Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Расеі: ЗША гатовыя заключыць угоду з д’яблам


Ілюстрацыйнае фота. Алепа пасьля чарговага авіяўдару, 23 верасьня 2016 году

Ілюстрацыйнае фота. Алепа пасьля чарговага авіяўдару, 23 верасьня 2016 году

У Міністэрстве замежных спраў Расеі выказалі шкадаваньне ў сувязі з рашэньнем ЗША прыпыніць супрацоўніцтва з Масквой у справе канфлікту ў Сырыі.

У Маскве ўгледзелі ў гэтым кроку гатоўнасьць Вашынгтону пайсьці на альянс з тэрарыстамі дзеля зьмены ўлады ў Дамаску. ЗША гатовыя «заключыць угоду з д’яблам», гаворыцца ў камэнтары расейскага зьнешнепалітычнага ведамства.

3 кастрычніка ўлады ЗША абвясьцілі, што спыняюць з Расеяй двухбаковыя кантакты ў справе канфлікту ў Сырыі. У Дзярждэпартамэнце ЗША заявілі, што Расея ня выканала ўмоваў пагадненьня, падпісанага ў верасьні, аб садзейнічаньні замірэньню ў Сырыі і забесьпячэньні ўстойлівых паставак гуманітарнай дапамогі ў абложаныя гарады.

Расея і ЗША ў сярэдзіне верасьня ўзгаднілі ўмовы замірэньня паміж бакамі канфлікту ў Сырыі. Але праз тыдзень перамір’е было сарвана — пасьля авіяўдару кааліцыі пад кіраўніцтвам ЗША па сырыйскіх урадавых войсках. Затым адбыліся авіяўдары па калёне з гуманітарнай дапамогай, адказнасьць за якія краіны Захаду ўсклалі на Расею.

У наступныя дні сырыйская ды расейская авіяцыі пачалі наносіць удары па горадзе Алепа, частка якога ўтрымліваецца супернікамі прэзыдэнта Башара Асада. Ахвярамі налётаў становяцца мірныя жыхары. У Маскве сьцьвярджаюць, што ўдары наносяцца па пазыцыях экстрэмістаў.

XS
SM
MD
LG