Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Грузіі: З Расеяй трэба размаўляць канкрэтна


Прэзыдэнт Грузіі Гіоргі Маргвэлашвілі даў інтэрвію Радыё Свабода, у якім пракамэнтаваў вынікі сустрэчы з Папам Рымскім Францішкам, грузінска-расейскія дачыненьні, пэрспэктывы далучэньня Грузіі да НАТО, а таксама пазыцыі Захаду стасоўна палітыкі Крамля.

— ...У часе брыфінгу з Папам Рымскім вы згадалі важнасьць удзелу Захаду ва ўрэгуляваньні каўкаскіх канфліктаў. Але мы бачым на прыкладзе Ўкраіны (Крыму і Данбасу), што Захад дзейнічае вельмі асьцярожна, каб не даводзіць канфлікт з Масквою да новай халоднай вайны. Прычым, калі ў сувязі з падзеямі на Данбасе і ў Крыме супраць Расеі былі ўведзеныя санкцыі, дык пасьля «пяцідзённай вайны» 2008 году супраць Масквы ніякіх санкцыяў ня ўводзілася. Чаму так адбылося, на ваш погляд?


Думаю, у 2008 годзе яшчэ не было ўсьведамленьня сутнасьці той палітыкі, якую Расея праводзіць на міжнароднай арэне. Тады былі спробы неяк «тлумачыць» абсурдныя дзеяньні Масквы з уводам войскаў у Грузію.

Мы ўсе заплацілі за тое, што не было і няма вельмі прынцыповага і цьвёрдага адказу на расейскую палітыку. Бо рэч у тым, што Расея ясна і выразна дэкляравала: тое, што на расейскім слэнгу называецца «блізкім замежжам», зьяўляецца «зонай прывілеяваных інтарэсаў РФ». Мяркуючы па ўсім, маецца на ўвазе, што на гэтыя дзяржавы, на гэтыя «тэрыторыі» як бы міжнароднае права зусім не распаўсюджваецца. А калі і распаўсюджваецца, то толькі ў нейкім дзіўным, скажоным фармаце, у якім фармальна дзейнічаюць міжнародныя правілы, але апошняе слова застаецца за Расеяй і за расейскай зброяй.

Такі падыход багаты праблемамі ня толькі ва ўзаемадачыненьнях Расеі зь яе суседзямі. Калі «разьвіць» падобную «лёгіку» ў глябальным маштабе, дык атрымаем дэстабілізацыю ня толькі на мяжы з Расеяй, але ў кожным рэгіёне сьвету, дзе існуюць моцныя дзяржавы зь ядзерным патэнцыялам і тэарэтычнай магчымасьцю ставіцца да слабых суседзяў гэтак жа, як да сваіх суседзяў ставіцца Расея.

Захад, на жаль, не асэнсаваў усю абсурднасьць і трагічнасьць таго, што адбылося ў 2008 годзе. У выніку ўжо ў 2014 годзе мы атрымалі «ўкраінскі фронт». А Расея, маючы «досьвед 2008 году», была нашмат больш арганізаванай, больш імклівай, паколькі расейскае кіраўніцтва лічыла прымальным агрэсіўны стыль дзеяньняў. Я лічу, прынцыповасьць Захаду сёньня павінна грунтавацца менавіта на гэтым сумным досьведзе. Калі я кантактую з калегамі на Захадзе, заўсёды ім кажу: «Галоўнае — быць з расейцамі вельмі сумленнымі і сумленна сказаць ім: для нас гэта непрымальна!» А таксама пацьвердзіць, што Захад разглядае Грузію, Украіну ды іншых суседзяў Расеі ў якасьці суб’ектаў міжнароднага права, якія валодаюць сувэрэнітэтам. Гэта і ёсьць «сярмяжная праўда» міжнародных дачыненьняў. Гэта значыць, што з Расеяй трэба размаўляць вельмі канкрэтна. Думаю, менавіта з дапамогай такога стаўленьня наступіць мірная будучыня і для самой Расеі, і для Грузіі, і для іншых дзяржаваў.

Цалкам інтэрвію можна прачытаць тут.

XS
SM
MD
LG