Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 7 кастрычніка: дзень народзінаў Івана Пташнікава, дзень памяці Рамана Скірмунта


Іван Пташнікаў

Іван Пташнікаў

Падзеі дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша:

Менск — пачатак працы выставы-продажу сучаснага мастацтва «Восеньскі салён з Белгазпрамбанкам». Палац мастацтваў (Казлова,3). Пачатак а 11-й.

Прага — сустрэча зь ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі пісьменьніцай Сьвятланай Алексіевіч. Новая сцэна Нацыянальнага тэатру (Народні, 4). Пачатак у 17.30.

У гісторыі:

1897 — у Вільні быў створаны «Бунд» — агульны габрэйскі рабочы зьвяз у Літве, Польшчы і Расеі. «Бунд» быў пралетарскай і адначасова нацыянальнай габрэйскай арганізацыяй. Ужо праз паўгода пасьля яго стварэньня ў Менску пры садзеяньні «Бунду» пройдзе першы зьезд РСДРП, у склад якой «Бунд» увойдзе аўтаномнай часткай.

1977 — была ўхваленая апошняя Канстытуцыя СССР.

2001 — пачаліся амэрыканскія паветраныя ўдары па базах Усамы бін Лядэна ў Аўганістане.

2002 — камітэт па адукацыі, навуцы і культуры Сойму Літвы прыняў пастанову аб аднаўленьні ў Вільні дзейнасьці Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча.

У гэты дзень нарадзіліся:

1765 — Міхал Клеафас Агінскі, дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, дыплямат, кампазытар.

1788 — Іван Насовіч, беларускі мовазнавец-лексыкограф, фальклярыст, этнограф, аўтар «Слоўніка беларускай мовы», апублікаванага ў 1870 годзе. Апроч гэтага слоўніка, Насовіч выдаў зборнікі народных песень, прыказак і загадак.

1885 — Нільс Бор, дацкі фізык, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.

1931 — Дэсманд Туту, біскуп з Паўднёваафрыканскай рэспублікі, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру.

1932 — Іван Пташнікаў, беларускі пісьменьнік. Сярод найбольш вядомых твораў — апавяданьні «Львы», «Арчыбал», «Пагоня», аповесьці «Лонва», «Тартак», «Найдорф», раманы «Мсьціжы» і «Алімпіяда».

1952 — Уладзімер Пуцін, расейскі прэзыдэнт.

У гэты дзень памерлі:

1849 — Эдгар Алан По, амэрыканскі паэт, празаік, эсэіст, адна з вядучых постацяў амэрыканскага Рамантызму. Яго называюць пачынальнікам дэтэктыўнага жанру.

1939 — Раман Скірмунт, беларускі і польскі грамадзка-палітычны дзяяч.

2006 — Ганна Паліткоўская, расейская журналістка.

Цытата:

«Сам сябе, як некаторыя пісьменьнікі, я ня браўся перакладаць, таму што ў кожнай мове ёсьць свае амаль няўлоўныя нюансы і асаблівасьці».

Іван Пташнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG