Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сасноў: Лукашэнка не пайшоў бы далей пры савецкай сыстэме, бо мог бы сесьці АНОНС


Былы міністар працы Аляксандар Сасноў — адзін зь нямногіх беларускіх урадоўцаў, які пайшоў у адстаўку на знак пратэсту супраць рэфэрэндуму 1996 году аб зьмене Канстытуцыі і падаўжэньні паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі.

Прапануем фрагмэнт інтэрвію. ​

Соўсь: Вы былі ў кіроўных структурах Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня. Згадваючы падзеі жніўня 1991 году, вы калісьці расказвалі, што тады дэпутаты сьпяшаліся, каб не застацца адзінай рэспублікай у СССР, якая яшчэ не абвясьціла пра сваю незалежнасьць ад Масквы. Ці магла застацца Беларусь адзінай, якая не абвясьціла незалежнасьць?

Сасноў: Яна і засталася адзінай, якая не абвясьціла незалежнасьць ад Савецкага Саюзу. Ад Расеі яна абвясьціла незалежнасьць, а ад СССР — не. Яна цяпер і выконвае ролю СССР на зямным шарыку.

Соўсь: Вы не былі ў Апазыцыі БНФ у парлямэнце, але на выбарах 1994 году працавалі ў камандзе Зянона Пазьняка. Чаму менавіта Пазьняка?

калі б Кебіч стаў прэзыдэнтам, мы б ужо былі якойсьці часткай Расеі і Расейскай Фэдэрацыі

Сасноў: Вельмі лёгка адказаць. Я мог працаваць толькі ў дзьвюх камандах — Шушкевіча і Пазьняка. Я выбраў тую каманду, якая, на мог погляд, павінна была забясьпечыць большы вынік на выбарах. Я ўгадаў, бо Пазьняк набраў болей, чым Шушкевіч. Што тычыцца працы з Пазьняком, то я зь ім у палітычным сэнсе, у сэнсе незалежнасьці краіны пагаджаўся амаль што адразу. Шмат хто вагаўся, шмат хто ня мог вызначыць для сябе, ці патрэбная Беларусі незалежнасьць, як яна будзе жыць самастойна без кіруючай рукі. Напрыклад, той жа Кебіч ня вызначыўся ў гэтым сэнсе. Кебіч ня мог сабе ўявіць, што ён можа працаваць у краіне, якая цалкам не залежыць ад Крамля. І колькі б ён ні казаў пра тое, што ён ужо цяпер разумее... можа, цяпер і разумее, але калі б Кебіч стаў прэзыдэнтам, мы б ужо былі якойсьці часткай Расеі і Расейскай Фэдэрацыі.

Соўсь: Як эканаміст, натуральна, вы ацэньвалі праграмы кандыдатаў на прэзыдэнта Зянона Пазьняка, Станіслава Шушкевіча, Аляксандра Лукашэнкі, Вячаслава Кебіча. Калі вы пайшлі ў каманду Пазьняка, вам і з пункту гледжаньня эканомікі найбольш падабалася ягоная праграма?

Сасноў: Я і раней казаў, што ў нас былі разыходжаньні ў нейкім сэнсе. Я больш лібэртарыянства вызнаваў, чым каманда Пазьняка, але гэта было не істотна. Галоўнае, што яны былі за рынкавую эканоміку. І Шушкевіч таксама. Што тычыцца Лукашэнкі, то ў яго амаль што ніякай эканамічнай праграмы не было, у яго быў голы папулізм, эклектыка, сумесь нейкіх сацыялістычных, камуністычных, лібэральных і іншых ідэяў, зь якіх можна было ісьці ў любы бок.

Соўсь: Але ж ён вам прапанаваў працу, ведаючы, што вы былі ў камандзе Пазьняка...

І толькі апошняе ён вырашыў на маю карысьць. Калі я падаў заяву, ён мяне адпусьціў у той жа дзень

Сасноў: Так. Цяпер я думаю, што нельга было туды ісьці. Трэба было разумець, хто ён такі. Можа, я і разумеў на той час, але ня ўсё. Я ня ведаў, што ён можа хлусіць, гледзячы ў вочы. Я ня ведаў, што сёньня ён можа прыняць адно рашэньне, а заўтра іншае. Я ня ведаў, што ён можа кагосьці, не магу сказаць, што пазбавіць жыцьця, але пытаньні ў мяне застаюцца наконт гэтага. Я пайшоў, бо ён пагадзіўся на тры мае аргумэнты. Першы — мы будуем лібэральную эканоміку ў незалежнай краіне. Другі — усе пытаньні, якія тычацца Міністэрства працы, павінны вырашацца толькі празь мяне. Згодны ці ня згодны, але я павінен быў ведаць пра гэта. І трэці — калі мне што не спадабаецца, я напішу заяву і мяне адпусьцяць. Я пагадзіўся. І ўсё амаль што так адбылося. Што тычыцца першага — ён стаў будаваць невядома што, другое — праз пару месяцаў было, ён прыняў рашэньне павялічыць заробкі вайскоўцам без усякага майго ўдзелу. І толькі апошняе ён вырашыў на маю карысьць. Калі я падаў заяву, ён мяне адпусьціў у той жа дзень.

Цалкам інтэрвію на нашым сайце неўзабаве.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG