Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Пальчыса: Нельга казаць «ён ня хоча быць палітвязьнем»


Вікторыя Пальчыс
Вікторыя Пальчыс

Жонка блогера Эдуарда Пальчыса, якога праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі палітвязьнем, патлумачыла «Вясьне» пазыцыю мужа.

Раней незалежныя мэдыі перадалі словы Эдуарда аб тым, што ён ніколі не хацеў быць палітзьняволеным і ня хоча ім быць.

Вікторыя Пальчыс патлумачыла «Вясьне» пазыцыю мужа:

«Па-першае, я думаю, што нельга так казаць: „Ён ня хоча быць палітычным вязьнем“. Ці ягоная справа мае палітычны матыў, ці ня мае — гэта не залежыць ад ягонага меркаваньня. Ці ён палітычны вязень, ці не — гэта факт.

Па-другое, мы зь ім абмяркоўвалі нейкія моманты, пэрспэктывы на будучыню. І ягоныя словы пра тое, што ён ня хоча быць палітычным вязьнем, азначаюць, што ён ня хоча падпадаць пад пэўныя стэрэатыпы. Як гэта ўжо было шмат разоў: чалавек займаўся нейкай дзейнасьцю ў Беларусі — патрапляў пад крымінальны перасьлед, патрапляў у турму, яго прызнавалі палітвязьнем, потым ён зьяжджаў некуды ў Польшчу і, па сутнасьці, пераставаў займацца гэтай дзейнасьцю. Я лічу, што словы Эдуарда азначаюць, што ён ня хоча падпападаць пад гэтыя стэрэатыпы і ісьці тым жа самым шляхам».

Вікторыя сказала, што ня бачыла мужа са студзеня гэтага году, таму застаецца адзіная сувязь праз ліставаньне.

Паводле Вікторыі, навіну пра тое, што суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме, Эдуард сустрэў з гумарам:

«Ён кажа, маўляў, вось, яны мяне баяцца, працавалі-працавалі, а ня хочуць пахваліцца вынікамі сваёй працы».

Разгляд крымінальнай справы рэдактара сайту 1863х.com пачнецца ў Менскім гарадзкім судзе 14 кастрычніка. Ён абвінавачваецца па крымінальных артыкулах — «распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы ці розьні» і «распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў». Праваабарончыя арганізацыі Беларусі прынялі сумесную заяву аб прызнаньні Эдуарда Пальчыса палітычным вязьнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG