Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сыход з жыцьця генэрал-палкоўніка Ўладзімера Ягорава дае сумную нагоду прыгадаць агоную асобу ў кантэксьце палітычных падзеяў першых гадоў станаўленьня незалежнай Беларусі.

Уладзімер Ягораў быў прызначаны на пасаду міністра ўнутраных спраў БССР летам 1990 года — тады некаторыя дэмакратычныя дэпутаты галасавалі супраць, паколькі ў біяграфіі Ягорава было і сакратарства ў ЦК ЛКСМБ, і праца ў структуры Пятага ўпраўленьня КДБ (барацьба з іншадумствам), ды й на пасадзе міністра ўнутраных спраў Латвійскай ССР, як казалі некаторыя, ён змагаўся з «нацыяналістамі».

Значна пазьней, праз гады, выявілася, што «чэкісты», якія прыйшлі ў сыстэму КДБ з партыйнага альбо камсамольскага апарату, у крэслах кіраўнікоў сілавых структураў паводзілі сябе ў дачыненьні да апанэнтаў улады непараўнальна больш лібэральна, чым «кадравыя» супрацоўнікі. У гэтым тэксьце ня месца разважаць над прычынамі гэтай зьявы (якая назіралася ня толькі ў Беларусі), але што тычыцца Ягорава, дык ужо праз некалькі месяцаў пасьля свайго прызначэньня міністрам ён адмовіўся разганяць антыкамуністычны мітынг 7 лістапада, і да помніка Леніну былі ўскладзеныя «падарункі», якія сымбалізавалі камунізм: калючы дрот, паласатая гулагаўская роба...

У ЦК КПБ бязьдзейнасьцю былога сакратара ЦК ЛКСМБ абурыліся ня меней, чым дзеяньнямі актывістаў БНФ.

25 жніўня 1991 году Беларусь была абвешчаная незалежнай, і Ягораў зрабіўся першым міністрам унутраных спраў незалежнай краіны.

Цяпер пра гэта ня згадваюць, але менавіта дэпутаты Апазыцыі БНФ распрацавалі Закон аб міліцыі (кіраўніком групы быў палкоўнік міліцыі, дэпутат Ігар Пырх), дзе, сярод іншага, былі ўпершыню дадзены належныя сацыяльныя гарантыі супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Міліцыя пазбаўлялася навязанага ёй партыйным кіраўніцтвам функцый палітычнай рэпрэсіўнай структуры — і, як выглядала, гэта цалкам задавальняла міністра Ягорава.

Але не задавальняла кіраўніцтва выканаўчай ўлады, якая канцэнтравалася ў атачэньні прэм’ера Вячаслава Кебіча. Я адмыслова не ўжываю слова «урад» — бо ўрад, гэта значыць Савет Міністраў, быў, хай бы нават і ў значнай ступені фармальна, падкантрольны Вярхоўнаму Савету. Міністры (і нават сам прэм’ер) выклікаліся дэпутатамі на трыбуну, былі вымушаныя адказваць на пытаньні і рэагаваць на запыты. А вось начальнікі ўпраўленьняў ці «дзяржсакратарыятаў» Савету міністраў ні перад кім, акрамя свайго патрона Кебіча, не адказвалі — тым часам менавіта ім Кебіч перадаваў кіруючыя функцыі над міністрамі. Утварылася парадаксальная сытуацыя, калі над канстытуцыйнымі органамі (міністэрствамі) стаялі неканстытуцыйныя структуры. Пры гэтым цалкам ігнараваліся кантрольныя функцыі парлямэнцкіх камісіяў (зноў жа, вызначаныя Канстытуцыяй) — мы, дэпутаты, рэгулярна зьвярталі на гэта ўвагу старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Станіслава Шушкевіча — але безвынікова.

У лістападзе 1993 году, калі супрацьстаяньне паміж Апазыцыяй БНФ і «пракабічаўскай» парлямэнцкай большасьцю дасягнула найбольшага накалу, будынак Вярхоўнага Савету быў ачэплены падразьдзяленьнямі ўнутраных войскаў. Аднак Ягораў і гэтым разам адмовіўся прымяніць сілу да актывістаў БНФ і лідэраў рабочага руху. Больш за тое: Ягораў прыйшоў да нас, у 363-ці пакой, дзе зьбіралася Апазыцыя БНФ, і сказаў нам, што раскіданыя па Менску нібыта ад імя Народнага Фронту ўлёткі з заклікамі да пагромаў — былі зробленыя па распараджэньні людзей з найбліжэйшага атачэньня Кебіча (а менавіта — палкоўніка Замяталіна).

У тыя дні абазначылася і супрацьстаяньне паміж Шушкевічам і Кебічам, які заявіў, што раскайваецца ў падпісаньні Белавескіх пагадненьняў і асуджае распад СССР. І тут — зусім для нас нечакана — Ягораў і старшыня КДБ Эдуард Шыркоўскі зьвярнуліся зь лістом да дэпутатаў Вярхоўнага Савету, у якім дзеяньні Кебіча назвалі антыканстытуцыйнымі. Мы раілі Шушкевічу скарыстаць гэтую ўнікальную сытуацыю, але яшчэ раней, у кастрычніку, на нашу прапанову вынесьці на сэсію пытаньне пра адстаўку Кебіча і фармаваньне кааліцыйнага ўраду, Станіслаў Станіслававіч зрэагаваў словамі «Вы мне кола выратавальнае кідаеце. А я вам кажу: ня трэба!» Не была скарыстаная і надзвычай важная для любога палітыка падтрымка кіраўнікамі сілавых структураў.

Апазыцыя БНФ выступіла з адмысловай заявай у падтрымку міністра ўнутраных спраў Ягорава і старшыні КДБ Шыркоўскага. Але гэта ўжо не магло выправіць становішча: у канцы студзеня Вярхоўны Савет адправіў Ягорава і Шыркоўскага ў адстаўку. А празь некалькі дзён быў адхілены ад пасады сьпікера і Шушкевіч.

Пасьля таго, як былі абвешчаныя вынікі галасаваньня і Ягораў перастаў быць міністрам, мы сутыкнуліся зь ім у фае за Авальнай заляй. Ён быў усхваляваны (нават, як мне прыгадваецца, кусаў вусны). Запомнілася ягоная фраза: «Нічога, мы яшчэ вернемся ў гэтыя сьцены». Праз чатыры месяцы Ягораў стаў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Станіслава Шушкевіча, што, прызнацца, вельмі мяне зьдзівіла, улічваючы, што Станіслаў Станіслававіч і пальцам не паварухнуў, каб уратаваць яго ад адстаўкі. Яшчэ большае зьдзіўленьне ў ліпені таго ж 94-га выклікала згода Ягорава на прапанову Лукашэнкі заняць пасаду старшыні КДБ (міністрам унутраных спраў быў прапанаваны Юры Захаранка).

Чаму Ягораў пагадзіўся на гэтую пасаду? Бясспрэчна, тут было псыхалягічна зразумелае жаданьне маральнага рэваншу — за тое, што зрабілі зь ім у Авальнай залі ў студзені. Але была, мне падаецца, і іншая, больш важная прычына. Як вядома, КДБ у Беларусі ня быў рэфармаваны (калі ўвогуле можна казаць пра рэформу гэтай створанай у мэтах абароны «дыктатуры пралетарыяту» структуры). На момант абраньня прэзыдэнта Камітэт хутчэй быў больш блізкі да КДБ часоў Андропава, чым да спэцслужбы якой заўгодна дэмакратычнай краіны. І тым ня менш, дэмакратычныя перамены закранулі і насельнікаў жоўтага будынку зь вежай, зь якой, як жартавалі ў свой час, была бачная Сыбір.

Прыадчыніліся (хаця і ня цалкам) архівы КДБ — шмат якія дакумэнты рэпрэсаваных у 1930-50 гады зрабіліся даступнымі. Спыніўся перасьлед апанэнтаў ўлады (ды і як інакш, калі крытыка Шушкевіча ці Кебіча магла гучаць з экранаў тэлебачаньня). Кіраўніцтва КДБ публічна завярала, што «беззаконьне і рэпрэсіі ніколі не паўторацца», што афіцэры КДБ жадаюць бачыць Беларусь дэмакратычнай. Магчыма, сёньня гэта падасца наіўным, але мне верылася (хацелася верыць) у такое жаданьне. І для гэтага былі пэўныя падставы — ва ўсякім разе, афіцэры аховы старшыні Вярхоўнага Савету, спачатку Шушкевіча, а потым Грыба, рабілі ўражаньне інтэлігентных, карэктных, абсалютна адэкватных людзей. Думаю, яны такімі і былі.

(У якой ступені КДБ Беларусі ў 1991-94 гг. быў незалежным ад маскоўскай Лубянкі — застаецца толькі спрачацца; пераезд Шыркоўскага пасьля адстаўкі ў Маскву прымушае меркаваць, што далёка ня ў поўнай).

У кожным выпадку падаецца, што калі б ў 1994-м быў зроблены іншы выбар, і Беларусь пайшла па шляху дэмакратычнага разьвіцьця — іншымі былі б і спэцслужбы. Увогуле, спэцслужбы заўсёды выступаюць выканаўцам волі вышэйшага кіраўніцтва, і тут не павінна быць самападману.

Напружаньне паміж Ягоравым і адміністрацыяй Лукашэнкі пачалося ўжо ў першыя месяцы — і было спачатку выклікана павелічэньнем колькасьці аховы прэзыдэнта. Ці, лепей сказаць, пашырэньнем функцый гэтай службы і выхадам яе з-пад кантролю кіраўніцтва КДБ. Як бы там ні было, а старшыня КДБ зацьвярджаўся Вярхоўным Саветам, як кіраўнік ведамства, адказваў на дэпутацкія запыты, «аддуваўся» перад журналістамі на прэсавых канфэрэнцыях (на адной з такіх канфэрэнцый па так званай справе «турэцкіх шпіёнаў» Ягораў, памятаю, сядзеў чырвоны — але і ўявіць было немагчыма, што ён пачаў бы пагражаць журналісту — аўтару «нязручнага» пытаньня; яшчэ дзейнічалі нормы дэмакратыі, закладзеныя ў пачатку 90-х). Кіраўніцтва ж аховы прэзыдэнта ні перад кім не адказвала, акрамя Лукашэнкі. Павялічвалася роля і апарату Рады бясьпекі. Словам, у нечым паўтаралася сытуацыя канца 1993 году — неканстытуцыйная структура пераключала на сябе функцыі структуры канстытуцыйнай. Ягораў, як і раней, апынаўся пад кіраўніцтвам «шэрых кардыналаў».

Ну а потым была прэзыдэнцкая ініцыятыва рэфэрэндуму аб зьмене дзяржаўнай сымболікі і ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, галадоўка і зьбіцьцё дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Авальнай залі. Неўзабаве нам стала вядома, што Ягораў быў праціўнікам жорсткага варыянту «выдаленьня дэпутатаў».

Тая ноч з 11 на 12 красавіка 1995 году была пэўнай рысай, пасьля якой краіна зрабілася іншай. Выглядае, што і Ягораў пачаў нейкую пераацэнку свайго стаўленьня да ўлады, якую усё часьцей называлі «рэжымам». У адрозьненьне ад міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, Ягораў не рабіў гучных заяваў і не падаваў у адстаўку — але і з рэзкай крытыкай апазыцыі, як у свой час Захаранка, Ягораў ніколі не выступаў. Увогуле, наколькі я магу меркаваць па асабістых уражаньнях, Уладзімер Дзям’янавіч быў мяккім, разважлівым чалавекам, які, як кажуць, выбіраў словы (ня думаю, што ў адносінах да падначаленых у яго быў кардынальна іншы стыль паводзінаў).

У канцы 1995 году Ягораў вырашыў балятавацца ў Вярхоўны Савет 13-га скліканьня, а Канстытуцыя забараняла сумяшчаць дэпутацтва і пасаду члена ўраду, якім быў старшыня КДБ. Гэта быў адназначны выбар — ад спэцслужбаў на карысьць парлямэнту. Ён заставаўся дэпутатам і тады, калі сапраўдны парлямэнтарызм у Беларусі быў зьнішчаны, у гэтым сэнсе, канешне, мала чым адрозьніваўся ад іншых, хто займаў крэслы ў Палаце прадстаўнікоў.

Але для ацэнкі асобы Ягорава, ягоных чалавечых якасьцяў, важным бачыцца менавіта гэты ягоны добраахвотны сыход зь сілавых структураў, зроблены пасьля таго, як яны пачалі набываць выразна рэпрэсіўны характар.

Ягораў не прымаў рэпрэсіўных мэтадаў і быў схільны да кампраміснага вырашэньня канфліктных сытуацый — вось, на мой погляд, галоўная ягоная якасьць на пасадах кіраўніка МУС і старшыні КДБ.

Усё ж, каб па-добраму застацца ў памяці (нават ў памяці палітычных апанэнтаў ці не ва ўсім згодных людзей), чалавеку (нават генэралу КДБ) часам дастаткова выяўляць разважлівасьць і мяккасьць.

І яшчэ: Уладзімер Ягораў свабодна размаўляў па-беларуску, наведваў прэм’еры Нацыянальнага Купалаўскага тэатру, быў абазнаны ў беларускай літаратурнай клясыцы. Дакладна ведаю, што гэта было не службовым абавязкам — а патрэбай душы.

Ці размаўляюць цяперашнія кіраўнікі МУС і КДБ на роднай мове — мне, прызнацца, невядома.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG