Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі зьнясуць апошні ўкраінскі храм


Троіцкі храм у Нагінску

Троіцкі храм у Нагінску

Маскоўскі абласны суд вынес 3 кастрычніка рашэньне па апэляцыйнай позьве Кіеўскага патрыярхату Ўкраінскай праваслаўнай царквы адносна закрыцьця Троіцкага храма ў Нагінску, што ў Маскоўскай вобласьці Расеі. Цягам 4 месяцаў храм зьнясуць за кошт УПЦ як незаконна збудаваны на прыватнай зямлі. Пра гэта піша на Facebook ераманах Мэркуры Скараход.

Таксама сьвятар заявіў, што перад пасяджэньнем на адвакатку Тацяну Скараход быў зьдзейсьнены напад, невядомыя стралялі па ёй з машыны.

Царква заставалася адзіным храмам у юрысдыкцыі Кіеўскага патрыярхату на тэрыторыі Расеі. Храм існаваў з пачатку 1990-х, а ў 1994 годзе яго настаяцель, этнічны ўкраінец, перайшоў ва УПЦ. Прыхаджане распавядалі, што іх храм заўжды зьневажалі, разьвешвалі па горадзе ўлёткі пра тое, што храм «раскольніцкі», а калі нябожчыка адпявалі ў іх царкве, родзічам не прадавалі труны. З пачатку вайны на ўсходзе Ўкраіны ўлёткі сталі больш жорсткімі, храм абражалі па тэлевізіі і ў газэтах.

У 2015 годзе ў Расеі ўжо зьнесьлі ўкраінскі храм — у пасёлку Пабеда пад Пензай паводле рашэньня суду былі зруйнаваныя «самавольна збудаваныя» храм і званіца Міхайлаўскага манастыру Кіеўскай эпархіі. У чэрвені 2016 году апэляцыйны суд Сімфэропалю ў акупаваным Расеяй Крыме пастанавіў выселіць УПЦ з катэдральнага сабору і спагнаць зь яе штраф у паўмільёна расейскіх рублёў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG