Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь наносіць тарыфны контрудар у нафтагазавай «вайне»


Што азначае істотнае падвышэньне тарыфу на перапампоўку нафты Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст і Віталь Цыганкоў

Дракахруст: З 11 кастрычніка Беларусь падвышае на 50% тарыфы на транспарціроўку нафты магістральнымі трубаправодамі «Гомельтранснафты» і «Полацактранснафты». У мінулы раз тарыфы падвышаліся 1 лютага. Новая тарыфы расейскі бок мае ўзгадніць да 1 лютага 2017 году. Відавочна, што такі крок Менску зроблены ў рамках вострага нафтагазавага канфлікту паміж Беларусьсю і Расеяй. Масква не ідзе насустрач Менску ў пытаньне цаны на газ, у адказ на нежаданьне Беларусі плаціць цану, якую «Газпром» лічыць дамоўнай, з чэрвеня Расея скараціла пастаўкі нафты ў Беларусі.

Падвышэньне тарыфаў — спроба кампэнсаваць страты ад скарачэньня нафтавых паставак. Такое ўжо здаралася ў двухбаковых адносінах.

На пачатку 2007 году, калі Расея ўвяла экспартнае мыта на нафту для Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыгразіў у выпадку захаваньня гэтага мыта ўвесьці плату за «ўсе паслугі, якія Расея атрымала ў Беларусі бясплатна, пачынаючы ад вайсковых аб’ектаў і заканчваючы транзытам». Тады ж урад Беларусі ўвёў з 1 студзеня 2007 году плату за транзыт нафты па тэрыторыі краіны ў памеры ^$ 45 за тону. Паколькі расейскія кампаніі адмаўляліся плаціць новае мыта, Беларусь пачала тады адбор расейскай нафты з нафтаправоду «Дружба» ў лік выплаты мыта.

Як будзе разьвівацца сытуацыя зараз, невядома, тады падвышанае беларускае мыта за транзыт пратрымалася 10 дзён. Але цяперашні контркрок Беларусі ў любым выпадку сьведчыць аб абвастрэньні канфлікту.

Пра гэта сьведчыць ня толькі гэты крок.

У мінулую суботу галоўны перамоўнік з расейскага боку, расейскі віцэ-прэм’ер Аркадзь Дварковіч паведаміў, што перамовы па цане на газ зь Беларусьсю пройдуць у пачатку гэтага тыдня: «Ідзе пошук прымальных рашэньняў. Аб зьніжцы няма гаворкі».

Узьнікае пытаньне — дык а пра што ж тады ідзе гаворка? Беларусь, справядліва ці не, але дамагаецца менавіта зьніжкі на газ. «Газпром» налічыў краіне ўжо амаль 300 мільёнаў даляраў недаплачанага доўгу. «Няма гаворкі» — гэта ня значыць, што ніколі ня будзе, але заява Дварковіча — сьведчаньне таго, што прынамсі цяпер Масква ня схільная да кампрамісу.

Гэтымі днямі прагучалі яшчэ дзьве цікавыя заявы, якія пацьвярджаюць, што канфлікт даўно выйшаў на палітычны ўзровень.

Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павал выказаў хваляваньне за эканамічныя канфлікты між Беларусьсю і Расеяй, «хтосьці пясочак пачынае падкідаць у гэты мэханізм. Ён пачынае рыпець, іскрыць. Вельмі сумна, — сказаў мітрапаліт. — Беларусь і Расея — гэта ж саюзная дзяржава, як у сям’і трэба недзе і нешта дараваць адзін аднаму».

Звычайна царква ад такіх заяваў устрымліваецца. Тое, што мітрапаліт такаю заяву зрабіў, адлюстроўвае перасьцярогу царквы, што эканамічны канфлікт можа падарваць падмурак і палітычнага саюзу.

Што тычыцца «пясочку», які, паводле мітрапаліта Паўла, нехта падсыпае ў мэханізм інтэграцыі, то тут магчымыя розныя меркаваньні. Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей папрасіў ня зьвязваць «нафта-газавыя войны» са спробай нармалізацыі дачыненьняў Беларусі з Эўразьвязам.

Можна, зразумела, пайсьці насустрач міністру і ня зьвязваць, але сувязь падаецца відавочнай. Іншым чынам, па шчырасьці, няпроста патлумачыць упартасьць бакоў і комплексны характар канфлікту — ён закранае і газ, і нафту, і харчаваньне.

Карбалевіч: Беларускі бок робіць свой крок па эскаляцыі канфлікту, свой удар. Сапраўды, апошнім часам пазыцыі бакоў робяцца больш бескампраміснымі. Апошняя заява віцэ-прэм’ера РФ Дварковіча, якую вы, Юры, узгадалі, сьведчыць пра тое, што Расея «адкруціла назад», яе пазыцыя стала больш жорсткай.

Ранейшыя заявы расейскіх афіцыйных асобаў былі больш ляяльнымі, памяркоўнымі, яны дэманстравалі гатовасьць да кампрамісу. Памятаем, як інфармаваная расейская газэта «Коммерсант» у жніўні паведаміла, што Масква гатовая да зьніжак па газе для Беларусі. А цяпер заява Дварковіча вельмі катэгарычная. Нешта здарылася ў двухбаковых дачыненьнях, што паўплывала на такі жорсткі тон Масквы.

Вось і расейская кампанія «Транснефть» паведаміла, што для падвышэньня тарыфаў існуюць пэўныя працэдуры, якія зафіксаваныя ў беларуска-расейскіх міжурадавых пагадненьнях і якія Беларусь, на думку кампаніі, цяперашнім аднабаковым падвышэньнем тарыфаў парушыла.

То бок, пачалася барацьба бяз правілаў. Беларусь парушыла газавы кантракт, заявіўшы, што будзе плаціць за газ удвая менш. Расея, скараціўшы пастаўкі нафты ў Беларусь, таксама парушыла міжурадавыя пагадненьні. Цяпер Менск, падвышаючы тарыфы на транзыт нафты, таксама парушае працэдуры. Што ж, на вайне, як на вайне.

Юры ўзгадаў іншыя факты, якія сьведчаць пра эскаляцыю канфлікту. Па беларускіх тэлеканалах паказваюць сюжэты пра тое, як у кантрабандзе падсанкцыйных тавараў празь беларуска-расейскую мяжу ўдзельнічаюць расейскія грамадзяне і структуры.

Канфлікт набывае зацяты характар. Ніхто ня хоча саступаць. І чым далей, тым цяжэй будзе дасягнуць кампрамісу, бо ўжо ўзьнікае праблема захаваньня твару кіраўнікоў краінаў.

Што далей? Якія наступныя ўдары гатовыя нанесьці супернікі? Цалкам магчыма, што можа паўтарыцца сцэнар 2007 году, які апісаў Юры.

Цыганкоў: Даўно паміж Беларусьсю і Расеяй не было паўнацэннай нафтавай вайны. Такое ўражаньне, што палітыкі абодвух бакоў нават трошкі засумавалі па гэтым.

Расейскі бок паводзіў сябе дастаткова нахабна, фактычна не зьвяртаючы ўвагі на аргумэнты беларускага боку. Беларусы кажуць: цана ў сьвеце паўсюль зьмянілася — у 2 разы і нават больш зьменшылася — на газ, на нафту, і мы просім зьмяніць яе і для нас. Бо немагчыма плаціць за прадукт удвая больш, чым ён каштуе. Ну а Расея проста ігнаруе гэтыя патрабаваньні, маўляў, падпісалі ў свой час дамову, і плаціце менавіта па гэтай цане.

Магчыма, такія сытуацыі можна ўявіць і ў нашым рэальным жыцьці, але бакі ў выпадку зьмяншэньня цаны ўсё ж прыходзяць да цаны больш рэалістычнай, якая ёсьць на сусьветным ці на нейкім канкрэтным рынку. Тая ўпартасьць Масквы, калі яна катэгарычна адмаўляецца зьніжаць цану для Беларусі, выглядае не эканамічна абгрунтаванай, а палітычна. Гэта паказальны крок.

Я б не зусім пагадзіўся з тым, што сказаў Валер, што беларускі бок робіць свой крок па эскаляцыі канфлікту. Проста Менск адказвае на такую зацятасьць Масквы, вымушаны адказваць, паколькі вось ужо некалькі раўндаў якраз Масква наносіць удары, а Менск на дзіва, што незвычайна для Аляксандра Лукашэнкі, цярпліва гэта пераносіць.

11 верасьня падчас наведваньня выбарчага ўчастку ён заявіў, што фактычна ўжо ўсё дамоўлена, і магчыма сапраўды нейкія прыкметы гэтага былі. Ён даваў першаму віцэ-прэм’еру Сямашку загад праз два дні вырашыць гэтае пытаньне. Напэўна, ён ня мог так адкрыта блефаваць, а былі прыкметы таго, што пытаньне можа быць вырашанае. І вось цяпер усё развальваецца.

Мая вэрсія выглядае так: Менск не зьяўляецца ініцыятарам гэтага канфлікту, паколькі на гэты момант у Масквы больш эканамічных рычагоў, ну а ў Менску ёсьць традыцыйныя рычагі — палітычны, геапалітычны, ідэалягічны. Іншая справа, наколькі яны моцныя. Масква ўсё менш зьвяртае ўвагу на такія чыньнікі і робіць прыярытэтам грошы. Так што прагноз дастаткова несуцяшальны, сьпіраль канфлікту пакуль яшчэ будзе раскручвацца, і яшчэ не дасягнула свайго піку.

Карбалевіч: Цана на газ для Беларусі сёньня крыху меншая, чым для іншых эўрапейскіх спажыўцоў.

Цыганкоў: Гэта так, але была ў 2-3 разы меншая і гэта была традыцыя беларуска-расейскіх адносінаў. Беларусь увогуле патрабуе, што калі ёсьць так званая саюзная дзяржава, мытны саюз, Эўразійскі саюз, то цана павінна быць аднолькавая як для Беларусі, так і для Расеі, з улікам даплаты за пастаўку праз расейскую тэрыторыю.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG