Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія вынікі візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай? Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст і Віталь Цыганкоў

Карбалевіч: Нядаўні візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай быў дзявятым ягоным візытам у гэтую краіну ў статусе прэзыдэнта.

Адным з вынікаў візыту стала падвышэньне фармальнага статусу двухбаковага партнэрства. У 2013 годзе было зафіксаванае «ўсебаковае стратэгічнае партнэрства» паміж Беларусьсю і Кітаем. І вось цяпер бакі абвясьцілі ў супольнай дэклярацыі «аб усталяваньні адносінаў давернага ўсебаковага стратэгічнага партнэрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва», намеры «разьвіваць сяброўства ў любое надвор’е». Як заявіў А. Лукашэнка, выступаючы перад студэнтамі Пэкінскага ўнівэрсытэту, Кітай толькі з чатырма дзяржавамі мае такі высокі ўзровень супрацоўніцтва. Цяжка сказаць, што гэта азначае ў практычным сэнсе. Хутчэй за ўсё, нічога.

А. Лукашэнка узнагародзіў старшыню КНР Сі Цзіньпіна невядомым да гэтага часу беларускім ордэнам «За ўмацаваньне міру і сяброўства». Ва ўсякім выпадку, у пераліку ўзнагародаў, пералічаных на прэзыдэнцкім сайце, нават пасьля візыту гэтага ордэна няма. Ствараецца ўражаньне, што гэты ордэн быў прыдуманы і заснаваны на хаду спэцыяльна для ўзнагароджаньня кітайскага лідэра.

Калі казаць пра эканамічныя вынікі. Пасол Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды заявіў: «Агульная сума кантрактаў — патэнцыйных, магчымых і рэальных, якія нам цяпер трэба будзе рэалізаваць і забясьпечыць, — гэта каля ^$11 млрд». Пасол невыпадкова ў адну кучу аб’яднаў «патэнцыйныя, магчымыя і рэальныя» кантракты. Бо ў беларуска-кітайскіх адносінах паміж магчымасьцю і рэальнасьцю існуе вялікая розьніца.

Гаварылася пра стварэньне супольных беларуска-кітайскіх прадпрыемстваў. Дасягнутая дамоўленасьць ад пастаўках у Кітай беларускай малочнай прадукцыі і ялавічыны. Дзяржаўны банк Кітаю выдзеліць «Беларусьбанку» 100 млн даляраў. Таксама падпісаная дамова аб стварэньні супольнага беларуска-кітайскага інвэстыцыйнага фонду. Доля «Беларусьбанку» ў гэтым фондзе — 40%. На гэта, мусіць, і пойдзе кітайскі крэдыт гэтаму банку.

Беларускаму боку прадастаўленая тэхніка-эканамічная дапамога ад кітайскіх партнэраў памерам больш за ^$ 230 млн. Але высьвятляецца, што гэтыя сродкі плянуецца накіраваць на будаўніцтва сацыяльнага жытла і разьвіцьцё тэрыторыяў, разьмешчаных побач і ў межах Кітайска-беларускага індустрыйнага парку. То бок туды, дзе будуць жыць кітайскія рабочыя.

Яшчэ адзін сюжэт, хутчэй, кур’ёзны. Выступаючы ў Пэкінскім унівэрсытэце, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго асабістае знаёмства зь Сі Цзіньпінам адбылося яшчэ тады, калі той на пасадзе намесьніка старшыні КНР наведаў зь візытам Беларусь. «Мы пяць гадзінаў у мяне ў кабінэце стаялі перад глёбусам і абмяркоўвалі сусьветныя праблемы», — заявіў беларускі лідэр. Што стала яшчэ адной ілюстрацыяй да знаёмай тэмы «Я і вялікія».

Вы толькі ўявіце сабе карціну: будучы лідэр сусьветнай дзяржавы спэцыяльна прыехаў у Менск для таго, каб амаль цэлы працоўны дзень прастаяць каля глёбуса і паслухаць, што думае пра сусьветныя праблемы прэзыдэнт параўнальна невялікай і беднай дзяржавы. У тэксьце выступу А. Лукашэнкі, апублікаваным «Беларусь сегодня» 01.10, гэты сюжэт сарамліва прыбралі. А вы кажаце, што ў нас няма цэнзуры.

Цыганкоў: Вынікі візыту ў бальшыні толькі падмацавалі тыя тэзісы, якія мы абмяркоўвалі яшчэ на пачатку гэтага візыту.

Кітай — гэта ці не адзіная краіна ў замежнай палітыцы Беларусі, дзе эканоміка для афіцыйнага Менску ня самае важнае, а самае важнае — геапалітыка. То бок, эканоміка і магла б быць важнай, але так атрымліваецца, што гэта тая краіна, дзе эканамічных выгадаў ад супрацоўніцтва зь ёй для афіцыйнага Менску вельмі мала, і ён гатовы гэтым ахвяраваць дзеля спадзяваньня на тое самае геапалітычнае стратэгічнае партнэрства, якое можа ўмацоўвацца і ў вайсковай сфэры, і ў палітычнай.

Бо Кітай набывае ўсё большае эканамічнае значэньне ў таваразвароце Беларусі, лічбы ўзаемнага гандлю растуць, але пераважна за кошт росту кітайскага імпарту ў Беларусь. Беларускі экспарт у Кітай вельмі малы, ён складае ў таваразвароце толькі 20%, то бок 80% — гэта кітайскі імпарт у Беларусь. І беларускі экспарт у КНР — гэта пераважна калійныя ўгнаеньні. Так што калі беларускае тэлебачаньне з радасьцю паведамляе пра тое, што зараз будзе прадаваць Беларусь у Кітай малако, то можна паіранізаваць. Відавочна, што гэтыя пастаўкі ня будуць надта маштабнымі. Кітаю ёсьць адкуль купляць малочныя прадукты, і ў традыцыях кітайскага харчаваньня малочныя прадукты займаюць вельмі малое месца, і спажываньне іх у Кітаі нізкае ў параўнаньні зь іншымі рэгіёнамі сьвету.

Сярод вялікага сьпісу падпісаных дакумэнтаў акрамя адной-дзьвюх дамоваў астатнія — мэмарандумы аб намерах, пляны, патэнцыйныя інвэстыцыі. І гэта таксама шмат пра што кажа. Кітай дае так званыя зьвязаныя інвэстыцыі, на гэтыя самыя грошы закупляюць кітайскае абсталяваньне, часам на іх прывозяць і кітайскіх рабочых, і атрымліваецца такое ўнутранае кола, дзе Беларусь проста выконвае функцыю тэрыторыі, на якой працуюць кітайскія інвэстыцыі і рабочыя і чым Беларусь вельмі ганарыцца.

Яшчэ адна дэталь: увесь час афіцыйны Менск хоча прывабіць Кітай тым, што ён можа стаць мастком паміж ім і Эўропай, і прасоўваць кітайскія інтарэсы ў Эўропе. Гэта таксама, будзем гаварыць сьмела, гучыць дастаткова сьмешна. Кітай і без усялякай Беларусі нармальна прасоўвае свае інтарэсы ў Эўропе, выходзіць на прамыя і шчыльныя кантакты з найбуйнейшымі краінамі Эўропы, а Беларусь, якая яшчэ ня так даўно была пад эўрапейскімі санкцыямі, намагаецца выконваць ролю нейкага пасярэдніка. Гэтыя словы Аляксандра Лукашэнкі гучаць для перакананьня сябе самога і беларускага электарату.

Дракахруст: Я б зьвярнуў увагу на адну заяву, якая прагучала падчас лекцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Пэкінскім унівэрсытэце і якая мела хіба ня самы вялікі розгалас з усяго гэтага візыту. Я маю на ўвазе словы, што распад Савецкага Саюза быў велізарнай трагедыяй, катастрофай. Мы памятаем, што ў свой час нешта падобнае — пра геапалітычную катастрофу — казаў і Уладзімер Пуцін.

Варта сказаць, што большая частка назіральнікаў і успрыняла гэтую пэкінскую заяву Лукашэнкі як такую настальгію па СССР. Ну вось, маўляў, ня могуць жыць без СССР. З аднаго боку, сапраўды Лукашэнка ня раз і ня два выказваўся на гэтую тэму, і мы памятаем яго заяву, што ён быў адзіным дэпутатам, які галасаваў супраць Белавескіх пагадненьняў (што, дарэчы, няпраўда).

Але ёсьць адна маленькая дэталь: а калі ён апошні раз, да Пэкіну, пра гэта казаў? А вось даўно. І гэтая заява не такая простая, як падаецца. Гэта ня проста настальгія па «саўку». Так, абгортка менавіта такая. Але якія далей у сваёй лекцыі Лукашэнка рабіў высновы? Чаму шкада Савецкі Саюз — таму, што ён быў супрацьвагой, цэнтрам уплыву. І цяпер, працягваў Лукашэнка, такім цэнтрам уплыву зьяўляецца Кітай. І калі будзе моцны Кітай і пакуль ён будзе моцным, будзе незалежная Беларусь.

Калі зразумець сутнасьць гэтага, гэта прамы выклік Маскве. Іншая справа, што ён абгорнуты ў такія формы, у такія словы, якія сама Масква ўжывае, якія Пуцін гаворыць. Але я б не сказаў, што такая заява надта прарасейская.

Я лічу, што гэта цалкам пацьвярджае вашу думку, Віталь, пра тое, што тут ня столькі наўпрост эканоміка, а геапалітыка. Часткова гульня з Кітаем нагадвае гульню з Захадам, мэта якой — паказаць Маскве, што ў нас ёсьць альтэрнатыва, і калі вы хочаце, каб мы гэтымі альтэрнатывамі не скарысталіся, вы, калі ласка, давайце нам грошы. А то можам і скарыстацца.

Цыганкоў: Вядомыя аналітыкі Юры Царык і Арсені Сівіцкі, якіх многія лічаць праўладнымі, у любой дыскусіі падкрэсьліваюць важнасьць адносінаў Беларусі з Кітаем, менавіта геапалітычнай вагі гэтых адносінаў, і кажуць, што гэта вельмі раздражняе Маскву і што яна гэта актыўна заўважае і супраць гэтага выступае.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG