Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Імкнуся пісаць на беларускай мове», — паляшук піша «народныя» песьні шрыфтам «Брайля»


Інвалід зроку Андрэй Гурбановіч піша вершы і музыку незвычайным спосабам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:47 0:00

Інвалід зроку Андрэй Гурбановіч з Кажан-Гарадку Лунінецкага раёну напісаў больш за 700 песень для самадзейных калектываў. Некаторыя яго творы нават называюць народнымі.

71-гадовы Андрэй Гурбановіч піша свае вершы не як звычайны паэт. Праз асаблівасьці зроку тэксты ён выціскае на паперы шрыфтам Брайля — гэта сыстэма, якая дазваляе з дапамогай некалькіх выпуклых кропачак напісаць любую літару.

Спадар Гурбановіч шмат гадоў выкладаў сыстэму Брайля людзям са слабым зрокам. Тэксты з кропачкамі чытаюць, водзячы пальцамі па паперы.

Андрэй Гурбановіч выціскае шылам тэкст кропачкамі на паперы
Андрэй Гурбановіч выціскае шылам тэкст кропачкамі на паперы

«Шасьцю кропачкамі перадаецца любая літара, лічба і нават ноты. Гэта вельмі складана, але такі ўжо мяне лёс напаткаў, трэба было навучыцца», — кажа аўтар песень, які зь дзяцінства мае дрэнны зрок.

Цяга да музыкі ў спадара Гурбановіча зь дзяцінства — у дзевяць гадоў ён ужо граў на гармоніку, пазьней — на баяне. З маладых гадоў стварае песьні, кажа, што напісаў ужо каля 700 твораў, якія выконваюць самадзейныя калектывы Лунінецкага раёну, іншых рэгіёнаў Беларусі і нават за мяжой.

Андрэй Гурбановіч ня толькі дорыць свае песьні розным выканаўцам, але і выконвае іх у калектыве «Палеская крыніца», які сам і стварыў больш за 40 гадоў таму.

Калектыў «Палеская крыніца», які стварыў Андрэй Гурбановіч больш за 40 гадоў таму
Калектыў «Палеская крыніца», які стварыў Андрэй Гурбановіч больш за 40 гадоў таму

Шмат гадоў у савецкі час спадар Гурбановіч працаваў у дамах культуры розных вёсак, прадпрыемстваў, хоць давялося сутыкнуцца з чэрствасьцю чыноўнікаў, якія лічылі, што чалавек з дрэнным зрокам няварты працы:

«Змагаўся. Так мне цяжка было, нашыя партыйныя кіраўнікі не хацелі дапускаць з прычыны зроку. Некаторыя людзі разумелі, што я спраўляюся, але з сотні адзін мог падтрымаць. Тым ня менш я даказаў, што магу».

Цяпер жа Андрэй Гурбановіч мае прызнаньне — летась на 70-годзьдзе чыноўнікі арганізавалі яму юбілейную вечарыну ў Доме культуры Лунінца, дзе ўзнагароджвалі граматамі ды падарылі кнігу водгукаў на яго творчасьць.

Большасьць сваіх тэкстаў Андрэй Гурбановіч піша па-беларуску:

«Спачатку пісаў па-руску, а потым перайшоў на беларускую. Хоць у беларускай школе я не вучыўся, але ўвесь час слухаў радыё па-беларуску. Можа, граматычныя памылкі недзе і ёсьць; можа, дзесьці мясцовае слоўца трапіць, дзесьці польскае, дзесьці расейскае, але імкнуся пісаць на беларускай», — кажа Андрэй Данілавіч.

Песьні спадара Гурбановіча — пра каханьне, дачыненьні паміж людзьмі, але шмат твораў песьняра маюць патрыятычную скіраванасьць, як, напрыклад, «Не паеду зь Беларусі».

Не паеду зь Беларусі, не пакіну родны край.

Тут блакітныя азёры і духмяны водар траў.

Не паеду, не паеду, не паеду нікуды.

Беларусь не прамяняю, тут жыве душа мая!

Жыхары Кажан-Гарадку паважаюць свайго песьняра, яго творы гучаць тут на вясельлях ды іншых бяседах. Андрэй Гурбановіч кажа, што для яго ня важна захоўваць аўтарскія правы, ён цешыцца, калі яго песьні сьпяваюць іншыя: «Некаторыя песьні мае ўжо пайшлі як народныя. Аднойчы па радыё абвясьцілі, што „зараз прагучыць песьня на народныя словы“, і ўключылі маю песьню», — задаволена сьмяецца Андрэй Данілавіч.

«Для чаго пішу песьні? Каб пакінуць добры сьлед. Мне вельмі падабаецца, калі людзі слухаюць і даюць ацэнку тым, што застаюцца задаволеныя. І калі душа падказвае, што гэта патрэбна, то яно павінна выліцца і пайсьці да людзей. І хвароба гэтаму не перашкаджае. Як бы ні было (часам бывае, што не разагнуцца), а натхненьне прыходзіць, і хочаш ня хочаш — ідзеш да стала запісаць радок», — кажа Андрэй Гурбановіч пра сэнс сваёй працы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG