Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чакаецца, што Купчына стане амбасадаркай Беларусі ў Вене


Алена Купчына

Алена Купчына

Цяперашні амбасадар Беларусі ў Аўстрыі Валер Варанецкі заявіў, што днямі пакідае сваю дыпляматычную пасаду, паколькі ён стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

Месца амбасадара ў Вене застаецца вакантным. Бо пасада ў сталіцы Аўстрыі не абмяжоўваецца працай унутры гэтай краіны. Амбасадар у Вене — гэта яшчэ і прадстаўнік Беларусі пры міжнародных арганізацыях. Менавіта тут месьціцца галоўны офіс Арганізацыі ў справе бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) і такая важная структура Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, як Міжнароднае агенцтва па атамнай энэргетыцы (МАГАТЭ). Да таго ж амбасадар у Аўстрыі — яшчэ і па сумяшчальніцтве амбасадар у Харватыі.

Найбольш верагоднай кандыдатурай для працы ў Вене называюць цяперашнюю намесьніцу міністра замежных справаў Беларусі Алену Купчыну.

Цікава, што тры папярэднія кіраўнікі беларускіх дыпмісіяў у Вене ад’яжджалі туды з адной і той жа пасады — намесьніка міністра, які курыруе ў міністэрстве эўрапейскі напрамак. Так было з Віктарам Гайсёнкам (2000 — 2005), Аляксандрам Сычовым (2006 — 2011) і Валерам Варанецкім (2011 — 2016).

МЗС Беларусі не камэнтуе магчымых кадравых зьменаў.

Дзьмітры Мірончык

Дзьмітры Мірончык

«У адпаведнасьці з пунктам 20 артыкула 84 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прызначэньне і адкліканьне дыпляматычных прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь пры замежных краінах і міжнародных арганізацыях — гэта прэрагатыва кіраўніка дзяржавы» — гаворыць прэс-сакратар зьнешнепалітычнага ведамства Дзьмітры Мірончык.

Паводле інфармацыі, якую атрымала Свабода зь некалькіх розных крыніц, вядома, што ў Вену паедзе менавіта Купчына, агрэман на яе (згода аўстрыйскага боку на прыём амбасадара) ужо ёсьць. А затрымка з афіцыйным прызначэньнем тлумачыцца дзьвюма рэчамі: па-першае, складанасьцямі з выбарамі прэзыдэнта ў Аўстрыі, па-другое, Палата прадстаўнікоў шостага скліканьня яшчэ афіцыйна не працуе (бюджэт на 2017 год прымаюць дэпутаты пятага скліканьня).

Алена Купчына скончыла юрыдычны факультэт БДУ. У апараце МЗС з 1992 году. За год да гэтага яна абараніла кандыдацкую дысэртацыю. З 1995-га па 1998 год працавала ў Жэнэве, у прадстаўніцтве Беларусі пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях. Пасьля вярнулася ў Менск. А з 2006-га па 2012 год ачольвала амбасаду ў Вугоршчыне. З траўня 2012 году — намесьніца міністра замежных спраў.

Сёлета Аляксандар Лукашэнка адзначыў яе працу ордэнам Пашаны з фармулёўкай «за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананьне службовых абавязкаў, значны асабісты ўнесак ва ўмацаваньне міжнароднага аўтарытэту Беларусі».

Экспэрты адзначаюць, што Алена Купчына шмат зрабіла асабіста для нармалізацыі дачыненьняў з Эўразьвязам.

Раман Якаўлеўскі

Раман Якаўлеўскі

«Яе стыль — эмацыйная дыпляматыя, — гаворыць міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. — І трэба прызнаць, што ён аказаўся вельмі ўдалым і эфэктыўным. Яна забясьпечыла пазытыўныя вынікі на гэтай глебе. Купчыну з задавальненьнем ўсюды прымалі.

І вельмі важна, што яна ня проста валодае беларускай мовай, а валодае ёй бездакорна. Калі чытае на памяць вершы Янкі Купалы, дык яе можна проста заслухацца».

Тое, што дзякуючы спадарыні Купчыной афіцыйны Менск значна палепшыў дачыненьні зь Эўропай, не выклікае сумневу, пагаджаецца палітоляг Алесь Лагвінец. Аднак ён лічыць, што ня трэба ідэалізаваць гэтую асобу:

Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

«Беларускі рэжым, можна сказаць, прадаваў спадарыню Купчыну Захаду як лібэралку ва ўладзе. Але ж яна не была самастойнай фігурай. Пры ўсёй яе лібэральнасьці яна вагалася разам з той лініяй, якую праводзілі і праводзяць улады. І калі спатрэбілася наладзіць адносіны з Захадам, яе паклікалі.

Я не перабольшваў бы тут ролю асобы. Купчына проста трапіла ў трэнд нармалізацыі дачыненьняў з Захадам. Патрэбна было легітымізаваць уладу Лукашэнкі. І для гэтага яна сапраўды шмат што зрабіла.

Што тычыцца яе магчымай працы ў Вене, то Аўстрыя — тая краіна Эўразьвязу, якая спрабуе наладзіць бізнэс-сувязі з Беларусьсю. Туды езьдзіў Лукашэнка, там ён адпачываў. Найхутчэй менавіта Аўстрыя зрабіла больш за іншыя краіны Эўразьвязу для зьняцьця санкцыяў з рэжыму Лукашэнкі. Калі дадаць да гэтага, што Вена — гэта яшчэ і АБСЭ, і ААН, то спадарыні Купчыной будзе дзе разгарнуцца».

Дарэчы, калі Валер Варанецкі балятаваўся у дэпутаты, то ён паказаў у дэклярацыі, што ягоны прыбытак за 2015 год склаў 68 759 944 рублі і 56 304,33 эўра.

XS
SM
MD
LG