Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сямашка і Патупчык выехалі ў Маскву на газавыя перамовы


Перамовы Расеі і Беларусі па газавых пытаньнях пройдуць у Маскве 6 кастрычніка, піша «РИА Новости» са спасылкай на першага намесьніка міністра энэргетыкі Леаніда Шэнца.

На перамовы ад Беларусі мае прыбыць міністар энэргетыкі Ўладзімер Патупчык і віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка. Хто будзе на перамовах з расейскага боку, не гаворыцца.

Як кажа Шэнец, пакуль газ запампоўваецца ў Беларусь «згодна з графікам» (пастаўкі нафты тым часам зьмяншаюцца). На 2017 год Шэнец плянуе атрымаць 19,3 млрд м³ газу з Расеі згодна з кантрактам.

Беларусь і Расея ня могуць дамовіцца пра цану на газ. Расея ня хоча даваць зьніжак, якія просіць Беларусь, і заяўляе пра доўг Беларусі за газ у памеры каля 300 мільёнаў даляраў.

Паралельна з гэтым Беларусь узьняла цэны на транзыт расейскай нафты на 50%, з чым Расея не пагадзілася — «Транснефть» не падпісала пагадненьня. Канчатковае ўрэгуляваньне пытаньня залежаць ад судовага рашэньня або перамоваў урадаў ці прэзыдэнтаў, заяўляе расейскі бок.

Таксама між Беларусьсю і Расеяй ідуць малочныя і мясныя «войны» — пастаўкі некаторых беларускіх тавараў блякуюцца ў Расеі, асабліва прадуктаў харчаваньня. Але «Рассельгаснагляд» заявіў у адказ Лукашэнку, што не блякуе беларускіх харчоў і што Беларусь нават павялічыла іх пастаўкі ў Расею.

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей прасіў ня зьвязваць праблемы ў стасунках з Расеяй са спробай нармалізацыі дачыненьняў Беларусі з Эўразьвязам.

XS
SM
MD
LG