Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Алексіевіч: Беларускім Гаўлам мог быць Алесь Адамовіч


Галоўны рэдактар RFE/RL Нэнад Пэіч, Сьвятлана Алексіевіч, прэзыдэнт RFE/RL Томас Кент і дырэктар беларускай Свабоды Аляксандар Лукашук.

Галоўны рэдактар RFE/RL Нэнад Пэіч, Сьвятлана Алексіевіч, прэзыдэнт RFE/RL Томас Кент і дырэктар беларускай Свабоды Аляксандар Лукашук.

Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры за 2015 год Сьвятлана Алексіевіч, якая знаходзіцца ў Празе, узяла ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў у галоўным офісе Радыё Свабода.

Таксама яна наведала магілу Вацлава Гаўла на Вінаградзкіх могілках, якія знаходзяцца праз дарогу ад штаб-кватэры Радыё Свабода.

Падчас сустрэчы з журналістамі Свабоды ў аўдыторыі імя Вацлава Гаўла Сьвятлана Алексіевіч адказала на пытаньні і падарыла бібліятэцы Свабоды новую кнігу «Бібліятэкі Свабоды. ХХІ стагодзьдзе» — «Светлана Алексиевич на Свободе».



Сьвятлана Алексіевіч паўдзельнічала ў тэлемосьце з азэрбайджанскай журналісткай Хадзіджой Ісмаілавай, якая нядаўна была выпушчана з турмы.

Яна таксама ўзяла ўдзел у запісе перадачы беларускай службы «Зона Свабоды», якая выходзіць на тэлеканале Белсат па суботах, а таксама ў эфіры тэлепраекту Радыё Свабода «Настоящее время».

Прапануем вам фрагмэнт інтэрвію:

Лукашук: Калі Гавэл стаў прэзыдэнтам, яго сябры сказалі: цяпер ты мусіш стварыць партыю. Таму што ў нас ёсьць парлямэнт, у парлямэнце павінна быць палітычная сіла, якая будзе цябе падтрымліваць. Ён адмовіўся. Яго шмат разоў прасілі, падказвалі, гаварылі, што гэта палітычны інструмэнт. Ён ня стаў ствараць пад сябе партыю, ён застаўся адзін. Ён зрабіў выбар адзінокага чалавека ва ўладзе. Калі гаварыць пра тых, каго вы ведалі ў Беларусі за апошнія 20-30 гадоў, хто па-вашаму мог бы прэтэндаваць на ролю беларускага Гаўла?

Алексіевіч: Я думаю, адказ знаходзіцца імгненна — Алесь Адамовіч. Іншага роўнага яму чалавека няма ў гэтым пляне. Менавіта гэты эўрапейскі размах думкі, гэтае выхаваньне сябе на Льву Талстым, на сумневах, на пакаяньні, на разважаньні — гэта быў ідэальны чалавек для гэтага. І грамадзкі тэмпэрамэнт. У Быкава было вельмі шмат якасьцяў, гэта вельмі таленавіты пісьменьнік, але ў яго не было вось гэтага грамадзкага тэмпэрамэнту. Ён якраз быў чалавекам, якому было лепш сядзець за пісьмовым сталом.

Лукашук: Падчас перабудовы я неяк з Адамовічам езьдзіў, мы выступалі на розных пляцоўках. І Адамовіч гаварыў такое, за што тады ў прынцыпе саджалі. Я яму кажу: Алесь Міхайлавіч, вы ці хто-небудзь запісваеце на магнітафон тое, што вы гаворыце? Таму што гэта ў судзе ўсё трэба будзе даказваць. Ён махнуў рукой. Яго гэтыя наступствы не цікавілі. У яго сапраўды быў такі тэмпэрамэнт. Я вам задам такое пытаньне, якое ў Беларусі, магчыма, некаторым не спадабаецца: як Вы ставіцеся да такой думкі, што ў Беларусі насамрэч быў такі пэрыяд, быў такі Гавэл, і ён быў ва ўладзе? Гэта чалавек-інтэлектуал, ён не з намэнклятуры, чалавек адукаваны, які ўсё жыцьцё працаваў у сыстэме адукацыі, займаўся навукай, чалавек, які ня меў падставаў любіць гэтую дзяржаву, яго бацька быў рэпрэсаваны. І хіба той час, калі ён кіраваў, я кажу, канешне, пра Станіслава Шушкевіча, ня быў самымі найлепшымі імгненьнямі свабоды, дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі?

Алексіевіч: Я думаю, што так, гэта быў добры час, і ён у нейкім сэнсе адпавядаў гэтаму часу, гэта без сумневаў, але ў яго не было вось гэтага моцнага тэмпэрамэнту. У той момант, калі ўсё распадалася, патрэбны быў вельмі моцны характар, вельмі моцная ўпэўненасьць, а Станіслаў Шушкевіч, мне здаецца, вельмі мяккі чалавек. І таму той напор сілы, які прадставіў яго канкурэнт Лукашэнка, больш адпавядаў гэтаму народу, які выйшаў з сацыялізму і прывык увесь час жыць з царом.

Цалкам інтэрвію на сайце Свабоды і ў эфіры Белсату ў суботу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG