Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эдуард Пальчыс: Адзін у полі ваяр


Анастасія Дашкевіч, грамадзкая актывістка, у мінулым адна зь лідэраў «Маладога Фронту».

Анастасія Дашкевіч, грамадзкая актывістка, у мінулым адна зь лідэраў «Маладога Фронту».

У лістах да майго мужа Эдуард Пальчыс расказваў, як пачынаў свой сайт. Ён думаў, што калі празь месяц атрымае тысячу наведнікаў — гэта будзе посьпех. І сам зьдзівіўся таму, што празь нейкі тыдзень наведвальнасьць перасягнула 10 тысяч. Ён прысьвячаў сайту па пары гадзін у дзень і лічыў сябе несусьветным гультаём.

Зьміцер, думаючы, што над сайтам працуе нейкая каманда, вельмі зьдзівіўся, даведаўшыся, што гэта адзін зацяты чалавек. Ён неяк спытаўся ў Эдуарда: «Як ты гэта ўсё пасьпяваеш?»

— Як-як, жонка варыць есьці, а я — пішу.

Для яго гэта была нейкая кропля, якую ён мог рабіць, маленькая доля таго змаганьня супраць агрэсіўнага «русского мира», што разьвярнуў крывавае пабоішча на усходзе Ўкраіны і ідэалягічнае супрацьстаяньне тут. Сумленны чалавек ня можа проста так глядзець на несправядлівасьць. Яму трэба рабіць хоць нешта, каб знутры яго ня зжэрла пачуцьцё віны.

І Эдуард вырашыў, што краіне нашай не хапае такога адважнага, дзёрзкага, красамоўнага Джона Сыльвэра. Чалавека, які кажа тое, аб чым іншыя думаюць, але маўчаць. Ён не цураўся крытыкаваць і сваіх, і чужых, ён пісаў пра гісторыю і будучыню. Ён проста пісаў пра тое, чым лічыў варта падзяліцца з усімі намі, каб мы адчувалі сябе такімі ж як ён — трошку дзёрзкімі, мужнымі, натхнёнымі.

Як жа ён дапякаў краіне-агрэсару, калі тая наладзіла на яго сапраўднае паляваньне.

Як жа ён дапякаў краіне-агрэсару, калі тая наладзіла на яго сапраўднае паляваньне. Проста ўявіце, як адзін ці некалькі аддзелаў ФСБ ламалі галаву над загадкай Джона, а пасьля арышту і вызваленьня Эдуарда у Менску, над спэцапэрацыяй па яго затрыманьні ў Бранску. Ня ведаю, як вас, а мяне нават бярэ гонар за земляка, каторы вадзіў за нос беларускія і расейскія спэцслужбы.

Фэномэн Джона Сыльвэра ў тым, што Эдуард бязь лішніх «пантоў», рэзалюцый і кааліцый проста працаваў. Здавалася б, што можа адзін чалавек, аддаючы працы ўсяго пару гадзін на суткі? Але вынік — відавочны. Якой была б наша краіна, калі кожны з нас хаця б пару гадзін на тыдзень аддаваў таму, у што мы верым?

Ці адзін у поле не ваяр? Паглядзіце на Глеба Лабадзенку, які не дае расейскай прапагандзе разгуляцца на беларускіх запраўках, а таксама аддана і пасьлядоўна ня толькі выкладае мову, але і патрабуе ад дзяржаўных службоўцаў належнага яе шанаваньня. Паглядзіце на Андрэя Кіма, які разам з жонкай агучыў безьліч фільмаў, мультфільмаў, а цяпер яны выдалі «Хронікі Нарніі» па-беларуску. Паглядзіце на маладафронтаўцаў, якія штовечар, нягледзячы на надвор’е, па пары гадзін зьбіраюць подпісы за легалізацыю бел-чырвона-белага сьцяга і распавядаюць сотням і тысячам мінакоў пра нацыянальныя сымбалі.

Дык хіба адзін у полі не ваяр? Ваяр.

Эдуарда Пальчыса будуць судзіць 14 кастрычніка ў Менгарсудзе закрытым судом. Ён застаўся верны сваім ідэалам, не прызнае віны, піша бадзёрыя лісты, сьмяецца ды жартуе. Нягледзячы на закрыты працэс мы павінны прыйсьці і падтрымаць Эдуарда, які не пабаяўся і не паленаваўся узьняцца над агульнай абыякавасьцю. Прыйдзіце да Эдуарда, і я веру, — Джон Сыльвэр хутка вернецца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

XS
SM
MD
LG