Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Барацьбы з алькагалізмам ня будзе, бо ўладзе не патрэбны канфлікт з электаратам»


Абмяркоўваюць Дзьмітры Гурневіч, Валер Карбалевіч і Вячаслаў Ракіцкі.

Ракіцкі: Два самагубствы ў розных месцах Беларусі адбыліся цягам аднаго дня — 27 верасьня. У вёсцы Красноўка Нараўлянскага раёну павесіўся 57-гадовы мужчына. Аднавяскоўцы расказваюць, што прычынаю суіцыду стаў штраф за кіраваньне трактарам у стане алькагольнага ап’яненьня памерам 1500 беларускіх рублёў. Такіх грошай у яго не было, ён вельмі перажываў з гэтай нагоды. Адзінае выйсьце, якое ён убачыў — пайсьці з жыцьця. Паводле незалежных СМІ, адна са сваячак адзначыла, што мужчына перад сьмерцю сказаў: «Няма цела — няма дзела».

У той самы дзень 38-гадовы сьлесар Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў скончыў жыцьцё самагубствам, атрымаўшы разьліковы лісток зь мінусавым заробкам. У гэтым выпадку кіраўніцтва прадпрыемства тлумачыць суіцыд тым, што больш за палову заробку пайшлі на алімэнты дзецям ад першага шлюбу, а астатнія грошы працаўнік патраціў у заводзкіх харчовай краме і сталоўцы.

Будзем спадзявацца, што сьледзтва дакапаецца да канкрэтных матываў. Але ці ўбачыць яно сапраўдныя прычыны гэтых і, напэўна ж, яшчэ шэрагу падобных трагедыяў у краіне? Ці ўскалыхнуць гэтыя трагедыі грамадзтва? Баюся, што не. Бо ў гэтых самых тлумачэньнях, маўляў, заблытаўся чалавек у сямейных справах, сеў за руль трактара п’яным, відавочны, з майго гледзішча, цынізм гэтак званай сацыяльнай дзяржавы, рэальнасьцю якой ёсьць падачка замест вартага чалавечай годнасьці заробку, і пайка па крэдытнай картцы ў заводзкай сталоўцы.

Чалавек сумленны моцна перажывае, што ён на свой заробак ня можа пракарміць сям’ю, што мусіць прыйсьці да жонкі і дзяцей у дзень заробку без заробку. І ня кожны можа перажыць гэта.

Я нават не пра гэтыя канкрэтныя выпадкі, а пра годнасьць чалавека працы. Чалавек сумленны моцна перажывае, што ён на свой заробак ня можа пракарміць сям’ю, што мусіць прыйсьці да жонкі і дзяцей у дзень заробку без заробку. І ня кожны можа перажыць гэта. Ня ўсе людзі моцныя, асабліва з пачуцьцём годнасьці. Прадстаўнік адміністрацыі бабруйскага заводу заявіў нашаму карэспандэнту, што «прычыны трэба шукаць у сям’і. Зрэшты, я сам пасьля адпачынку атрымаў разьлік 6 рублёў — дык што мне, вешацца?»

Пытаньне ён задаў нібыта рытарычнае. Яно, відавочна, рытарычнае для яго. Але гэтае пытаньне, я думаю, задаюць сабе зусім не рытарычна шмат беларусаў. І самотныя пэнсіянэры, і маладыя спэцыялісты ў бюджэтнай сфэры, і нізкааплатныя работнікі на стратных прадпрыемствах, і людзі з малымі даходамі, як той трактарыст-самагубца, якія трапляюць у непрыемныя сытуацыі, разьвязаць якія можна толькі грашыма, а яшчэ людзі, якім патрэбныя грошы на лекаваньне. А што рабіць людзям у маленькіх гарадках і мястэчках, тыпу Лоева, дзе, як мне расказвалі, нават працу за 200 рублёў у месяц знайсьці практычна немагчыма? А як будуць жыць і выплачваць штрафы дробныя прадпрымальнікі, пагроза якіх над імі навісла, пра што ўчора на форуме прадпрымальнікаў у Менску яны заклапочана гаварылі? На сацыяльныя выступы, на бунт беларускае грамадзтва, як мы бачым, ня вельмі гатовае? Шукаць выйсьце ў алькаголі? Вешацца? Ці сумясьціць гэтыя два варыянты — напіцца і павесіцца?

З вашага гледзішча, калегі, гэтыя самагубствы выпадковыя ці заканамерныя? І ці ня ёсьць у гэтым трагічная пэрспэктыва краіны?

Гурневіч: На жаль, Беларусь ужо доўгі час лідзіруе па гэтых паказьніках у сьвеце. Па ўзроўні суіцыдаў мы чацьвёртыя ў Эўропе, у рэйтынгу мэтаў устойлівага разьвіцьця, зьвязанага са здароўем, Беларусь заняла 120-е месца са 188 краінаў. Поўны сьпіс нядаўна быў апублікаваны аўтарытэтным мэдыцынскім часопісам «The Lancet». У Беларусі два чырвоныя агмені: гэта суіцыды і алькагалізм. Падобна, гэтыя паказчыкі сур’ёзна цягнуць краіну ўніз ва ўсіх рэйтынгах. Па дадзеных часопіса, па алькагалізацыі насельніцтва ў Беларусі найгоршая сытуацыя ў сьвеце. Крыху лепш ідуць справы ва Ўкраіне і ў Расеі. Насамрэч, алькагалізм — гэта нацыянальная драма Беларусі. І на жаль, гэта трагічная пэрспэктыва краіны, прынамсі, на бліжэйшы час. У Беларусі, нібыта, змагаюцца з наркотыкамі, але ці дастаткова гэта?

Большасьць наркотыкаў трапляе ў Беларусь з Расеі, зь якой у нас няма мяжы. Падчас парлямэнцкай кампаніі гэтае пытаньне ўздымалася, і раней пра гэта неаднаразова пісалі, зьвярталіся нават маці маладзёнаў, якія ўжываюць спайсы. Чальцы партыі БНФ пісалі прадстаўнікам ураду, каб прыняць меры. Але на такі крок Лукашэнка, зразумела, ня пойдзе, а гэта азначае далейшую наркатызацыю краіны.

З алькагалізацыяй падобная справа. Людзі п’юць, бо гарэлка вельмі танная ў крамах. У рэстаранах яна амаль бясплатная, культуры піцьця ў нас на жаль яшчэ няма, як у Заходняй Эўропе. Пра гэта сьведчаць і прыведзеныя вышэй дадзеныя. П’янства становіцца прычынай забойстваў, самазабойстваў, і гэта паталёгія. Дзеці ў п’яных сем’ях, а ўрэшце і самі пазьней п’юць. Калі прыяжджаю ў Беларусь і раніцай бачу п’яных людзей, а 7-8-й раніцы — што ў Заходняй Эўропе я мушу сапраўды пашукаць у адмысловых месцах, а ў Беларусі гэта можна ў тралейбусе сустрэць. Суіцыды робяцца шмат у якіх выпадках ад алькагалізму і ад безвыходнасьці. Што тут можна рабіць?

Сыстэма, у якой краіна існуе, і не апошнія 20 гадоў, а апошнія 100, і нават 200 гадоў — гэта пастаянная акупацыя, пераважна расейская, якая завяла народ у тупік. Людзі ня бачаць пэрспэктывы, таму што яны разумеюць, што ад іх мала што залежыць ва ўласнай краіне

Найпрасьцей, канечне, можна сказаць: павысіць дабрабыт людзей. Але гэта не заўсёды нават уплывае. У паўночных скандынаўскіх краінах таксама досыць высокі ўзровень суіцыдаў. Беларусь сама па сабе таксама дэпрэсіўная. Сыстэма, у якой краіна існуе, і не апошнія 20 гадоў, а апошнія 100, і нават 200 гадоў — гэта пастаянная акупацыя, пераважна расейская, якая завяла народ у тупік. Людзі ня бачаць пэрспэктывы, таму што яны разумеюць, што ад іх мала што залежыць ва ўласнай краіне. І многія мараць выехаць. Цалкам зьнішчыць гэтыя зьявы ня ўдасца. Канешне зьменшыць іх ужо рэальна. Калі людзі ўбачаць нейкую надзею, усё атрымаецца. На прыкладзе свайго мястэчка на Меншчыне я заўважыў, што людзі, якія адважыліся «закадзіравацца», адмовіцца ад алькаголю, вельмі імкліва пачалі павышаць свой дабрабыт, усё ў іх наладжваецца. То бок гэта магчыма, і не ва ўсіх праблемах вінаватая ўлада.

