Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Yahoo! чытала ўсю перапіску карыстальнікаў на загад спэцслужбаў — Reuters


Агенцтва Reuters са спасылкай на ўласныя крыніцы заявіла, што IT-кампанія Yahoo! на загад ФБР альбо АНБ стварыла і выкарыстоўвала ў 2015 годзе праграму для аналізу ўсіх лістоў 280 мільёнаў сваіх карыстальнікаў.

У рэальным часе праграма аналізавала лісты, што атрымлівалі карыстальнікі, на пэўныя спалучэньні сымбаляў (ключавых словаў, але невядома, якіх менавіта). Такое патрабаваньне паступіла ў Yahoo! у якасьці сакрэтнай дырэктывы ўраду. Дырэктарка Yahoo! Марыса Мэер даручыла супрацоўнікам стварыць праграму, не паведаміўшы службы бясьпецы.

Спэцыялісты службы бясьпекі заўважылі праграму толькі празь некалькі тыдняў і прынялі яе за атаку хакераў, а калі даведаліся праўду, кіраўнік службы звольніўся з кампаніі.

Былы супрацоўнік АНБ Эдвард Сноўдэн, які раней выкрываў маштабныя дзяржаўныя праграмы сачэньня за грамадзянамі, заклікаў карыстальнікаў Yahoo! закрыць свае акаўнты, бо сэрвіс сканаваў «усё напісанае, далёка за межамі запатрабаванага законам».

Ці стваралі і выкарыстоўвалі такія праграмы іншыя паштовыя службы, невядома. Раней было вядома пра доступ розных паштовых сэрвісаў да перапіскі карыстальнікаў (у тым ліку праз выкрыцьці Сноўдэна), але ніколі раней не было вядома пра настолькі маштабны аналіз перапіскі ў рэальным часе.

Законы ЗША дазваляюць спэцслужбам патрабаваць ад IT-кампаніяў выдаваць перапіску карыстальнікаў пры наяўнасьці афіцыйных абвінавачаньняў супраць карыстальнікаў па шэрагу артыкулаў. Вядомым стаў інцыдэнт з кампаніяй Apple: ФБР патрабавала ад кампаніі даць доступ да зашыфраваных зьвестак на iPhone арганізатара тэрактаў у Сан-Бэрнардына, кампанія адмовіла, ФБР узламала тэлефон безь яе ўдзелу.

У чэрвені 2016 году Расея фактычна ўзаконіла татальнае праслухоўваньне і загадала правайдэрам стварыць сыстэму татальнага сачэньня за любой перапіскай у інтэрнэце.

У Беларусі КДБ можа слухаць фактычна любыя размовы пры ўдзеле мабільных апэратараў, але толькі пасьля афіцыйнай санкцыі пракурора, старшыні Сьледчага камітэту альбо старшыні самога КДБ. Зь беларускімі спэцслужбамі афіцыйна супрацоўнічаюць Microsoft, Google, Tut.by і іншыя кампаніі, па запыце яны выдаюць перапіску і іншыя зьвесткі злачынцаў пры належным афармленьні запыту.

Сьледчы камітэт хацеў набыць праграму, якая ўзламвае абсалютна любы тэлефон (такой няма нават у ФБР). У тэндэры перамагла беларуская кампанія, якая паабяцала распрацаваць такую праграму за ўсяго 31 тысячу даляраў.

XS
SM
MD
LG