Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Захаваньне сьмяротнай кары — гэта сыгнал беларусам, што іх жыцьцё ў руках Лукашэнкі»


Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч і Валер Каліноўскі.

Валер Каліноўскі: Беларускія і міжнародныя праваабаронцы праводзяць Тыдзень за скасаваньне сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, апошняй краіне Эўропы, дзе яшчэ прымяняецца такая незваротная кара.

Акурат у гэты тыдзень Вярхоўны суд пакінуў бязь зьмены сьмяротны вырак аднаму з асуджаных Сяргею Вострыкаву, які згвалтаваў і забіў дзьвюх жанчын. Разам зь ім сёньня ў беларускіх турмах знаходзіцца чатыры вязьні, якія чакаюць выкананьня сьмяротнага прысуду. Адзінай надзеяй на яго адмену засталося памілаваньне Аляксандра Лукашэнкі, але за ўвесь час прэзыдэнцтва Лукашэнка памілаваў асуджанага да сьмяротнага пакараньня толькі адзін раз.

Усяго ў Беларусі за часы незалежнасьці было страчана каля 330 чалавек, з 1999 года лік сьмяротных выракаў рэзка ўпаў — да некалькіх на год — у сувязі з тым, што быў уведзены новы від пакараньня — пажыцьцёвае зьняволеньне

Усяго ў Беларусі за часы незалежнасьці было страчана каля 330 чалавек, з 1999 года лік сьмяротных выракаў рэзка ўпаў — да некалькіх на год — у сувязі з тым, што быў уведзены новы від пакараньня — пажыцьцёвае зьняволеньне. Такім чынам фактычна ў Беларусі ўсё меней карыстаюцца сьмяротным, але зьберагаюць яго як форму застрашэньня. Хаця рэальна яно не застрашвае і дзікія злачынствы ўсё роўна здараюцца.

Аргумэнты праціўнікаў сьмяротнага пакараньня ясныя. Беларускія праваабаронцы правялі складаную працу і выявілі шмат «зачэпак» у справах, у выніку якіх людзі ўжо расстраляныя, асабліва ў справе выбуху ў менскім мэтро. Але іх ня вернеш, і вырак не перагледзіш. У эўрапейскіх судах з такой доказнай базай некаторых прысуджаных на сьмерць не прызналі б вінаватымі, заўсёды застаецца імавернасьць чалавечай памылкі. Калі чалавек расстраляны, то выправіць гэтую памылку ўжо немагчыма. Таму праваабаронцы чарговы раз заклікаюць улады Беларусі адмовіцца ад практыкі сьмяротнага пакараньня альбо хаця б накласьці мараторый на яго выкананьне. Да нашых праваабаронцаў далучаюцца і эўрапейскія структуры, якія пачалі паляпшэньне з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, не дачакаўшыся ад яго крокаў у адказ па найбольш праблемных для Эўропы пытаньнях.

Эўрапейскі зьвяз сапраўды, карыстаючыся адлігай у адносінах Беларусі і Захаду, далучыўся да кампаніі, якую ініцыявалі праваабаронцы ПЦ «Вясна» і Міжнароднай Фэдэрацыі Правоў Чалавека — Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі — тут заклікі, тлумачэньні, даклады, справаздачы — каб схіліць беларускае кіраўніцтва да скасаваньня сьмяротнага пакараньня альбо хаця б мараторыя «ў якасьці першага кроку да яго адмены». Палітычны момант для гэтага зручны, але ці скарыстаецца ім беларуская ўлада? Вашае меркаваньне, калегі?

Уладзімер Глод: На мой погляд, ёсьць, як мінімум, тры рэчы, якія не даюць падставаў для станоўчага адказу на пытаньне, якое сфармуляваў Валер Каліноўскі.

Так, для паляпшэньня стасункаў з Захадам, атрыманьня крэдытаў і прыцягненьня інвэстыцый улады апошнім часам пачалі выкарыстоўваць лібэральную рыторыку. Аднак унутры краіны, каб трымаць сытуацыю пад кантролем, працягваюцца рэпрэсіі, у тым ліку прымяняецца сьмяротнае пакараньне. Праз гэта беларускія ўлады ўпарта хочуць даказаць, што пазыцыя аўтарытарызму мае права на існаваньне ў эўрапейскім абсягу.

кожнаму зразумела, што ў краіне, прэзыдэнт якой публічна абвяшчае, што ён адказны абсалютна за ўсё, для адмены сьмяротнага пакараньня мусіць быць палітычная воля кіраўніка дзяржавы

Другое — кожнаму зразумела, што ў краіне, прэзыдэнт якой публічна абвяшчае, што ён адказны абсалютна за ўсё, для адмены сьмяротнага пакараньня мусіць быць палітычная воля кіраўніка дзяржавы. Але, мне падаецца, Аляксандар Лукашэнка не сьпяшаецца скасоўваць расстрэльныя артыкулы таму, што атаясамлівае сёньняшнюю Беларусь з БССР і Савецкім Саюзам, дзе сьмяротнае пакараньне прымянялася даволі актыўна.

Трэцяе. Захаваньне сьмяротнага пакараньня — гэта сыгнал усім беларусам, што іх жыцьцё знаходзіцца ў руках Лукашэнкі. Бо па кожным сьмяротным прысудзе ён прымае рашэньне: памілаваць чалавека ці не. Магчыма, у гэтым і ёсьць найперш праява неабмежаванай улады аднаго чалавека. А адмена сьмяротнага пакараньня разглядаецца як аслабленьне прэзыдэнцкай улады.

Пакуль жа беларускія ўлады занялі, як яны лічаць, выгодную для сябе пазыцыю. У Палаце прадстаўнікоў мне неаднойчы даводзілася чуць, як дэпутаты казалі замежным экспэртам: у вас, у Эўропе гуманізм і дэмакратыя маюць вельмі даўнюю гісторыю. У вас зусім іншы мэнталітэт. У вас людзі жывуць інакш. У вас не такая злачыннасьць. А ў нас такое грамадзтва, што мы не дарасьлі, каб цалкам адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня. Таму, я мяркую, нават у лепшым выпадку ў Беларусі могуць абмежавацца толькі мараторыем на выкананьне сьмяротнага прысуду.

Дзьмітры Гурневіч: Не, цалкам адмяніць не пагодзяцца. Па ўзоры Расеі Беларусь магла б увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.

Не адменіць, бо ўлада шмат гадоў убівала ў галовы беларусам, што сьмяротнае пакараньне дзейнічае. Часам гэта была апэляцыя да ніжэйшых пачуцьцяў, такіх як помста. Але сьмяротнае пакараньне не дзейнічае. Беларусь адзіная краіна ў Эўропе — дзе яно існуе, але ці перакладаецца гэта на вельмі нізкі ўзровень злачынстваў? Ды не. Беларусь тут звычайная краіна.

Людзі, якія чыняць такія злачынствы, ня думаюць пра пакараньне. Але сьмяротнае пакараньне — гэта такі інструмэнт для ўладаў паказаць, якія яны нібыта цьвёрдыя і прынцыповыя

Ці прымушае гэта патэнцыйных злачынцаў адмаўляцца ад сваіх страшных чынаў? Не. І лепшы доказ — новыя сьмяротныя прысуды. Людзі, якія чыняць такія злачынствы, ня думаюць пра пакараньне. Але сьмяротнае пакараньне — гэта такі інструмэнт для ўладаў паказаць, якія яны нібыта цьвёрдыя і прынцыповыя. Але як інструмэнт барацьбы са злачыннасьцю — яно неэфэктыўнае.

Лукашэнка кажа, што так хоча народ і спасылаецца на рэфэрэндум, куды гэтае пытаньне выносілася. Дык ня толькі ў Беларусі людзі падтрымліваюць яго ўвядзеньне. Гэта ёсьць і ў іншых краінах. Аднак там улады ўзважваюць усе «за» і «супраць». Думаю, што калі б улады вынесьлі на рэфэрэндум пытаньне пра павышэньне пэнсій і заробкаў да сярэднеэўрапейскага, то народ бы падтрымаў гэта амаль адзінагалосна. У такіх пытаньнях дзяржава чамусьці не сьпяшаецца, а спрабуе шукаць балянс. Афіцыйны ж Менск ідзе на скрайнасьць — дзяржава забівае людзей, каб палохаць людзей, што забіваць нельга.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG