Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Асамблея народных прадстаўнікоў — гэта крык безвыходнасьці правацэнтрыстаў»


Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч і Валер Каліноўскі.

Уладзімер Глод: Каля 70 былых кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня сёньня аб’ядналіся ў Асамблею народных прадстаўнікоў. Устаноўчы сход новай грамадзкай арганізацыі прайшоў у Менску. У асамблею ўвайшлі толькі правацэнтрысты — Аб’яднаная грамадзянская партыя, дагэтуль афіцыйна незарэгістраваная Беларуская хрысьціянская дэмакратыя і рух «За свабоду». У іх тры асноўныя супольныя каштоўнасьці — новы эканамічны курс, эўрапейскі выбар і зьмяняльнасьць уладаў.

Стваральнікі Асамблеі заяўляюць, што гэта працяг іх кааліцыйнай працы. Праз новае фармаваньне магчыма захаваць патэнцыял, назапашаны падчас выбарчай кампаніі. Канечне, было б лепей, калі б у Палаце прадстаўнікоў мелася болей дэмакратычных дэпутатаў. Але паколькі некалькі дзясяткаў дэпутацкіх мандатаў у правацэнтрыстаў улады скралі (так лічаць апазыцыянэры), то ў якасьці альтэрнатывы і ствараецца пляцоўка для распрацоўкі альтэрнатыўнага бачаньня разьвіцьця Беларусі.

Арганізатары Асамблеі кажуць, што іх стратэгія будзе дзяліцца на два патокі. Першы — гэта распрацоўка якасных прапаноў па рэфармаваньні краіны. Другі — правядзеньне кампаній па іх рэалізацыі. З першым усё зразумела і тут праблем я ня бачу — у правацэнтрыстаў дастаткова экспэртнага патэнцыялу, каб ствараць кваліфікаваныя законапраекты. А вось другі паток — арганізаваць нацыянальныя кампаніі ў падтрымку рэформаў выглядае, на мой погляд, праблематычным. Правесьці нацыянальную кампанію — задача складаная. І тут, падобна, у арганізатараў Асамблеі можа не хапіць ні сілаў, ні сродкаў.

У іх, праўда, існуюць вялікія спадзяваньні на дэпутатку Палаты прадстаўнікоў ад АГП Ганну Канапацкую. Яны гэтага не хаваюць і нават спэцыяльна падкрэсьліваюць, што правацэнтрыстам «было прынцыпова» правесьці ўстаноўчы сход Асамблеі да адкрыцьця першай сэсіі Палаты прадстаўнікоў. Менавіта пры садзейнічаньні спадарыні Канапацкай у афіцыйны парлямэнт будуць уносіцца законапраекты. Аднак ці хопіць высілкаў аднаго парлямэнтара для правядзеньня агульнанацыянальнай кампаніі? — вялікае пытаньне.

Я згадваю, што нешта падобнае спрабавалі стварыць пасьля разгону Лукашэнкам Вярхоўнага Савету 13 скліканьня дэпутаты, якія засталіся вернымі прынцыпам Канстытуцыі. Тады яны стварылі так званы «ценявы ўрад», які ачольваў Генадзь Карпенка

Я згадваю, што нешта падобнае спрабавалі стварыць пасьля разгону Лукашэнкам Вярхоўнага Савету 13 скліканьня дэпутаты, якія засталіся вернымі прынцыпам Канстытуцыі. Тады яны стварылі так званы «ценявы ўрад», які ачольваў Генадзь Карпенка. За некалькі год працы было падрыхтавана амаль два дзесяткі альтэрнатыўных законаў. З гэтым якраз праблем не было. Але, калі быць шчырым, а я меў пэўныя дачыненьні да «ценявога ўраду», трэба прызнаць — далей за падрыхтоўку законапраектаў гэтае фармаваньне так і не дайшло. Думаю, што падобны лёс чакае і Асамблею народных прадстаўнікоў.

Валер Каліноўскі: Сапраўды, гэта ня першая спроба апазыцыі стварыць нейкі новы орган (асамблею, раду, кангрэс) з былых кандыдатаў у дэпутаты, ці нават былых дэпутатаў. Адметнасьцю гэтай спробы зьяўляецца ўдзел у асамблеі дзейнага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай — верагодна, менавіта таму правацэнтрысты так сьпяшаліся з утварэньнем асамблеі, каб пры дапамозе новага статусу Канапацкай надаць вагі сваёй ініцыятыве. Але мэханізмы грамадзкага ціску на ўлады з патрабаваньнем правядзеньня рэформаў, пра што кажуць лідэры правацэнтрыстаў, незразумелыя.

Рэальных рычагоў ціску проста няма. Акрамя таго, асамблея ствараецца ўсё ж як вузка кааліцыйная ініцыятыва, куды ўваходзяць прадстаўнікі толькі трох структур — БХД, АГП, «За Свабоду»

Рэальных рычагоў ціску проста няма. Акрамя таго, асамблея ствараецца ўсё ж як вузка кааліцыйная ініцыятыва, куды ўваходзяць прадстаўнікі толькі трох структур — БХД, АГП, «За Свабоду». І хаця лідэры правацэнтрыстаў не адмаўляюцца ад супрацоўніцтва зь іншымі партыямі і рухамі, наўрад ці хтосьці яшчэ далучыцца да асамблеі. Таму стаць агульнаапазыцыйнай пляцоўкай яна ня мае шансаў.

Ініцыятыву ўжо востра раскрытыкаваў адзін зь лідэраў апазыцыі Мікола Статкевіч , які гэтую асамблею назваў «калектыўным памочнікам аднаго дэпутата, прызначанага Аляксандрам Лукашэнкам», маючы на ўвазе Ганну Канапацкую. Статкевіч гаворыць аб гэтай асамблеі як імітацыі дзейнасьці:

«Вось толькі на рэальнае жыцьцё краіны такая бурлівая „парлямэнцкая“ дзейнасьць ніяк не паўплывае. Тым, хто клапоціцца пра лёс Беларусі, ня варта нават зважаць на гэтую гульню ў „парлямэнт“. Зараз не да імітатараў — трэба працаваць на кансалідацыю ўсіх, хто здольны рэальна змагацца за свабоду», — напісаў Мікола Статкевіч у Фэйсбуку.

Мікола Статкевіч тут катэгарычны, гэта зразумела. Але рэальна ад гэтай асамблеі прарыву чакаць не выпадае. Правацэнтрысцкая кааліцыя ідзе на гэты крок ад безвыходнасьці, спрабуючы ня страціць тое, што было дасягнута падчас вылучэньня — мабілізацыі свайго актыву. Ня больш.

Дзьмітры Гурневіч: Я трымаюся такога правіла, што ўсё, што прыносіць карысьць нават мінімальнага ўзроўню і ня робіць шкоды, мае пэрспэктыву. Калі каэфіцыент карыснага дзеяньня ад нечага большы, чым нуль, то трэба гэтым карыстацца. Давайце разьбярэмся, ці будзе нейкая карысьць ад Асамблеі народных прадстаўнікоў.

АНП — гэта, па-сутнасьці, ранейшая дзейнасьць апазыцыі, толькі ў іншай форме. Сябры асамблеі будуць праводзіць грамадзкія кампаніі ў падтрымку рэформаў: у прыватнасьці, зьмены выбарчага заканадаўства, эканамічных рэформаў, рэформаў сыстэмы адукацыі і аховы здароўя, а таксама законаў у падтрымку беларускай мовы і культуры. Тут няма нічога новага, апрача таго, што «народныя дэпутаты» будуць каардынаваць сваю працу з Ганнай Канапацкай і, магчыма, Аленай Анісім. Малаверагодна, што гэтыя законапраекты зацьвердзіць Палата прадстаўнікоў, бо яна нічога не вырашае. Але чым кепская мазгавая праца і дыскусія пра рэчы, якія варта ў Беларусі зьмяняць. Гэта, прынамсі, лепш, чым унутраныя разборкі і размовы пра аб’яднаньне, якія сканчваюцца яшчэ большым падзелам.

Мінусам гэтага ўтварэньня можа быць тое, што цяпер уся праца правацэнтрысцкай кааліцыі будзе сканцэнтраваная на гэтай асамблеі

Мінусам гэтага ўтварэньня можа быць тое, што цяпер уся праца правацэнтрысцкай кааліцыі будзе сканцэнтраваная на гэтай асамблеі. Быў ужо цікавы праект «Народны рэфэрэндум». У рамках гэтай ініцыятывы зьбіраліся прапановы грамадзтва па рэформах, ствараліся нібыта пляны рэформаў. Але дзе цяпер той «НР» і ўсе гэтыя ідэі?

Усё залежыць ад узроўню сур’ёзнасьці, каб асамблея ня сталася бурбалкай. Калі вынікам яе працы стане некалькі добрых законаў, то гэта значна больш, чым 1% ККДз.

XS
SM
MD
LG