І апошняе: калі зьвярнуць увагу на мапы суіцыдаў, поўнач мае большы паказьнік — пачынаючы ад Польшчы, Беларусь, Прыбалтыка, скандынаўскія краіны. Таму што гэта людзі, больш замкнёныя ў сабе. А вось на поўдні, у краінах міжземнаморскага басэйну, іншы паказьнік. Там людзі выбуховыя, яны любяць расказваць пра ўсё! І тут наша бяда: мы мусім працаваць над сабой, прайсьці такую псыхатэрапію як уся нацыя, каб умець гаварыць пра свае праблемы, дзяліцца імі. А не назапашваць у сабе. Бо гэта ня толькі суіцыд, але і розныя хваробы, у тым ліку дэпрэсія.

Карбалевіч: Большасьць беларусаў псыхалягічна не гатовая да крызысу, беспрацоўя, да рынкавага асяродзьдзя. Таму ломка тут будзе значная: і ў выглядзе самагубстваў, і алькагалізму. Наконт самагубстваў. Сацыёлягі і псыхолягі ня могуць знайсьці тут наўпроставую заканамернасьць, залежнасьць ад узроўню жыцьця, ад беднасьці. У самых бедных краінах, дзе існуюць праблемы голаду, самагубствы вельмі рэдкія. Тут хутчэй, больш залежыць ад мэнталітэту народа, рэлігійнасьці і іншых чыньнікаў. Ня скажаш, што паўночныя краіны бедныя, але самагубствы там частыя.

У большасьці краін сьвету моцныя сьпіртныя напоі значна даражэйшыя, чым віно. А ў Беларусі вінаграднае віно каштуе адносна дорага, а гарэлка — адносна танна. І мяняць гэтую сытуацыю ўлады ня хочуць

Беларусь займае адно зь першых месцаў у сьвеце па ўзроўню спажываньня алькаголю на душу насельніцтва. Якія прычыны гэтага? Зразумела, тут вялікая роля традыцый. Але на сытуацыю моцна ўплывае дзяржаўная палітыка. Усім памятная тая гісторыя, калі мінулым годам перад прэзыдэнцкімі выбарамі пасьля нарады ў Лукашэнкі былі адмененыя абмежаваньні на продаж алькаголю. Цяпер яго можна купляць у Менску хоць круглыя суткі. У большасьці краін сьвету моцныя сьпіртныя напоі значна даражэйшыя, чым віно. А ў Беларусі вінаграднае віно каштуе адносна дорага, а гарэлка — адносна танна. І мяняць гэтую сытуацыю ўлады ня хочуць. Бо, па-першае, гэта дазваляе папаўняць бюджэт хутка і лёгка. І ня трэба думаць пра нейкае імпартазамяшчэньне, заклікаць купляць беларускае. У гэтым пытаньне насельніцтва аддае перавагу свайму. Гаворка ня толькі пра гарэлку, нават у віне шмат хто аддае перавага пладова-ягаднаму віну. Цяпер амаль у кожным раёне ёсьць свае заводы, якія выпрацоўваюць гэтыя напоі. І гэта важны артыкул папаўненьня мясцовых бюджэтаў.

Другі важны чыньнік дзяржаўнай палітыкі — палітычны. Сацыяльныя нізы, сацыяльныя аўтсайдэры, людзі зь невялікімі асабістымі рэсурсамі, нізкай адукацыяй і кваліфікацыяй — гэта ёсьць электарат Лукашэнкі яшчэ зь першых прэзыдэнцкіх выбараў. А гэтыя людзі, як правіла, людзі пітушчыя. Лукашэнка гэта добра разумее. Таму ня хоча весьці ніякую рэальную барацьбу з алькагалізмам. Яму не патрэбен канфлікт з сваім электаратам. Таму ўсё абмяжоўваецца стварэньнем неіснуючых нідзе ў сьвеце лячэбна-працоўных прафілякторыяў, ЛТП.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG