Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Фёдар, вы ня маеце рацыі» — Кадыраў адказаў на прэтэнзіі за дзіцячыя баі


Рамзан Кадыраў абвінаваціў прэзыдэнта Саюзу зьмешаных баявых адзінаборстваў Расеі Фёдара Емяльяненку ў парушэньні маралі і этыкі за публікацыю фатаграфій з турніру ў Грозным, у якім бралі ўдзел сыны кіраўніка Чачні.

«Выстаўляць фота чужых дзяцей і правакаваць пад ім непахвальныя камэнтары, ёсьць наўпроставае парушэньне этыкі і маралі» — напісаў Кадыраў у інстаграме. Камэнтуючы пазыцыю Емяльяненкі з нагоды недапушчальнасьці дзіцячых баёў, кіраўнік Чачні падкрэсьліў, што паставіўся да яе з разуменьнем, калі б Емяльяненка «хоць бы раз прыехаў у Чачню» і паглядзеў, як там разьвіваюць спорт і клапоцяцца пра дзяцей. «Фёдар, вы ня маеце рацыі Рускія волаты так не паступаюць!» — адзначыў Кадыраў.

4 кастрычніка ў Грозным прайшоў турнір па зьмешаных адзінаборствах Grand Prix Akhmat 2016, у рамках якога адбыліся паядынкі з удзелам дзяцей, у тым ліку трох сыноў Кадырава. Усе перамаглі, старэйшы адправіў свайго суперніка ў накаўт.

Прэзыдэнт Саюзу зьмешаных баявых адзінаборстваў Расеі Фёдар Емяльяненка асудзіў баі з удзелам дзяцей. Ён назваў недапушчальным прысутнасьць у залі дзяцей да 12 гадоў — нават у якасьці гледачоў.

Крэмль раскрытыкаваў тэлевізійную трансьляцыю, а з нагоды самога факту правядзеньня баёў прапанаваў разабрацца ўпаўнаважанаму па правах дзяцей у Чачні Хамзату Хірахматаву. Амбудсмэн не знайшоў якіх-небудзь парушэньняў.

XS
SM
MD
LG