Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Днямі прэзыдэнт Беларусі абрынуўся з рэзкай крытыкай на прапановы МВФ, адрасаваныя Беларусі: «Гэта супэрлібэральныя патрабаваньні. Скажу больш — у канчатковым рахунку яны нічога агульнага ня маюць з той палітыкай, якую дэкляраваў прэзыдэнт на першых прэзыдэнцкіх выбарах, магчыма, на другіх, і нават цяпер. Калі іх прачытаеш, ўсё зводзіцца да аднаго (калі казаць пра сацыяльныя напрамкі): ніякага падвышэньня заробкаў, неадкладнае падвышэньне тарыфаў і іншага».

З гэтых грозных словаў некаторыя аглядальнікі зрабілі выснову, што унікальная беларуская мадэль квазісацыялізму проста несумяшчальная з прынцыпамі свабоднай рынкавай эканомікі, адэптам якіх зьяўляецца Фонд, што кіраўнік Беларусі проста не жадае або баіцца страціць «ручны» кантроль над эканомікай, адкуль недалёка і да страты ўлады.

Тлумачэньне прыгожае і часткова справядлівае. Аднак няпоўнае. Вось што Аляксандр Лукашэнка казаў аб рэкамэндацыях МВФ год таму: «Павінен сказаць, што ні адзін пункт, які прапануецца, не выклікае ніякага адрынаньня, ніякай алергіі... Прапановы фонду заснаваныя на абсалютна аб’ектыўных законах эканомікі, жыцьця... Формула адна: атрымліваеш паслугу — плаці за гэтую паслугу ў поўным аб’ёме. Няхай гэта будзе электрычнасьць, цяпло, транспартнае абслугоўваньне і гэтак далей... Пытаньне толькі ў адным — у тэрмінах... Ня думаю, што ў нас будзе вельмі вялікая разьбежка ў разуменьні гэтых тэрмінаў і ў тэрмінах наогул».

Год таму пажаданьні Фонду былі «неалергічнымі», заснаванымі на «абсалютна аб’ектыўных законах эканомікі», а цяпер сталі «алергічнымі» і «антынароднымі»?

То бок, гэта як? Год таму пажаданьні Фонду былі «неалергічнымі», заснаванымі на «абсалютна аб’ектыўных законах эканомікі», а цяпер сталі «алергічнымі» і «антынароднымі»? Можа, Фонд іншы? Ды не, той жа самы. І прадстаўнік яго той жа самы — Пітэр Долман. Можа, патрабаваньні год таму былі адны — «народныя», а зараз раптам сталі «антынародныя»? Таксама не, прыкладна адны і тыя ж. Ну можа крыху і сталі больш жорсткімі, дык і беларуская эканоміка за гэты год ня тое каб моцна расквітнела, мякка кажучы. Цяжэйшая хвароба — гарчэйшыя лекі.

Але ў прынцыпе, па сутнасьці, патрабаваньні адны і тыя ж, Лукашэнка на нарадзе з урадам 3 кастрычніка 2016 году справядліва падкрэсьліў, што «ў МВФ ёсьць стандартная форма ўзаемадзеяньня зь любой дзяржавай пры вядзеньні перамоваў аб выдзяленьні крэдыту, і патрабаваньні высоўваюцца таксама ў цэлым аднолькавыя». Дык яны і год таму былі настолькі ж стандартныя.

Ці заўсёды яны дапамагаюць? Наогул кажучы, не. Тут можна правесьці зьмястоўную аналёгію з лячэньнем раку. Унівэрсальнага спосабу лячэньня пакуль не існуе, як скажам, сухотаў — укаціў антыбіётык, прыбіў палачку Коха, пацыент здаровы. Тым ня менш распрацаваныя стандартныя пратаколы лячэньня. Апэрацыя плюс хіміятэрапія плюс апраменьваньне. Альбо спачатку апраменьваньне, потым апэрацыя. Ці іншая камбінацыя таго ж самага.

Мэтады, наогул кажучы, барбарскія, якія наносяць істотную шкоду арганізму. І ня ўсім пры гэтым дапамагае. Часам, на думку пацыента і яго сваякоў, лячэньне і набліжае канец ці, прынамсі, пагаршае пакуты перад канцом.

А некаму дапамагаюць нашэптваньні бабкі-шаптухі: пашэпча і вылечыць, пасарамаціўшы народнай мудрасьцю стагоддзяў хваленую мэдыцыну. Бывае і так. Ёсьць болей зьяў на сьвеце, друг Гарацыё, чым сьніцца філязофіі тваёй, як гаварыў прынц Гамлет.

Чаму ж хворыя людзі, нягледзячы на негарантаваны вынік, у большасьці згаджаюцца на пакутлівыя прапановы традыцыйнай мэдыцыны, а не зьвяртаюцца да знахарскай? Напэўна, з-за інтуіцыйна ўспрыманай статыстыкі — усё ж традыцыйная мэдыцына дапамагае вылечыцца часьцей.

Як казаў Вім Мідлкоп, першы прадстаўнік МВФ у Беларусі, які прыехаў у краіну 1991 годзе, «МВФ — ня аятала прыватызацыі».

Вось прыкладна тое ж самае з рэцэптамі МВФ. Пры гэтым варта сказаць некалькі словаў пра тое, у чым яны палягаюць, які, па аналёгіі з лячэньнем раку, «пратакол». Існуе меркаваньне, што галоўны рэцэпт — гэта свабодны рынак. Між тым, як казаў Вім Мідлкоп, першы прадстаўнік МВФ у Беларусі, які прыехаў у краіну 1991 годзе, «МВФ — ня аятала прыватызацыі».

МВФ сапраўды заўсёды настойвае на структурных рэформах, на тым, што такі велізарны дзяржаўны сэктар — гэта, як падказвае вопыт Фонду, проста неэфэктыўна. Вось эфэктыўнасьць і ёсьць галоўнае патрабаваньне.

Па дапамогу да Фонду зьвяртаюцца краіны, у якіх ёсьць праблемы, у першую чаргу, з плацёжным балянсам, цяжкасьці з выплатай даўгоў. І рэкамэндацыі Фонду, як справядліва адзначаў Лукашэнка год таму, зводзяцца да аднаго — жывіце па сродках.

Калі раптам гэта атрымаецца пры дапамозе нацыяналізацыі і шчодрай сацыяльнай палітыкі — посьпехаў, у Бога цудаў шмат. Але горкі сусьветны вопыт, якога ў Фонду паболей, чым у беларускіх эканамічных чараўнікоў, падказвае, што так бывае, але рэдка.

У практычным пляне гаворка ідзе ў асноўным аб навядзеньні парадку ў нацыянальных фінансах. Вось, напрыклад, у суседняй Украіне рынкавая эканоміка, гэта прызнана і WTO, і іншымі міжнароднымі эканамічнымі інстытутамі, большая частка эканомікі там у прыватных руках, а ня 25% ВУП, як у Беларусі. Ну і што, гэта значыць, што яны ўсё выканалі? Не. Зь імі гаворка ідзе ў асноўным не пра прыватызацыю, а пра тарыфы, пра дзяржаўныя выдаткі. Гэтак і з Беларусьсю пра тое ж самае.

А гэта замарожваньне заробкаў, жорсткая фінансавая і крэдытная палітыка, якая «душыць» дзяржаўныя прадпрыемствы, гэта падвышэньне да ўзроўню самаакупнасьці камунальных тарыфаў, якое так абурыла (цяпер) Аляксандра Лукашэнку.

Зразумела, гэтая эканамічная «хіміятэрапія» — ня мёд. Відавочная яе палітычная цана ва Ўкраіне, у якой камунальныя тарыфы спраўна падымаюць. Апытаньне Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялёгіі дэманструе драматычнае падзеньне рэйтынгаў партыяў і палітыкаў, якія ўзялі на сябе адказнасьць за рэалізацыю рэкамэндацыяў Фонду.

Гэтую сацыяльна-палітычную цану Фонд не аплачвае, палітыкам у сябе дома яе даводзіцца аплачваць самім.

І што ж у сьвятле гэтага азначаюць словы Аляксандра Лукашэнкі: і сказаныя на гэтым тыдні, і год таму? А тое, што ня хочацца, каб было балюча — і народу, і потым сабе.

Ну дык і праўда рэч непрыемная. Што значыць — жывіце па сродках? А калі не атрымліваецца? А калі ёсьць Расея, ёсьць Кітай — яны можа чаго падкінуць без «антынародных» патрабаваньняў.

Можа. І падкідаюць. Магчыма, невыпадкова філіпікі на адрас МВФ прагучалі пасьля візыту прэзыдэнта ў Кітай.

А можа скандалам, ціскам, упартасьцю атрымаецца ў Фонду вытаргаваць нейкія саступкі? Дарэчы, таксама магчыма. Зь ім усе таргуюцца, лаюцца, там людзі звыклыя. Звыклыя, дарэчы, і да таго, што для сваёй публікі кіраўнікі робяць з Фонду пудзіла, перакладаюць на яго адказнасьць за балючыя працэдуры аздараўленьня, маўляў, мы ж за народ гарой, гэта ж злыдні з МВФ — супраць. Гэта не Лукашэнка адзін такі, гэта многія такія.

Так што, хутчэй за ўсё, будзе як з Расеяй. Зараз скандал, канфлікт — пасьля памірацца. І місія Фонду праз некалькі месяцаў ізноў прыедзе, і, хутчэй за ўсё, Лукашэнка зноў скажа, што Фонд, як ні дзіўна, прапануе разумныя рэчы, супраць якіх, уласна кажучы, Беларусь і не пярэчыць.

Ну а калі не — дык не. Да бабы-шаптухі шлях заўсёды адкрыты. Кажуць, цудадзейна вылечвае. І праўду ж кажуць.

Перадрук з парталу TUT.BY

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG