Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярогу затрымалі ў Расеі — і адпусьцілі без абвінавачаньняў


Рэпэр Сярога

Рэпэр Сярога

Беларускі сьпявак рэпу Сяргей Пархоменка, вядомы пад псэўданімам Сярога, быў затрыманы ў аэрапорце Ўнукава пад Масквой, паведаміла ТАСС са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах.

Агенцтва пісала, нібыта зранку 6 кастрычніка адзін з пасажыраў рэйсу Масква — Менск, які спазьніўся на самалёт, паведаміў, што на борце самалёта знаходзіцца выбуховая прылада. На той момант самалёт ужо быў у паветры. Супрацоўнікі транспартнай паліцыі затрымалі пасажыра, якім аказаўся Сярога.

Ды аказалася, што Сярогу не прад’яўлялі ніякіх абвінавачаньняў.

«Яго сапраўды затрымлівалі, але нічога такога не было, што нехта некуды тэлефанаваў, — кажа Свабодзе агент Сярогі Аляксандар Талмацкі. — Чатыры чалавекі хвіліны на дзьве-тры затрымаліся, нейкая жанчына перад імі зачыніла дзьверы і зладзіла нейкую правакацыю. Бываюць такія неадэкватныя штукі.

Сяргея затрымалі па-за аэрапортам, патлумачылі, што гэта таму, што ён быў у ліку тых, хто спазьніўся на рэйс. Ён напісаў тлумачальную — яго адпусьцілі».

Па прылёце ў Менск самалёт і багаж усіх пасажыраў спэцыялісты даглядзелі на прадмет выбухоўкі.

За непраўдзівае паведамленьне пра падрыхтоўку выбуху, падпалу ці іншых дзеяньнях, што ствараюць небясьпеку жыцьцю людзей, у Расеі прадугледжаны штраф да 200 тысяч расейскіх рублёў (каля 3200 даляраў) альбо ў памеры зарплаты ці іншага прыбытку асуджанага за 18 месяцаў, папраўчая праца, абмежаваньне волі на тэрмін да трох год ці пазбаўленьне волі на той жа тэрмін.

Сярога дэбютаваў у 2004 годзе, ужо мае 6 студыйных альбомаў, таксама бярэ ўдзел у «рэвалюцыйным» гардкор-праекце «Туфли гну». Мае шэраг узнагародаў у Расеі. Сьпявае пераважна па-расейску, мае адну беларускамоўную песьню «Лялька».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG