Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расея: астраномію вернуць у школы за кошт замежнай мовы


Міністарка адукацыі Расеі назвала «прафанацыяй» вывучэньне другой замежнай мовы.

Міністарка адукацыі Расеі Вольга Васільева мае намер вярнуць у школы ўрокі астраноміі за кошт скарачэньня гадзін, выдзеленых на вывучэньне другой замежнай мовы.

Васільева назвала «прафанацыяй» вывучэньне другой замежнай мовы ў звычайных школах і прапанавала забраць гэтыя 250 гадзін у год на ўрокі астраноміі. Другую мову можна вывучаць факультатыўна, лічыць міністарка.

Пытаньне аб вяртаньні ў школы ўрокаў астраноміі неаднаразова абмяркоўвалася і раней. Гэты прадмет з 1991 году не ўваходзіць у абавязковую праграму расейскіх школаў, але вывучэньне нябесных целаў праходзіць у рамках іншых прадметаў, у прыватнасьці, фізыкі. У некаторых школах працуюць астранамічныя гурткі.

Былая супрацоўніца Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Васільева была прызначаная міністаркай адукацыі 19 жніўня адразу пасьля адстаўкі Дзьмітрыя Ліванава, які займаў гэтую пасаду з 2012 году. У Крамлі яна займалася пытаньнямі патрыятычнага выхаваньня.

26 верасьня кіраўніца Міністэрства адукацыі і навукі прапанавала абавязаць школьнікаў займацца прыборкай клясаў і іншых школьных памяшканьняў, а таксама працаваць на «прысядзібных участках».

30 жніўня міністарка прапанавала бацькам блякаваць дзецям доступ да інтэрнэту, каб абмежаваць запампоўку файлаў кампʼютарных гульняў.

XS
SM
MD
LG