Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗША падазраюць, што дыпляматаў у Расеі атруцілі наркотыкам


Двое амэрыканскіх дзяржслужачых з дыпляматычнымі пашпартамі, якія прыбылі ў мінулым годзе ў Расею на канфэрэнцыю, былі атручаныя, прычым аднаму з іх спатрэбілася шпіталізацыя. На думку афіцыйных асоб, гэты інцыдэнт быў часткай шырокай кампаніі расейскіх уладаў супраць амэрыканскіх дыпляматаў.

Падрабязнасьці былі апублікаваныя сёньня. Інцыдэнт, які адбыўся ў гатэлі падчас канфэрэнцыі ААН па барацьбе з карупцыяй, выклікаў заклапочанасьць у Дзяржаўным дэпартамэнце. Амэрыканскі бок выказаў Маскве пратэст па дыпляматычных каналах, паведамляе крыніца ва ўрадавых колах ЗША, непасрэдна знаёмая з сытуацыяй.

Супрацоўнік ўраду ЗША заявіў Радыё Свабода, што, паводле заключэньня амэрыканскіх сьледчых, мужчыне і жанчыне падсыпалі транквілізатар, хутчэй за ўсё, у бары гатэля, дзе яны спыніліся.

Аднаго з пацярпелых даставілі ў заходнюю мэдыцынскую клініку ў Санкт-Пецярбургу, каб узяць ўзоры крыві і тканак для вызначэньня прычыны раптоўнага нядужаньня. Аднак, калі пацярпелы знаходзіўся ў клініцы, там нечакана адключылася электрычнасьць і мэдперсанал ня змог узяць ўзоры тканін, заявіла крыніца ва ўрадзе.

Калі сьледчыя зьвярнуліся па расклад працы служачых гатэля, у якім спыняліся амэрыканскія дзяржслужачыя, мэнэджэры заявілі, што дадзеныя за названы пэрыяд адсутнічаюць, што толькі ўзмацніла падазрэньні.

Па словах супрацоўніка ўраду ЗША, расейскія ўлады заявілі сьледчым, што без дадатковых сьведчаньняў яны нічым ня могуць дапамагчы.

Паколькі атручаныя ўдзельнікі канфэрэнцыі не зьяўляюцца высокапастаўленымі службоўцамі Дзярждэпартамэнта або Міністэрства юстыцыі, было вырашана рэагаваць на гэты інцыдэнт бязь лішняга шуму. Амэрыканскі бок падаў пратэст, аднак расейскія ўлады папрасілі даць доказы атручваньня, а ў амэрыканскага боку не было адпаведных вынікаў аналізаў.

«Не называючы канкрэтных інцыдэнтаў, мы занепакоеныя тым, як у апошнія два гады абыходзяцца з нашымі супрацоўнікамі, — заявіў у размове з Радыё Свабода супрацоўнік Дзярждэпартамэнту ЗША на ўмовах ананімнасьці. — Мы абмяркоўвалі і будзем абмяркоўваць на самым высокім узроўні любыя выпадкі парушэньня правоў, гарантаваных міжнародным правам».

Сёлета ў чэрвені адбыўся гучны інцыдэнт: амэрыканскі грамадзянін быў павалены на зямлю расейскім ахоўнікам пры ўваходзе ў будынак амбасады ЗША ў Маскве. Дзярждэпартамэнт заявіў, што гаворка ідзе пра акрэдытаванага дыплямата, які паказаў ахоўніку пасьведчаньне ў адпаведнасьці з усталяванай працэдурай.

Кадр зь відэа інцыдэнту каля амбасады, якое паказалі на расейскім тэлеканале НТВ.

Кадр зь відэа інцыдэнту каля амбасады, якое паказалі на расейскім тэлеканале НТВ.

Аднак прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Расеі заявілі, што супрацоўнік ФСБ, які вартаваў амбасаду, усяго толькі выконваў свой доўг, паколькі спрабаваў перашкодзіць пракрасьціся ў амбасаду падазронаму чалавеку, які, паводле іх словаў, хаваў твар.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG