Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Украіны заклікае сьвет кансалідавацца для вызваленьня ўкраінскіх журналістаў з расейскіх вязьніц


Вярхоўная Рада Ўкраіны заклікала парлямэнты краін Эўразьвязу, ЗША, Канады і Японіі, а таксама Эўрапарлямэнт кансалідаваць намаганьні для вызваленьня з расейскіх вязьніц украінскіх журналістаў — Рамана Сушчанкі, затрыманага 30 верасьня ў Маскве, і Міколы Сэмэна, над якім у Крыме адбываецца судовы працэс паводле абвінавачаньняў у экстрэмізме.

Адпаведную заяву сёньня падтрымалі 245 дэпутатаў украінскага парлямэнту.

«Зьвяртаемся да вас з настойлівым заклікам кансалідаваць намаганьні па вызваленьні ўкраінскіх журналістаў, асудзіць дзеяньні Расейскай Фэдэрацыі, якія груба парушаюць правы чалавека, а таксама спрыяць неадкладнаму допуску консульскіх службовых асоб Украіны і адваката да Рамана Сушчанкі. Толькі супольнымі дзеяньнямі Ўкраіны і міжнароднай супольнасьці мы можам спыніць грубыя парушэньні правоў чалавека, якія, на жаль, становяцца сталай практыкай у Расейскай Фэдэрацыі», — гаворыцца ў заяве ўкраінскага парлямэнту.

Раман Сушчанка затрыманы ў Маскве 30 верасьня і паводле пастановы суду арыштаваны да 30 лістапада паводле падазрэньняў у шпіянажы. Пра ягонае затрыманьне стала вядома выпадкова падчас наведаньня сьледчага ізалятару «Лефортава» расейскімі праваабаронцамі. Раман Сушчанка працуе ў «Укрінфарме» з 2002 году, а ўласным карэспандэнтам агенцтва ў Францыі — з 2010 году. У яго двое дзяцей. Старэйшая дачка працуе перакладчыцай у гэтым самым агенцтве, малодшы сын жыве з жонкай у Парыжы.

Журналіста Мікалая Сэмэну абвінавачваюць у дзеяньнях, накіраваных на парушэньне тэрытарыяльнай цэласьці Расеі. 19 красавіка 2016 году ФСБ РФ правяла ператрус у яго кватэры, а пазьней адкрыла крымінальную справу паводле артыкулу пра «сэпаратызм» за публікацыі ў СМІ. У верасьні 2015 году ён напісаў артыкул «Блякада — неабходны першы крок да вызваленьня Крыму», які быў разьмешчаны на інфармацыйным сайце «Крым. Рэаліі» — праекту «Радыё Свабода». Украінскія ўлады і журналісцкія арганізацыі заклікалі Расею дазволіць яму выезд на мацерыковую Ўкраіну для лячэньня, аднак гэтыя заклікі былі праігнараваныя расейскім бокам. У кастрычніку мае пачацца судовы працэс у ягонай справе.

XS
SM
MD
LG