Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску спрабуюць уратаваць дамову пра разьмежаваньне сілаў на Данбасе


Чарговае паседжаньне Трохбаковай кантактнай групы ў справе ўрэгуляваньня сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны праходзіць у Менску 5 кастрычніка. Асноўнай тэмай мае стаць фактычнае выратаваньне падпісанага 21 верасьня Рамачнага пагадненьня аб разьвядзеньні сіл і тэхнікі ўздоўж лініі разьмежаваньня.

Дынаміка разьвядзеньня пакуль не выклікае аптымізму. Рашэньне тычылася трох адрэзкаў, якія разам пакрываюць 6 км фронту з 426. Але на адным зь іх, у станіцы Залатое, сілы разьвялі толькі на 2 км, у станіцы Пятроўскае сілы так званай «ЛНР» спачатку адступілі, але потым вярнуліся на пазыцыі, а ў Станіцы Луганскай «ЛНР» яшчэ не адводзіла сілы. Зрэшты, фармальна на адвод сілаў даваўся месяц, зь якога застаецца яшчэ больш за два тыдні.

І расейскі, і ўкраінскі бакі, і самаабвешчаныя «ДНР» і «ЛНР» выказваюць гатоўнасьць працягнуць перамовы аб разьмежаваньні. Але Спэцыяльная маніторынгавая місія АБСЭ пакуль ня можа спраўдзіць выкананьне дамоўленасьцяў, бо ня мае ні доступу на названыя ўчасткі фронту, ні гарантыяў бясьпекі.

Іншымі тэмамі перамоваў 5 кастрычніка маюць стаць працяг абстрэлаў, утрыманьне палонных, а таксама так званыя «праймэрыз» — папярэднія выбары ў падкантрольных «ДНР» і «ЛНР» раёнах Украіны.

XS
SM
MD
LG