Наўгародзкай і Кіеўскай дзяржаваў. Але пакуль гэта інфармацыя з сэрыі «толькі для спэцыялістаў». Вэрсія пра «трыадзінства» папулярная, вядомая ўсім са школы. Таму маем на сваёй зямлі за дэкляраваныя расейскія грошы зь ініцыятывы расейскай рэлігійнай арганізацыі сымбаль адсутнасьці беларусаў як самастойнай нацыі. Хто робіць – той і расстаўляе акцэнты.

З прыватных размоваў са знаёмымі віцяблянамі я ведаю, што ніхто ня згадвае ні ХІ ст., ні Пятра І, ні тэорыю «трыадзінства». Патрабаваньне людзей: «Стаўце ў іншым месцы». А ў іншым, напрыклад, віцебскім мікрараёне, няма сэнсу, бо будзе проста новы храм, без усялякай палітычнай ідэі.

Уявіце сабе — раптам грамадзкасьць перамагае, будоўля пераносіцца. Вы чулі калі-небудзь, каб РПЦ ці «Газпром» былі пераможаныя грамадзкасьцю ў Расеі? Разам з арміяй гэта кіты, на якіх стаіць расейская дзяржаўнасьць. А тут у Беларусі надумалі — наіўныя.

Але шанцы ёсьць, мясцовыя ўлады пакуль не далі канчатковага адказу на зварот грамадзянаў, хоць будаўнічая пляцоўка абсталяваная, і фармальна будаўніцтва пачалося.

Гісторыя цягнецца больш за год. Гэта не лякальная віцебская праблема. Гэта праблема ўсёй краіны, якую актыўная частка грамадзтва прапусьціла. Магчыма, таму, што акцэнт рабіўся на абароне дрэваў, а гэта тыповая лякальная тэма. Але ж дрэвы — вершаліна айсбэргу.

А ўсебеларуская праблема ў тым, што ствараецца прэцэдэнт, калі за газ можна ўсё аддаць, абы дагадзіць "саюзьніку" і выгандляваць у яго скідку. А калі заўтра ў цэнтры Менску захочуць збудаваць копію маскоўскага Крамля?

Тут не сьвятыня аднаўляецца, тут будуецца расейскі ідэалягічны аб'ект. Такая сабе выведка боем. Беларускія ўлады вайсковыя самалёты пакуль не пусьцілі да сябе, а «палітаддзел» — прайшоў.

Калі пакідаць справу толькі віцебскай грамадзкасьці, заўтра «палітаддзел» прыйдзе проста на менскую Зыбіцкую.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG