Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Палата прадстаўнікоў на паседжаньні 5 кастрычніка ратыфікавала пагадненьне паміж урадамі Беларусі і Бразыліі ад чэрвеня 2016 году аб узаемным скасаваньні візаў, паведамляе БЕЛТА. Бразылія пакуль не ратыфікавала пагадненьне.

Згодна з пагадненьнем, беларусам у Бразыліі і бразыльцам у Беларусі даецца ня больш за 90 дзён на год бязьвізавага перабываньня. Але ўрады краінаў могуць адмовіць замежнікам ва ўезьдзе альбо скараціць тэрміны перабываньня на сваёй тэрыторыі для «непажаданых» грамадзянаў.

Скасаваньне візаў пазбавіць Беларусь прыблізна 30 тысяч даляраў прыбытку з консульскіх збораў. МЗС мяркуе, што гэта кампэнсуецца павелічэньнем колькасьці турыстаў у Беларусі і новымі гандлёвымі пагадненьнямі.

Беларускае грамадзянства горшае за альбанскае і ганскае паводле рэйтынгу, які ўлічвае бязьвізавы доступ для кароткачасовых паездак, магчымасьць бязьвізавага пражываньня і працы за мяжой, а таксама маштаб эканомікі, разьвіцьцё чалавечага патэнцыялу, грамадзкі парадак і стабільнасьць. У гэтым рэйтынгу Беларусь на 82-м месцы.

Беларусы могуць наведваць бязь візаў 24 краіны: Азэрбайджан, Армэнію, Віетнам, Вэнэсуэлу, Гандурас, Грузію, Казахстан, Кубу, Кыргызстан, Македонію, Малайзію, Малдову, Манголію, Нікарагуа, Панаму, Пэру, Расею, Сэрбію, Таджыкістан, Турэччыну, Узбэкістан, Украіну, Чарнагорыю і Эквадор.

Тым часам у Беларусі прапануюць зрабіць бязьвізавы ўезд на 5 дзён для рэзыдэнтаў краінаў, якія актыўна інвэстуюць у Беларусь (такіх налічылі 80), але «ёсьць пэўныя сумневы з боку сілавых ведамстваў». Пакуль замежныя грамадзяне могуць знаходзіцца бязь візы да 5 дзён толькі ў спэцыяльным турысцка-рэкрэацыйным парку «Аўгустоўскі канал» і на прылеглых да яго тэрыторыях.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG