Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паміж Украінай і Расеяй пакуль ня будзе візавага рэжыму


Нягледзячы на інтрыгу, якая трымалася ад раніцы да вечара, Вярхоўная Рада Ўкраіны так і не разгледзела сваю прапанову на адрас кабінэту Міністраў пра спыненьне дзеяньня ўкраінска-расейскай дамовы наконт бязьвізавага рэжыму.

Пытаньне было ўнесена ў парадак парлямэнцкай сэсіі паводле ініцыятывы кіраўніка Вярхоўнай Рады Ўкраіны Андрэя Парубія, калі стала вядома пра затрыманьне ў Расеі карэспандэнта ўкраінскага дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва «Укрінфарм» у Францыі Рамана Сушчанкі. Андрэй Парубій яшчэ на пачатку 2016 году прапанаваў Вярхоўнай радзе ўхваліць адпаведнае рашэньне, але яно так і не было разгледжанае.

Аднастайнасьці ў гэтым пытаньні няма і дагэтуль. Фактычна, як сьведчаць самі дэпутаты, увесь корпус народных абраньнікаў падзяліўся на тры групы — тых, хто не прызнае агрэсіі Расеі супраць Украіны, тых, хто мае бізнэс і родных у суседняй дзяржаве, і тых, хто пасьлядоўна адстойвае ідэю скасаваньня бязьвізавага рэжыму і разрыву дыпляматычных дачыненьняў.

Увядзеньне візаў для грамадзян Расеі пры паездках ва Ўкраіну практычна ў поўным складзе падтрымліваюць фракцыі Радыкальнай партыі Алега Ляшка, «Бацькаўшчыны», «Самадапамогі», катэгарычна супраць — дэпутаты Апазыцыйнага блёку, а прадстаўнікі Блёку Пятра Парашэнкі (БПП) не прадставілі кансалідаванай пазыцыі: дэпутатам дазволілі галасаваць, абапіраючыся толькі на сваю думку.

«Мая асабістая пазыцыя заключаецца ў падтрымцы ўвядзеньня візавага рэжыму з Расеяю. Разам з тым, ёсьць асабісты досьвед... Перш чым нешта дэнансаваць або ўводзіць, пажадана браць пад увагу ўсе абставіны, факты і аргумэнты, каб прынятае рашэньне было адэкватным, а не папулісцкі-маргінальным. Я нават не хачу ўзгадваць дадзеныя апошніх сацыялягічных дасьледаваньняў адносна візавага рэжыму з Расеяю. Той, хто хоча разабрацца ў настроях грамадзтва, не абмяжоўваючы сваё бачаньне толькі гучнымі палітычнымі заявамі, зразумее стаўленьне людзей да гэтага, а таксама зможа высьветліць, што яно не ўваходзіць нават у дзесятку актуальных пытаньняў для ўкраінцаў», — адзначыла дэпутат фракцыі БПП Ірына Фрыз.

Прэзыдэнт Пятро Парашэнка пакуль ўхіляецца ад напроўставага адказу на пытаньне пра сваё стаўленьне да пераходу ў дачыненьнях з Расеяю на візавы рэжым. «Я чакаю рашэньня парлямэнту», — сказаў ён. Адпаведна ж да Канстытуцыі, ажыцьцяўленьне вонкавай палітыкі зьяўляецца кампэтэнцыяю менавіта прэзыдэнта Ўкраіны, а пры фармаваньні ўраду да яго квоты належыць прызначэньне міністра замежных спраў.

Міністэрства замежных спраў, нягледзячы на тое, што напярэдадні рэкамэндавала ўкраінцам устрымацца ад наведваньня Расеі і транзытнага перамяшчэньня па расейскай тэрыторыі ў сувязі з павелічэньнем колькасьці правакацый з боку расейскіх сілавых структур у дачыненьні да грамадзян Украіны, прапануе дакладна ўзважыць усе магчымыя рызыкі візавага рэжыму.

«Мы павінны разумець, што да візавага рэжыму, на жаль, расейскія спэцслужбы будуць вельмі хутка прыстасоўвацца. Нам трэба рабіць не палітычныя жэсты, а рэальна змагацца з Расеяй як з агрэсарам», — заявіў міністра Паўло Клімкін.

Лідэр Радыкальнай партыі Алег Ляшко падкрэсьліў:

«Я паважаю пазыцыю і прэзыдэнта, і Міністэрства замежных спраў, якія наводзяць аргумэнты, паколькі яны адказваюць за вонкавую палітыку. Мы маем прыслухоўвацца да іх, але нашая пазыцыя адназначная: дыпляматычныя дачыненьні з краінаю-агрэсаркаю маюць быць разарваныя да таго часу, пакуль Крым і Данбас застаюцца пад іх акупацыяю».

«Калі нам распавядаюць пра тое, што разрыў дыпляматычных дачыненьняў прывядзе да парушэньня правоў украінцаў у Расеі, то што — сёньня іхныя правы не абмяжоўваюцца? На мінулым тыдні Маскоўскі абласны суд ухваліў рашэньне пра закрыцьцё ўкраінскага храму, зараз намагаюцца закрыць Украінскі культурны цэнтар у Маскве, Вярхоўны суд Расеі забараніў таварыства ўкраінцаў, закрылі бібліятэку ўкраінскай кнігі, а дырэктара бібліятэкі арыштавалі, сотні ўкраінцаў сядзяць у расейскіх вязьніцах, таму наяўнасьць дыпляматычных дачыненьняў не дае магчымасьці абараніць украінцаў і прыпыніць іх рэпрэсіі ў Расеі», — аргумэнтуе Алег Ляшко.

Кіраўнік Цэнтра прыкладных палітычных дасьледаваньняў «Пента» Уладзімер Фясенка нагадаў, што магчымае ўвядзеньне візавага рэжыму ў адносінах з Украінай першай пачала абмяркоўваць менавіта Расея.

«Прычым яшчэ задоўга да драматычных падзей 2014 году. Таму ўжо пасьля анэксіі Крыму і вайны на Данбасе пра гэта пачалі гаварыць і ў нас. Такія сур’ёзныя крокі трэба рабіць своечасова і з выразна прагназаванымі наступствамі. Разрываць адносіны і ўводзіць візы з Расеяй Украіне трэба было адразу ж пасьля анэксіі Крыма і ў пэрыяд пачатку вайны на Данбасе, паколькі тады гэта было б зразумела і натуральна. А калі Кіеў зробіць гэта цяпер, калі сытуацыя выглядае адносна стабільнай, калі йдуць перамовы адносна разьвязаньня сытуацыі на Данбасе, нашу краіну будуць разглядаць як такую, што правакуе канфлікт», — мяркуе Уладзімер Фясенка.

Сяргей Таран, кіраўнік праўленьня Цэнтра сацыялягічных і паліталягічных дасьледаваньняў «Соціовимір», перакананы, што візавы рэжым паміж Украінаю і Расеяю ёсьць лягічнаю пэрспэктываю, але крыху аддаленаю ў часе.

«Праўда заключаецца ў тым, што, акрамя прагматычнай палітыкі, існуе яшчэ і „палітыка сымбляў“. Гэта — канкурэнцыя сымбаляў і ідэй, якія вызначаюць уласную нацыянальную ідэнтычнасьць, з сымбалямі, што ўласьцівыя іншым ідэнтычнасьцям. Адным з такіх сымбаляў зьяўляецца выразная і надзейная дзяржаўная мяжа. Абарона сваіх сымбаляў ад вонкавых узьдзеяньняў для любой дзяржавы зьяўляецца складанай і вартаснай. Таму візавы рэжым з Расеяю будзе. Хоць і не адразу», — мяркуе Таран.

«Чаму з Расеяю дагэтуль няма візавага рэжыму? Галоўных прычын дзьве. Першая — тэхнічная: немагчыма адразу наладзіць консульскую працу па выдачы віз расейцам, якія наведваюць Украіну, а другая — палітычная: больш як мільён ўкраінцаў, якія працуюць ў Расеі, і іхныя сем’і нэгатыўна ўспрымуць візавую праблему з краінай, якая „дае ім зарабіць“, і, такім чынам, будуць галасаваць за партыі з прарасейскаю рыторыкаю», — патлумачыў Сяргей Таран.

Фармальна сёньня парлямэнту не хапіла працоўнага часу, каб разгледзець гэтую ініцыятыву больш прадметна. І пэрспэктыва яе ўхваленьня пакуль выглядае туманнаю — у гісторыі Вярхоўнай Рады былі такія выпадкі, калі пытаньні, уключаныя ў парадак дзённы, так і не разглядаліся — ні пад час бягучай, ні пад час наступнай парлямэнцкіх сэсій.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG