Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледчык: Крэмль зьняў з ЗША галаўны боль


Прадпрыемства па перапрацоўцы плютонію ў расейскім Азёрску

Прадпрыемства па перапрацоўцы плютонію ў расейскім Азёрску

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін запатрабаваў ад ЗША «ліквідацыі прычынаў, якія прывялі да карэннай зьмены абставінаў» для выкананьня Пагадненьня аб утылізацыі плютонію. Ён унёс на разгляд расейскай Дзярждумы адпаведны законапраект.

У ліку такіх прычынаў, акрамя санкцый у рамках «Акту Магніцкага» і наогул усіх санкцый супраць суб’ектаў Расейскай Фэдэрацыі (чытай: найбліжэйшага кола Пуціна і зьвязаных з Крамлём кампаній), ёсьць і пункт, які патрабуе ад ЗША даць выразны плян «незваротнай ўтылізацыі плютонію, які падпадае пад дзеяньне Пагадненьня».

Што гэта азначае на практыцы — з пункту гледжаньня ядзернай зброі і з пункту гледжаньня кантролю над узбраеньнем і ядзернымі матэрыяламі, тлумачыць кіраўнік дасьледчага праекту «Расейскія ядзерныя сілы» і супрацоўнік Інстытута ААН па дасьледаваньні праблемаў раззбраеньня Павел Подзьвіг:

Подзьвіг: З пункту гледжаньня зброі гэта зусім нічога не азначае. Таму што, па-першае, у тым указе, які апублікаваны, выразна пацьверджана абавязаньне не выкарыстоўваць плютоній, які быў накіраваны ў гэтую праграму, для якіх-небудзь ваенных мэтаў, і сытуацыя статус-кво пакуль захаваецца. І па-другое, мяркуючы па ўсім, тая праграма ўтылізацыі плютонію, якая была пабудавана ў Расеі з разьлікам на тое, што гэта пагадненьне будзе дзейнічаць, хутчэй за ўсё, застанецца ў сіле, і гэты плютоній у выніку будзе выкарыстаны ў якасьці паліва для расейскіх хуткіх рэактараў. Гэта значыць, у гэтым сэнсе, у сэнсе наяўнасьці плютонію для ваенных мэт, тым больш для зброі, нічога ня зьменіцца. Гэты плютоній як быў па-за ваенным выкарыстаньнем, так і застанецца па-за ваенным выкарыстаньнем.

—​ А навошта тады гэтая заява?

— Мяркуючы па ўсім, гэтая заява мела сэнс палітычнага жэсту. І з гэтага боку яе, напэўна, і трэба ўспрымаць. Наколькі гэта эфэктыўны палітычны жэст — тут розныя меркаваньні. Я скептычна настроены наконт эфэктыўнасьці такога кроку. Але, тым ня менш, такое рашэньне было прынята.

—​ Давайце вернемся да самога пагадненьня, якое дзейнічае з 2000 году. Як яго дасягалі, што яму папярэднічала? І ў чым, уласна, была яго карысьць для Расеі, калі Расея пад ім падпісвалася?

—​ Гісторыя гэтага пагадненьня вельмі доўгая і складаная, але асноўная ідэя была такая, што ў пачатку 90-х ЗША абвясьцілі каля 50 тон свайго збройнага плютонію залішнімі для іх ваенных патрэбаў. Расея ў той момант зрабіла крок у адказ і таксама абвясьціла, што таксама не разглядае каля 50 тон у якасьці ваеннага матэрыялу. А далей паўстала ідэя, што раз ёсьць такія абавязаньні і такія заявы, дык было б правільна і добра, калі б зьнішчэньне гэтага матэрыялу адбывалася ва ўзгодненым двухбаковым парадку і пад узаемным кантролем.

У сярэдзіне 90-х было зроблена вельмі шмат працы, у 1994 годзе быў прадстаўлены вялікі даклад амэрыканскіх акадэмій, якія аналізавалі гэтую праблему, потым Дэпартамэнт энэргетыкі ЗША разгледзеў розныя варыянты ўтылізацыі плютонію. І высьветлілася, што плютоній — вельмі складаны матэрыял у сэнсе яго ўтылізацыі, яго складана напрацаваць, але, напэўна, яшчэ больш склада ад яго пазбавіцца. Таму што, у адрозьненьне ад урану, які можна проста зьмяшаць з нізкаўзбагачаным уранам і перавесьці ў паліва, плютоній перавесьці ў бясьпечны стан з пункту гледжаньня ўзбраеньня і з пункту гледжаньня ядзернай бясьпекі значна складаней.

Плютоній значна больш у гэтым сэнсе устойлівы да рознага роду маніпуляцый. У выніку праведзеных дасьледаваньняў было абрана некалькі варыянтаў. Адзін з варыянтаў, на якім спыніліся, — выкарыстоўваць плютоній ў якасьці паліва для цывільных атамных рэактараў. Зноў жа, гэтаму папярэднічала даволі доўгая гісторыя, зьвязаная з тым, што Расея заўсёды хацела выкарыстоўваць плютоній у сваіх рэактарах на хуткіх нэўтронах, рэактарах сэрыі БН. ЗША выказвалі пэўныя сумненьні наконт таго, ці будзе гэтая праграма працаваць. У выніку ўзгадненьне ўсіх гэтых пытаньняў заняло каля 10 гадоў.

Расейская праграма, у цэлым, апынулася разумна пасьпяховай.

Канчатковы пратакол, які быў падпісаны ў 2010 годзе, адказаў на ўсе пытаньні і замацаваў два асноўных, два адзіных, насамрэч, спосабаў утылізацыі плютонію. Для Расеі гэты спосаб палягае ў фабрыкацыі паліва для хуткіх расейскіх рэактараў, а ЗША абралі варыянт фабрыкацыі паліва для сваіх звычайных, так званых цеплавых рэактараў. Вось у такім стане гэтая праграма зь 2010 году і была замацаваная. Расейская праграма, у цэлым, апынулася разумна пасьпяховай, і рэактар пабудавалі і запусьцілі, і запускаюць вытворчасьць паліва для гэтага рэактара. То бок, увесь вытворчы ланцужок ужо выбудаваны для таго, каб гэты плютоній выкарыстоўваць як паліва. А ў ЗША паўсталі праблемы, у тым ліку інжынэрныя, і праект выйшаў далёка за межы першапачатковага бюджэту.

У выніку адміністрацыя Абамы прыняла рашэньне зачыніць гэты праект, зачыніць гэты спосаб ўтылізацыі плютонію шляхам выкарыстаньня ў паліве звычайных рэактараў і разгледзець іншыя варыянты. Адзін з варыянтаў, на якім спыніліся амэрыканскія навукоўцы, — гэта проста пахаваць гэты плютоній у сховішча, зьмясьціць яго пад зямлю, папярэдне зьмяшаўшы з рознымі дадаткамі, якія ўскладняюць потым працэс вяртаньня гэтага плютонію са сховішча ў выпадку, калі нехта паспрабуе гэта зрабіць. У гэтым узьнікла невялікая праблема, таму што, строга кажучы, для таго, каб памяняць спосаб утылізацыі, ЗША трэба было атрымаць ухвалу і згоду Расеі, гэта непасрэдна запісана ў дамове. Але ў Расеі складанае стаўленьне да такога спосабу ўтылізацыі, і сёлета ў красавіку Ўладзімір Пуцін сказаў, што ў Расеі разглядаюць гэты спосаб як недастатковы, каб надзейна пазбыцца ад збройнага матэрыялу.

Расейскае кіраўніцтва вырашыла, што гэта той выпадак, калі можна скарыстацца нявызначанасьцю, якая існуе з амэрыканскага боку, і зрабіць палітычны крок.

Тэхнічна гэта сапраўды так, але, як мне падаецца, праблема магла б быць вырашана з дапамогай перамоў, абмеркаваньняў на тэхнічным узроўні, гэта значыць, яна магла б быць вырашана як тэхнічная праблема. Але расейскае кіраўніцтва вырашыла, што гэта той выпадак, калі можна скарыстацца нявызначанасьцю, якая існуе з амэрыканскага боку, і зрабіць палітычны крок. Фармальна ЗША не спыніліся на нейкім адным спосабе ўтылізацыі, у іх няма прапаноў, зь якімі яны маглі б прыйсьці да расейскага боку і сказаць, што вось давайце вы дасьце нам згоду на такі спосаб. Яны яшчэ не дайшлі да гэтай стадыі, гэты працэс вельмі доўгі. Гэта значыць тэхнічны бок гэтай справы вельмі складаны і заблытаны, і тут ёсьць вельмі шмат розных меркаваньняў.

Але паўтараю, што з пункту гледжаньня выкарыстаньня ў зброі — ні расейскі, ні амэрыканскі плютоній, можна быць цалкам упэўненым, у зброі ніколі ўжо выкарыстоўвацца ня будзе.

— Чаму?

— Часткова таму, што ёсьць палітычныя абавязаньні як з аднаго, так і з другога боку, а шмат у чым таму, што плютонію назапашана і ў той, і ў іншай краіне настолькі шмат, што гэтыя 34 тоны кожнага боку, пра якія ідзе гаворка, уяўляюць сабой вельмі малую частку плютонію, які існуе. То бок, гэта каля траціны або чвэрці усіх запасаў. Гэтыя лішкі плютонію проста не патрэбныя. І апошні момант, чаму ён ня будзе выкарыстоўвацца: калі Расея ўжо пабудавала сваю праграму і яна будзе выкарыстоўваць гэты плютоній, дык зразумела, што, калі ён пройдзе праз рэактар, ён, у прынцыпе, ужо ня будзе, скажам так, адпаведнай якасьці матэрыялам для вытворчасьці зброі. І з амэрыканскага боку тое ж самае.

Значна прасьцей, калі ўжо дойдзе да сытуацыі, калі ЗША спатрэбіцца новы плютоній, будзе проста пабудаваць новы рэактар.

То бок, калі яны ўсё-такі дамовяцца і абяруць спосаб, скажам умоўна, закапаць гэты плютоній ў зямлю — так, тэарэтычна будзе заставацца магчымасьць атрымаць гэты плютоній і зноў яго выкарыстоўваць, але з практычнага пункту гледжаньня, з улікам таго, што яго будуць зьмешваць з рознымі дадаткамі і іншым, з практычнага пункту гледжаньня яго далейшае выкарыстаньне ня мае ніякага сэнсу. Значна прасьцей, калі ўжо дойдзе да сытуацыі, калі ЗША спатрэбіцца новы плютоній, будзе проста пабудаваць новы рэактар і зноў яго напрацаваць, чым выкалупваць плютоній зь зямлі. І гэтае разуменьне ёсьць з абодвух бакоў.

У пэўнай ступені на гэтую праграму ўтылізацыі і раней ужо сталі глядзець як на перашкоду для нармальнай працы ядзерных комплексаў і ў Расеі, і ў ЗША. І я думаю, што цяпер адмыслоўцы ў «Росатоме» Расеі і ў Дэпартамэнце энэргетыкі ЗША, можа быць, нават і вітаюць такое рашэньне, таму што яны ўсё роўна будуць рабіць тое, што мелі намер рабіць, але ў іх цяпер будзе менш галаўнога болю з нагоды выкананьня розных умоваў, якія накладала гэта пагадненьне.

— Гэты крок, на які пайшла Расея цяпер, многія назвалі спробай ядзернага шантажу, спробай ціску з выкарыстаньнем ядзерных матэрыялаў. Гэта першы раз, калі Крэмль ідзе на такія заявы і дзеяньні?

— Гледзячы як клясыфікаваць. Я б ня стаў так казаць — першы раз, другі раз... Зразумела, што звычайна праграмы, у якіх удзельнічаў «Росатом» і якія тычыліся супрацоўніцтва па лініі збройных комплексаў, заставаліся ў баку ад палітычных усялякіх пытаньняў. Але, зь іншага боку, нельга сказаць, што яны цалкам ізаляваныя. У пэўным сэнсе гэтага можна было чакаць. Калі вы памятаеце, два гады таму была спыненая праграма супрацоўніцтва паміж карпарацыяй «Росатом» і Дэпартамэнтам энэргетыкі ў частцы, напрыклад, мінімізацыі выкарыстаньня высокаўзбагачанага ўрану, ядзернай бясьпекі на аб’ектах Міністэрства абароны і іншае. Гэтая праграма была згорнутая зь меншым палітычным эфэктам. Тым ня менш, гэта быў досыць прыкметны крок.

Больш падрабязна тут.

XS
SM
MD
LG