Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея пагражае Беларусі судом за «неймавернае» павышэньне тарыфаў на транзыт нафты


Аднабаковае павышэньне Беларусьсю тарыфу на транзыт расейскай нафты зьяўляецца «неймаверным», вырашэньне сытуацыі магчымае праз суд

Пра гэта паведаміў начальнік упраўленьня кантролю паліўна-энэргетычнага комплексу Фэдэральнай антыманапольнай службы Расеі Дзьмітрый Махонін.

«Магу адразу сказаць, што павышэньне, пра якое мы ведаем (у 1,5 раза), — яно, вядома, неймавернае, паколькі мы павінны разумець, што транзытны паток фактычна не зьмяніўся», — сказаў Махонін.

Расейскі бок таксама паведамляе, што ня мае афіцыйных матэрыялаў зь Беларусі пра тое, што цана зьмененая.

«З факту мы разумеем, што гэта так і ёсьць. А гэта азначае, што фактычна мы маем парушэньне ўсіх палажэньняў нашых дамоўленасьцяў міжурадавага пагадненьня і мэтодыкі, і гэта значыць, што мы ставім пад вялікае пытаньне легітымнасьць дадзенай працэдуры», — цытуе Махоніна «РИА Новости».

Раней дарадца прэзыдэнта карпарацыі «Транснефть» Ігар Дзёмін назваў парушэньнем пазаплянавае павышэньне Беларусьсю тарыфаў на транспартаваньне расейскай нафты.

Ён адзначыў, што пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі ад 28 верасьня сёлета тарыфы на транзыт расейскай нафты па тэрыторыі Беларусі былі павышаныя ў сярэднім на 50%. Гэтая пастанова набывае моц з 11 кастрычніка 2016 году.

XS
SM
MD
LG