Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два пагляды з-за кратаў


Марк Фарнэр, заснавальнік, гітарыст і вакаліст «Grand Funk Railroad»
Марк Фарнэр, заснавальнік, гітарыст і вакаліст «Grand Funk Railroad»

Загаловак ня мае нічога агульнага зь беларускай ці якой-колечы іншай палітыкай. Тут вядзецца выключна пра асабісты музычны густ.

У рок-музыцы я люблю і паважаю ўсё, чаго паслухаў і што спадабалася ў маладосьці. Але цяпер, у свае сталыя гады, мне ўжо амаль нічога ня хочацца слухаць другі раз. Ёсьць нешматлікія выключэньні — пальцаў адной рукі будзе зь лішнім, каб палічыць іх усе — і пра адно такое выключэньне гэтая мая занатоўка.

Я з задавальненьнем вяртаюся да кампазыцыі «Пагляд з-за кратаў» (Inside Looking Out), якую ў 1969 годзе амэрыканскі гурт «Грэнд Фанк Рэйлроўд» («Grand Funk Railroad») запісаў для альбому «Grand Funk». Праўду кажучы, гэта адзіная кампазыцыя з таго альбому, якую я добра ведаю — астатніх ня помню, мабыць, і ня ўсе зь іх чуў.

«Пагляд з-за кратаў», як для мяне, кампазыцыя паказальная і ўзорная для ўсяго року — яна да краёў насычаная разнастайнымі фарбамі з багатай палітры гэтага жанру. Трывае дастаткова доўга, каб усё нанава зьдзіўляць зьменамі тэмпаў, настрояў ці наратыву, але ня надта доўга, каб стаміць. У музычным сэнсе гітарыст і вакаліст Марк Фарнэр са сваім трыё выклаў у гэтай песьні азбуку рок-музыкі, сапраўдны маніфэст рок-н-ролу.

Пахвалу «Пагляду з-за кратаў» і гурту «Грэнд Фанк» я мог бы працягваць, але трэба тут аддаць справядлівасьць праўдзе і сказаць, што аўтарства песьні належыць каму іншаму — «Грэнд Фанк» зрабіў толькі (геніяльны) кавэр, калі трымацца правільнай тэрміналёгіі.

Песьню трыма гадамі раней запісаў іншы гігант рок-музыкі — брытанскі гурт «Animals». Кожны з чытачоў, каму хопіць вытрымкі выслухаць абедзьве вэрсіі, згодзіцца, што мэлядычная лінія ў аснове і там, і там аднолькавая, але паводле духу і клімату — гэта дзьве рэчы, якія знаходзяцца на выразнай адлегласьці адна ад адной.

Прататып «Энімалз» па-свойму чапляе, таму гітарысту «Грэнд Фанк» Марку Фарнэру, які ўзяўся за апрацоўку гэтага матэрыялу, трэба было сапраўды паказаць нешта новае, то бок узяць сваю прыступку ў рок-музыцы. І ён яе ўзяў.

Ну і каб аддаць справядлівасьць гістарычнай праўдзе ўжо цалкам, дадам, што кампазыцыя «Энімалз» збольшага абапіралася на аўтэнтычную турэмную песеньку, якую ўратаваў ад забыцьця адзін музыколяг. Усім гэтым дзядзькам, якія, так сказаць, прычыніліся — вялікі дзякуй.

Часам мне думаецца, што калі б гісторыя рок-музыкі празь нейкі капрыз лёсу абрэзалася да пэрыяду 1966-1969 (гады ўзьнікненьня дзьвюх названых вэрсій песьні), дык насамрэч не было б аб чым шкадаваць. Маючы ў песьні «Пагляд з-за кратаў» такі харошы генэтычны матэрыял, такое ўзорнае ДНК рок-музыкі, усё астатняе можна было б пры дапамозе сучасных тэхналёгій выгадаваць у лябараторыі.

Аляксандар Максімюк

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG